Колькасьць ахвяр вулічных пратэстаў супраць дзейнага прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура, легітымнасьць якога не прызнаюць апазыцыя і многія краіны, за тыдзень дасягнула 35 чалавек.
Пра гэта паведамляе агенцтва AFP са спасылкай на кіраўніка вэнэсуэльскай праграмы адукацыі і дзеяньняў у сфэры правоў чалавека. Як паведамляе іншая праваабарончая арганізацыя, Foro Penal, 850 чалавек былі арыштаваныя.
Новая хваля пратэстаў у Вэнэсуэле пачалася ў студзені. 21 студзеня ўлады Вэнэсуэлы паведамілі аб задушэньні ваеннага бунту. Службоўцы Нацыянальнай гвардыі паспрабавалі падтрымаць вулічныя пратэсты, але здаліся ляяльным Мадура войскам непадалёк ад прэзыдэнцкага палаца. Іх затрыманьне выклікала новую хвалю пратэстаў.