Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне дамагаюцца скасаваньня антыдэмпінгавых санкцый да беларускага цэмэнту


Цэмэнтны завод у Крычаве

Пасьля прайгранага пазову Беларускай цэмэнтнай кампаніі яшчэ адна фірма зь беларускім капіталам зьвярнулася ў кіеўскі суд з заявай аб скасаваньні антыдэмпінгавых санкцый.

Украінская кампанія зь беларускім капіталам — таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Бєлбудматеріали — Україна» — зьвярнулася ў Акруговы адміністрацыйны суд Кіева з пазовам да Міжведамаснай камісіі міжнароднага гандлю, якая сёлета ў траўні ўвяла антыдэмпінгавае мыта на пастаўкі беларускага цэмэнту на ўкраінскі рынак.

Кампанія ў сваёй заяве просіць суд прызнаць гэтае рашэньне незаконным, бо яно парушае «правы, свабоды і інтарэсы беларускіх вытворцаў». Суд, разгледзеўшы гэты пазоў, ухваліў рашэньне аб адкрыцьці адміністрацыйнай справы і яе разглядзе паводле спрошчанай працэдуры.

На гэты момант суд прапанаваў Міжведамаснай камісіі на працягу пяці дзён выкласьці сваю пазыцыю да пазову ўкраінска-беларускай кампаніі, а таксама падаць завераную копію рашэньня «Аб прымяненьні канчатковых антыдэмпінгавых захадаў да імпарту цэмэнту, які паходзіць з Расейскай Фэдэрацыі, Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Малдова».

Рашэньне будзе ўхвалена па выніках разгляду ўсіх доказаў, прад’яўленых ўдзельнікамі гэтага працэсу.

Хто дамагаецца скасаваньня санкцый на беларускі цэмэнт

Кампанію «Бєлбудматеріали — Україна» у лістападзе 2017 году заснавалі беларускае ААТ «Белбудматэрыялы», украінскае ТАА «БЄЛТОРГБУД» і дзьве фізычныя асобы — грамадзянін Беларусі Ігар Шчарбакоў і грамадзянін Украіны Максім Манойленка.

Раней Акруговы адміністрацыйны суд Кіева адмовіўся на патрабаваньне Беларускай цэмэнтнай кампаніі прызнаць незаконнымі ўведзеныя андыдэмпінгавыя абмежаваньні на пастаўкі беларускага цэмэнту на ўкраінскі рынак.

За што ўвялі санкцыі на беларускі цэмэнт

Сёлета 21 траўня Міжведамасная камісія міжнароднага гандлю Ўкраіны прыняла рашэньне аб увядзеньні антыдэмпінгавага мыта на імпарт ва Ўкраіну цэмэнтных клінкераў і портлэндцэмэнту з Расеі, Беларусі і Малдовы.

Камісія выявіла наяўнасьць дэмпінгавага імпарту з гэтых краін на працягу 2015–2018 гадоў. У той жа час зь беларускага цэмэнту цяпер спаганяецца найменшае мыта (57,03%) у параўнаньні з такой жа прадукцыяй з Расеі і Малдовы (114,95% і 94,46% адпаведна). Такое мыта будзе спаганяцца на працягу пяці гадоў.

Да ўвядзеньня андытэмпінгавых абмежаваньняў беларускія эканамісты зьвярнулі ўвагу на пэўныя асаблівасьці, якія існуюць ва ўзаемным беларуска-ўкраінскім гандлі цэмэнтам.

Паводле Белстату, летась Беларусь экспартавала ва Ўкраіну 272 тысячы тон (у 2017 годзе — 363,8 тысячы тон) цэмэнту, а імпартавала з Украіны 132,1 тысячы тон (у 2017 годзе — 54,9 тысячы тон) цэмэнту.

Украінская статыстыка гандлю цэмэнтам крыху адрозьніваецца — у аб’ёмах яна меншая на некалькі тысяч: ва Ўкраіну летась завезьлі 270 тысяч тон беларускай прадукцыі і вывезьлі 132 тысячы тон украінскай.

Паводле Белстату, цана беларускага цэмэнту для Ўкраіны складала 43,4 даляры за тону летась (40,2 даляра ў 2017-м). У той жа час украінскі цэмэнт для Беларусі абыходзіўся ў 52 даляры за тону ў мінулым годзе (48,7 даляра ў 2017-м).

Па такіх цэнах Беларусь пастаўляе цэмэнт толькі ва Ўкраіну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG