Вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва заявіў аб прызнаньні Хуана Гуайдо легітымным прэзыдэнтам краіны. Сваю заяву ён зрабіў з офіса ў Вашынгтоне.
«Сёньня я заклікаю народ Вэнэсуэлы, і асабліва маіх братоў у нацыянальных узброеных сілах, прызнаць прэзыдэнта Хуана Гуайдо адзіным законным прэзыдэнтам», — заявіў Сілва.
Ён стаў першым высокапастаўленым дыпляматам і вайскоўцам Вэнэсуэлы, якія адмовіліся прызнаваць Мадуру легітымным кіраўніком дзяржавы.
Міністэрства абароны Вэнэсуэлы назвала здрадай радзіме рашэньне Хасэ Луіса Сільвы прызнаць прэзыдэнтам Вэнэсуэлы лідэра апазыцыі Хуана Гуайдо. Такую заяву ведамства апублікавала ў Twitter.
«Гэта акт здрады і баязьлівасьці ў адносінах да радзімы, атрыманай у спадчыну ад нашага вызваліцеля Сымона Балівара. Такім чынам, мы не прымаем заявы палкоўніка Хасэ Луіса Сільвы, які займаў пасаду вайсковага аташэ ў ЗША», — гаворыцца ў паведамленьні.