Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даўгі на паўмільярда даляраў — вынік беларускай «экспансіі» ў Вэнэсуэлу


Аляксандар Лукашэнка і Уга Чавэс, 8 сьнежня 2007 году
Аляксандар Лукашэнка і Уга Чавэс, 8 сьнежня 2007 году

Якая будучыня чакае беларуска-вэнэсуэльскія праекты, якія пайшлі на спад яшчэ пасьля сьмерці Уга Чавэса? Няпэўная палітычная будучыня Вэнэсуэлы рызыкуе паставіць крыж на беларускай прысутнасьці ў гэтым кутку Лацінскай Амэрыкі.

Ад 2015 году вэнэсуэльскі парлямэнт кантралюецца апазыцыяй. Дэпутаты ня раз заяўлялі, што прэзыдэнт Нікаляс Мадура мусіць пакінуць пасаду, бо не выконвае сваіх абавязкаў.

Нягледзячы на ўнікальныя прыродныя рэсурсы і багатыя нетры, Вэнэсуэла шмат гадоў жыве ў стане эканамічнага крызісу, калі звыклая рэч — недахоп прадуктаў харчаваньня і тавараў першай неабходнасьці, ліміты на электрычнасьць і ваду, чорны рынак і крымінал.

Два гады таму нават распачалі былі працэдуру імпічмэнту, аднак Вярхоўны суд спыніў ініцыятыву, бо такое не прадугледжана Канстытуцыяй.

Напярэдадні сьпікер парлямэнту Вэнэсуэлы Хуан Гуайдо заявіў пра адстаўку Нікаляса Мадура і абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам. Усталявалася дваяўладзьдзе. Некаторыя дзяржаўныя інстытуцыі працягваюць падпарадкоўвацца Мадура, шэраг кіраўнікоў краін Лацінскай Амэрыкі, ЗША і Канады падтрымалі Гуайдо. Афіцыйны Менск заявіў, што ня будзе ўмешвацца ва ўнутраныя справы Вэнэсуэлы.

Жыльлё за «дзякуй»

Сяброўскія дачыненьні паміж Менскам і Каракасам распачаліся ў сярэдзіне 2000-х і трымаліся на асабістых кантактах кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і лідэра Баліварыянскай рэспублікі Уга Чавэса. Яны далі старт амбітнай кампаніі — перасяліць вэнэсуэльцаў з фавэлаў у сучасныя кватэры. Дзеля гэтага падключылі будаўнікоў і праектантаў з арганізацый «Белзамежбуд», НДІ горадабудаўніцтва, «Менскпраекту».

Апроч пабудовы сацыяльнага жыльля, беларусы браліся газыфікаваць паселішчы, здабываць нафту, абслугоўваць радовішчы, арганізаваць зборку трактароў «Беларус», грузавікоў МАЗ і пагрузчыкаў «Амкадор». Пачыналася ўсё досыць аптымістычна: праз Вэнэсуэлу Беларусь спадзявалася «заслупаваць» вялізны лацінаамэрыканскі кантынэнт. Але неўзабаве амбітныя пляны аказаліся пад пагрозай.

У сакавіку 2013 году Чавэс памёр ад раку, а пры новым кіраўніку Нікалясу Мадура беларуска-вэнэсуэльскія адносіны пачалі затухаць: ад колішніх 1,2 мільярда даляраў таваразварот абваліўся да некалькіх дзясяткаў мільёнаў.

Збольшага ўдалося рэалізаваць дзяржаўную праграму «Вялікая місія. Жыльлё Вэнэсуэлы» — пры канцы мінулага году «Белзамежбуд» адрапартаваў пра 2 мільёны кватэраў. У якім стане супрацоўніцтва сёньня, у офісе арганізацыі гаварыць адмовіліся. Але ёсьць зьвесткі, што сродкі на сацыяльныя праекты замарожаныя. Нават Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва пацьвярджала, што жыльлё ўзводзіцца ў доўг: запазычанасьць Вэнэсуэлы перад «Белзамежбудам» перавысіла 100 мільёнаў даляраў.

Беларускі квартал у Вэнэсуэле
Беларускі квартал у Вэнэсуэле

А вось у БелНДІ горадабудаўніцтва Свабодзе сказалі, што апошнія гады адмыслоўцы ведамства ў Вэнэсуэле фактычна не запатрабаваныя. Узьніклі праблемы з аплатай, вэнэсуэльскі бок дагэтуль не разьлічыўся па шэрагу кантрактаў. Праекты пад Каракасам і ў Барынасе закрылі, іншых замоваў няма. Пасьля таго як праектанты сваё зрабілі, супраца спынілася.

Без трактароў і самазвалаў

Паводле экспэртаў, знаёмых з рэалізацыяй беларускіх праектаў у Вэнэсуэле, сумарны доўг наблізіўся да паўмільярда даляраў.

Уга Чавэс на заводзе МАЗ, 2009 год
Уга Чавэс на заводзе МАЗ, 2009 год

У адміністрацыях МАЗа, МТЗ, «Амкадора» прызнаюць, што пастаўкі камплектуючых за акіян практычна спыненыя, хоць згодна з пэрспэктыўнымі плянамі адных толькі «Беларусаў» меліся зьбіраць 5–7 тысяч штогод. Вэнэсуэльскі доўг перад МТЗ перавысіў 50 мільёнаў даляраў. Яшчэ горшая сытуацыя — з сумесным прадпрыемствам «МАЗ-Вэн»: неаплата за машынакамплекты дасягнула 170 мільёнаў даляраў.

Таксама цягам папярэдніх гадоў у Вэнэсуэлу пастаўлялася абсталяваньне для будучага газаправоду. Але падобна, што беларускія кансультанты ўжо незапатрабаваныя: праект 200-кілямэтровай ніткі Баркісімэта — Барынас згорнуты. Распачаць працы меркавалася яшчэ ў 2014 годзе, было створана прадпрыемства «Вэнэсуэлагазбуд», але фінансаваньня хапіла толькі на падрыхтоўку дакумэнтацыі.

З аналягічнай прычыны няма замоваў і на газыфікацыю жылых дамоў. Прадпрыемства «Белгазбуд» укамплектавала тэхнічным абсталяваньнем некалькі тысяч дамоў у Барынасе, але новы кантракт не падпісаны.

Нафтавае фіяска

Неакрэсьленая і будучыня галіны, якая падавалася ці ня самай пэрспэктыўнай — нафтавай. Ад 2007 году ў Вэнэсуэле працуе сумеснае прадпрыемства «Петралера БелаВэнэсалана». Аднак летась Беларусь вымушаная была прыпыніць праект. Галоўнай прычынай называлася тое, што на ўсясьветным рынку склалася неспрыяльная цэнавая каньюнктура, якая робіць здабычу стратнай. І хоць сам па сабе праект характарызуецца «тэхнічна ўдалым», каб мінімізаваць выдаткі, праца была замарожаная.

Зрэшты, нават у лепшыя часы беларускія нафтавікі здабывалі ў Вэнэсуэле ўсяго 1,2 мільёна тон сырой нафты штогод — пры тым, што адпачатку закладаўся аб’ём здабычы 7 мільёнаў тон. Потым ён упаў яшчэ больш, да 800 тысяч тон. У параўнаньні з тым, што перапрацоўваюць беларускія НПЗ з расейскай сыравіны, гэта амаль нічога. Аналягічная гісторыя і з прыродным газам — менш за 1 мільярд кубамэтраў на год.

Нягледзячы на найбагацейшыя запасы нафты, Вэнэсуэла фактычна засталася бязь зьнешняга падсілкоўваньня: 50 і нават 60 даляраў за барэль для спэцыфічна «цяжкога» гатунку нафты — замала. У Каракасе «справядлівай цаной» лічаць 100 даляраў. Аналітыкі ж вывелі, што насамрэч для забесьпячэньня бюджэтнага балянсу патрэбная лічба ў 130 даляраў, а гэта наўрад ці рэальна.

Паводле ацэнак, пры зьніжэньні цэнаў на нафту ўсяго на 1 даляр бюджэт губляе 700 мільёнаў даляраў. Пустая казна ўжо справакавала самую высокую ў сьвеце інфляцыю, а за ёй — і ланцужок наступстваў: зьбядненьне насельніцтва, паніку на таварным рынку, перасьлед спэкулянтаў і тых, хто затарваецца ў запас.

Беларускі правал

Эканаміст, сябра Палітычнай рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін пэрспэктывы беларуска-вэнэсуэльскага супрацоўніцтва ацэньвае як «надзвычай цьмяныя».

«Іх не было і пры рэжымах Чавэса-Мадура, а тым больш — калі ўсталюецца новая ўлада. Яны насілі адкрыта папулісцкі характар, ніякага эканамічнага складніка там не было. Безумоўна, і Чавэс, і Мадура віталі беларускую дапамогу, бо не зьбіраліся за яе разьлічвацца. Таму калі нейкія адносіны і захаваюцца, яны будуць на рынкавых умовах, балазе Вэнэсуэла падобны досьвед мае. Палітычнаму складніку там проста ня будзе месца. Добра, калі Каракас прызнае запазычанасьці перад Менскам, але, хутчэй за ўсё, і гэтага ня будзе, зробяць так, як прапануе шмат хто і з нашых радыкалаў: калі зьменіцца ўлада, заявіць, што нікому нічога ня вінныя, пра ўсё дамаўляўся нелегітымны рэжым».

Сёньня няма сыстэматызаваных зьвестак пра тое, колькі беларусаў жыве і працуе ў Вэнэсуэле. У разгар актывізацыі дачыненьняў у афіцыйных крыніцах фігуравалі «некалькі тысяч» кантрактнікаў — будаўнікі, інжынэры, архітэктары, адмыслоўцы газавай і нафтавай галіны. Цяпер камандзіруюцца збольшага кансультанты, якія забясьпечваюць функцыянаваньне абсталяваньня, вытворчых канвэераў, навучаньне пэрсаналу.

Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле

  • 23 студзеня 2019 году на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх афіцыйна перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.

Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам

  • Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
  • Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
  • 26 сьнежня 2019 году легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захавалі ляяльнасьць Мадура. ​
  • 28 студзеня 2019 году ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
  • У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
  • 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй». Аднак перамовы паміж ўрадам Вэнэсуэлы і апазыцыяй пачаліся толькі ў жніўні 2021 году, у Мэксыцы.
  • Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
  • Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
  • У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
  • У 2018 годзе Мадура афіцыйна перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.

Падрабязьней >>>

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG