Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гуайдо супраць Мадура: хто за кім стаіць?


Вэнэсуэльская апазыцыя выступіла супраць прэзыдэнта Нікаляса Мадура, кіраўнік парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам. Хто ў сьвеце падтрымаў адзін і другі бок канфлікту? Аналізуе агенцтва Ройтэрс.

Мадура

  • Найвышэйшае вайсковае камандаваньне пакуль што ня выявіла ніякіх знакаў адыходу зь лягеру Мадура. Міністар абароны Ўладзімір Падрына ў сераду ў твітэры пацьвердзіў сваю падтрымку Мадура, заявіўшы, што армія не падтрымае самаабвешчанага прэзыдэнта.
  • Вярхоўны суд, які складаецца зь ляяльных Мадура судзьдзяў, цьвёрда падтрымлівае сацыялістычнага лідэра, абвясьціўшы раней на гэтым тыдні, што ўсе рашэньні парлямэнту, які ўзначальвае Гуайдо, лічацца незаконнымі і ня маюць ніякай сілы.
  • Расея назвала Нікаляса Мадура законным прэзыдэнтам краіны і абвінаваціла Злучаныя Штаты ў спробе ўзурпацыі ўлады ў Вэнэсуэле.
  • Прэзыдэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што яго краіна стаіць на баку Мадура і заклікае яго «трымацца».
  • Кітай выказаў падтрымку Мадура, выступіў супраць замежнага ўмяшаньня ў справы Вэнэсуэлы і падтрымаў захады для абароны незалежнасьці і стабільнасьці ў краіне.
  • Дзяржаўная нафтавая кампанія PDVSA, празь якую ў Вэнэсуэлу паступае бальшыня прыбыткаў ад экспарту, заявіла: «У нас няма іншага прэзыдэнта апрача Мадура».
  • Некалькі краінаў рэгіёну зь левымі ўрадамі, у тым ліку Куба і Балівія, надалей падтрымліваюць Мадура. Мэксыка, дзе летась да ўлады прыйшоў левы ўрад Андрэса Мануэля Лопэса Обрадора, адышла ад крытычнай пазыцыі ў дачыненьні да Мадура і абвясьціла пра сваю «палітыку неўмяшаньня».
  • Зацятыя «чавэсісты» ў Вэнэсуэле, у тым ліку ўзброеныя групоўкі ў беднай правінцыі, застаюцца верныя запаветам Чавэса і падтрымліваюць Мадура.

Гуайдо

  • У Вэнэсуэле ёсьць знакі таго, што падтрымка Хуана Гуайдо ня абмяжоўваецца традыцыйнай базай апазыцыі ў сярэдняй і вышэйшай клясе грамадзтва. Пратэсты супраць Мадура на гэтым тыдні ахапілі і рабочыя раёны краіны.
  • Незадаволенасьць уладамі выказваюць ніжэйшыя афіцэры. У панядзелак паведамлялася пра здушэньне бунту групы вайскоўцаў, якія захапілі зброю, узялі ў закладнікі некалькі афіцэраў і патрабавалі адстаўкі Мадура.
  • Злучаныя Штаты прызналі Гуайдо адразу пасьля таго, як ён абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам, і заявілі, што ўжывуць «эканамічную і дыпляматычную сілу», каб аднавіць у Вэнэсуэле дэмакратыю.
  • Правыя ўрады ў Лацінскай Амэрыцы, у тым ліку Бразыліі, Калюмбіі і Аргентыны, прызналі Гуайдо.
  • Выканаўчыя органы Эўразьвязу заклікалі да правядзеньня новых выбараў, але адкрыта не прызналі Гуайдо прэзыдэнтам. ЭЗ у сваёй заяве заклікае вэнэсуэльскія ўлады паважаць «грамадзянскія правы, свабоду і бясьпеку» і дазволіць Вэнэсуэле свабодна вырашыць сваю будучыню.
  • Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон вітаў адвагу вэнэсуэльцаў у барацьбе за свабоду і назваў перамогу Мадура на выбарах 2018 году незаконнай.
  • Прадстаўнік брытанскай прэм’еркі Тэрэзы Мэй заявіў, што абраньне Мадура не было і свабодным, ні справядлівым і выказаў падтрымку Гуайдо як кіраўніку парлямэнту.
  • Нямецкі ўрад заявіў, што парлямэнт Вэнэсуэлы адыгрывае «асаблівую ролю» ў забесьпячэньні «свабоднай будучыні» Вэнэсуэлы.

Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле

  • 23 студзеня 2019 году на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх афіцыйна перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.

Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам

  • Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
  • Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
  • 26 сьнежня 2019 году легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захавалі ляяльнасьць Мадура. ​
  • 28 студзеня 2019 году ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
  • У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
  • 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй». Аднак перамовы паміж ўрадам Вэнэсуэлы і апазыцыяй пачаліся толькі ў жніўні 2021 году, у Мэксыцы.
  • Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
  • Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
  • У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
  • У 2018 годзе Мадура афіцыйна перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.

Падрабязьней >>>

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG