Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз падтрымаў вэнэсуэльскую апазыцыю і заклікаў правесьці новыя выбары


Фэдэрыка Магерыні
Фэдэрыка Магерыні

Вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Фэдэрыка Магерыні апублікавала заяву, у якой падтрымала апазыцыйныя пратэсты ў Вэнэсуэле.

Паводле паведамленьня, апублікаванага прэс-службай Магерыні, Эўразьвяз заклікае да неадкладнага палітычнага працэсу, які прывядзе да свабодных і годных даверу выбараў у адпаведнасьці з канстытуцыйным ладам.

«ЭЗ цалкам падтрымлівае Нацыянальны сход як дэмакратычна абраны інстытут, уладу якога неабходна аднавіць і паважаць. Грамадзянскія правы, свабода і бясьпека ўсіх чальцоў Нацыянальнага сходу, у тым ліку іх прэзыдэнта Хуана Гуайдо, павінны быць забясьпечаны», — гаворыцца ў заяве.

Магерыні перасьцерагае ад ужываньня сілы супраць апазыцыі, якая, на яе думку, не дапаможа вырашыць крызіс у лацінаамэрыканскай краіне, і выступае ў абарону права грамадзян Вэнэсуэлы на мірны пратэст. У той жа час у заяве высокага прадстаўніка не гаворыцца пра прызнаньне Гуайдо часовым прэзыдэнтам. Раней з такой дэклярацыяй выступіў Дональд Трамп.

Прэзыдэнт Эўрапейскай рады Дональд Туск таксама выступіў у падтрымку Нацыянальнага сходу і Хуана Гуайдо, які напярэдадні абвясьціў сябе выконваючым абавязкі прэзыдэнта Вэнэсуэлы.

«У супрацьвагу Мадура, парлямэнцкая асамблея, у тым ліку Хуан Гуайдо, мае дэмакратычны мандат ад грамадзян Вэнэсуэлы», — адзначыў ён.

23 студзеня пра сваю падтрымку Гуайдо заявіў прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп. Больш за дзясятак краін лацінаамэрыканскага рэгіёну заявілі аб непрызнаньні новага прэзыдэнцкага тэрміну Мадура.

У адказ на гэта прэзыдэнт Мадура заявіў аб скасаваньні дыпляматычных адносін з ЗША і даў амэрыканскім дыпляматам 72 гадзіны на тое, каб пакінуць краіну.

10 студзеня Нікаляс Мадура ў чарговы раз уступіў на пасаду прэзыдэнта Вэнэсуэлы. Цяперашні прэзыдэнцкі тэрмін павінен доўжыцца да 2025 года. Ён заняў пасаду прэзыдэнта Вэнэсуэлы з 2013 года пасьля сьмерці Уга Чавэса. Парлямэнт Вэнэсуэлы абвясьціў Мадура ўзурпатарам улады ў краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG