Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ЗША перадалі Гуайдо кантроль над часткай актываў Вэнэсуэлы ў амэрыканскіх банках


Хуан Гуайдо на мітынгу 23 студзеня 2019 году
Хуан Гуайдо на мітынгу 23 студзеня 2019 году

Улады ЗША ў пятніцу 25 студзеня перадалі лідэру вэнэсуэльскай апазыцыі Хуану Гуайдо кантроль над шэрагам актываў, якія знаходзяцца на рахунках Фэдэральнага рэзэрвовага банка Нью-Ёрка і ў іншых амэрыканскіх банках, пацьвердзіў у аўторак прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Робэрт Палядына.

Актывы, пра якія ідзе гаворка, належаць ураду Вэнэсуэлы і яе Цэнтральнаму банку.

У адказ Генэральная пракуратура Вэнэсуэлы папрасіла суд забараніць Хуану Гуайдо выяжджаць з краіны, заблякаваць ягоныя рахункі і «перапісваць маёмасьць», бо на яго адкрытая крымінальная справа ў сувязі з актамі гвалту падчас пратэставых акцый.

Як заявіў у аўторак генэральны пракурор Вэнэсуэлы Тарэк Ўільям Сааб: «Мы тут, каб папрасіць [суд] зрабіць прэвэнтыўныя захады на час расьсьледаваньня».

Гуайдо 23 студзеня абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы, а ўлады ЗША і некалькіх іншых краін Захаду яго падтрымалі. Паводле заявы Белага дома, перадача яму актываў «дапаможа легітымнаму ўраду Вэнэсуэлы абараніць гэтыя актывы на карысьць грамадзян».

Раней стала вядома, што ўрад Нікаляса Мадура паспрабаваў вярнуць на радзіму частку залатога запасу Вэнэсуэлы, які захоўваецца ў Цэнтрабанку ў Вялікай Брытаніі і ацэньваецца ў $ 1,2 млрд. Аднак, паводле Bloomberg, Вялікая Брытанія выдаць гэтае золата адмовілася.

Перад тым Гуайдо заклікаў улады Вялікай Брытаніі, якія, як і ЗША, падтрымалі яго ў якасьці прэзыдэнта, не выдаваць залаты запас прыхільнікам Мадура. І заявіў, што, калі прадстаўнікі Мадура паспрабуюць прадаць золата — гэта будзе «незаконнай транзакцыяй».

«Гэтыя грошы будуць выкарыстаныя нелегітымным клептакратычным рэжымам Нікаляса Мадура для таго, каб працягнуць гвалт у дачыненьні народу Вэнэсуэлы», — заявіў ён.

Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле

  • 23 студзеня 2019 году на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх афіцыйна перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.

Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам

  • Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
  • Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
  • 26 сьнежня 2019 году легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захавалі ляяльнасьць Мадура. ​
  • 28 студзеня 2019 году ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
  • У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
  • 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй». Аднак перамовы паміж ўрадам Вэнэсуэлы і апазыцыяй пачаліся толькі ў жніўні 2021 году, у Мэксыцы.
  • Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
  • Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
  • У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
  • У 2018 годзе Мадура афіцыйна перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.

Падрабязьней >>>

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG