Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мільярд даляраў змарнавалі? Дзяржкантроль прызнаў правал мадэрнізацыі цэмэнтных заводаў


Крычаў, цэмэнтны завод, архіўнае фота

Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў на паседжаньні 11 верасьня прызнаў, што дзяржаўныя грошы, укладзеныя ў мадэрнізацыю цэмэнтных заводаў, «не прынесьлі належнай аддачы».

«На мадэрнізацыю цэмэнтных заводаў дзяржавай затрачаныя калясальныя сродкі — больш за 1 млрд даляраў, на сотні мільёнаў даляраў была дзяржаўная падтрымка, — перадае БелТА словы Леаніда Анфімава. — Чаканай аддачы ад гэтых сродкаў пакуль няма».

Адной з прычынаў Дзяржкантроль бачыць «неабгрунтаванае пасярэдніцтва». Намесьнік старшыні камітэту Дзьмітры Баско расказаў, што за два з паловай гады каля 8 млн рублёў склалі дадатковыя выдаткі на закупкі жалезнай руды, гіпсавага каменьня ды іншых матэрыялаў праз «шматлікіх пасярэднікаў».

«Неабгрунтаванае пасярэдніцтва», відавочна, не адзіная праблема цэмэнтных заводаў. Іхныя чыстыя страты за мінулы год былі ў амаль 50 разоў большымі за страты ад пасярэдніцтва. Як падлічваў Reform.by, на тры заводы за 2018 год прыпала 43,5 млн рублёў прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі, а сумарныя чыстыя страты склалі 378,45 млн. Гэта на 72,8% больш, чым страцілі ў 2017-м.

Па выніках 2018 году не былі дасягнутыя 8 з 10 асноўных паказьнікаў праграмы эфэктыўнага выкарыстаньня «цэмэнтных» магутнасьцяў, адзначыў Баско, і як вынік «недаатрыманы эканамічны эфэкт на агульную суму 73,5 млн».

Аб правале мадэрнізацыі цэмэнтнай галіны казалі яшчэ два гады таму незалежныя эканамісты. Доктар эканамічных навук прафэсар Барыс Жаліба тлумачыў Свабодзе, што праз састарэлыя кітайскія тэхналёгіі «кошт вытворчасьці гэтага цэмэнту занадта вялікі, а цэны на яго занадта высокія». Ён нагадваў, што да таго правальваліся мадэрнізацыі і дрэваапрацоўкі, і папяровай прамысловасьці.

Летась выявілася падазроная схема перапродажу праз Украіну: цэмэнт зь Беларусі можа вяртацца на беларускі рынак, але ўжо пад маркай украінскага. У траўні 2019-га Ўкраіна ўвяла забароннае мыта на імпарт цэмэнту з Расеі, Беларусі і Малдовы, цяпер ва Ўкраіне дамагаюцца скасаваньня антыдэмпінгавых санкцый на беларускі цэмэнт.

Савет міністраў Беларусі тым часам вырашыў плаціць адсоткі па крэдытах цэмэнтных заводаў зь дзяржаўнага бюджэту, а Аляксандар Лукашэнка адклаў выплаты даўгоў заводаў перад бюджэтам аж да 2049 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG