Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі санкцыі супраць Вэнэсуэлы


Нікаляс Мадура, архіўнае фота

Пад санкцыі трапіў дзяржаўны нафтавы манапаліст Petroleos de Venezuela (PdVSA).

Дарадца прэзыдэнта Злучаных Штатаў у нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан на брыфінгу 28 студзеня ў Белым доме абвясьціў аб санкцыях, скіраваных на вэнэсуэльскую дзяржаўную кампанію Petroleos de Venezuela, расказвае «Голас Амэрыкі». Усе актывы кампаніі ў юрысдыкцыі ЗША блякуюцца, а амэрыканскім грамадзянам забараняюць удзельнічаць у бізнэсе з PdVSA.

Штаты, казаў Болтан, «працягнуць выкрываць карупцыю» Мадура і ягоных паплечнікаў, «і сёньняшнія дзеяньні гарантуюць, што яны больш ня змогуць рабаваць здабытак вэнэсуэльскага народу».

Ён ацаніў, што санкцыі будуць каштаваць Мадура 11 млрд даляраў стратаў у даходах ад экспарту цягам наступнага году, перадае Reuters, а заблякаваныя актывы ацэньваюцца ў 7 млрд.

ЗША прапануе Мадура аддаць нафтавага манапаліста «часоваму прэзыдэнту» Гуайдо

Санкцыі афіцыйна ўведзеныя з мэтай ціску на дзейнага прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура — так напісана на сайце Міністэрства фінансаў ЗША.

Міністар фінансаў ЗША Стывэн Мнучын таксама заявіў, што санкцыі «дапамогуць прадухіліць далейшае перанакіраваньне сродкаў Вэнэсуэлы на карысьць Мадура», а ЗША «прыцягвае да адказнасьці тых, хто вінаваты ў трагічным пагаршэньні сытуацыі ў Вэнэсуэле, і будуць працягваць выкарыстоўваць увесь набор дыпляматычных і эканамічных інструмэнтаў для падтрымкі часовага прэзыдэнта Хуана Гуайдо, Нацыянальнага сходу і намаганьняў народу Вэнэсуэлы ў аднаўленьні сваёй дэмакратыі».

Санкцыі могуць быць аслабленыя, дадае Мінфін ЗША, калі кантроль над кампаніяй пяройдзе да «апошняга дэмакратычна выбранага ўраду» або да «часовага прэзыдэнта» Хуана Гуайдо, які раней абвясьціў сябе «часовым прэзыдэнтам».

Гуайдо ў сваю чаргу заявіў, што прапануе кангрэсу прызначыць новую раду дырэктараў для кантролю PdVSA і падкантрольнай ёй кампаніі Citgo, што месьціцца ў ЗША (а таксама прапанаваў вэнэсуэльскаму войску амністыю, калі яно «падтрымае дэмакратыю і адрыне ўрад Мадура»).

Мадура растлумачыў санкцыі жаданьнем ЗША скрасьці нафтаперапрацоўчыя заводы

Нікаляс Мадура заявіў на дзяржаўнай тэлевізіі Вэнэсуэлы, што ЗША «вырашылі пайсьці па шляху крадзяжу Citgo», а PdVSA «прыме прававыя, палітычныя, апэратыўныя і камэрцыйныя меры для абароны інтарэсаў Вэнэсуэлы ў ЗША».

Citgo цяпер мае нафтаперапрацоўчыя заводы ў Ілінойсе, Люізіяне і Тэхасе. Кампанія амэрыканскага паходжаньня была купленая Вэнэсуэлай у 1986–1990 гадах. У 2016 годзе вэнэсуэльскія ўлады разглядалі магчымасьць продажу паловы кампаніі расейскай «Роснефти» за 1,5 млрд даляраў, але супраць выступілі ўлады ЗША.

Нягледзячы на рэзкае скарачэньне экспарту нафты праз эканамічны крызіс, адзначае Reuters, Вэнэсуэла заставалася чацьвёртым па аб’ёмах пастаўшчыком нафты ў ЗША, пастаўляла паўмільёна барэляў на дзень.

Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле

  • 23 студзеня на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.

Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам

  • Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
  • Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
  • 26 сьнежня легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захоўваюць ляяльнасьць Мадура. ​
  • 28 студзеня ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
  • У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
  • 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй».
  • Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
  • Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
  • У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
  • У 2018 годзе Мадура перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.

Падрабязьней >>>

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG