Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская кампанія прайграла суд супраць антыдэмпінгавых абмежаваньняў на цэмэнт ва Ўкраіне


Ілюстрацыйнае фота. Цэмэнтны завод у Крычаве

Акруговы адміністрацыйны суд Кіева адмовіўся на патрабаваньне Беларускай цэмэнтнай кампаніі прызнаць незаконнымі ўведзеныя андыдэмпінгавыя абмежаваньні на пастаўкі беларускага цэмэнту на ўкраінскі рынак.

Беларуская цэмэнтная кампанія заявіла ў судовым пазове, што рашэньне Міжведамаснай камісіі ў пытаньнях міжнароднага гандлю аб увядзеньні антыдэмпінгавага мыта на беларускі цэмэнт парушае правы, свабоды і інтарэсы беларускіх вытворцаў.

Паводле беларускага боку, гэтае рашэньне ня толькі супярэчыць існым міжнародным пагадненьням, але было ўхваленае без дастатковых падстаў і з працэсуальнымі парушэньнямі.

Разгледзеўшы заяву Беларускай цэмэнтнай кампаніі, кіеўскі суд ухваліў пастанову, у якой запісаў, што незаконнымі могуць быць толькі тыя рашэньні, якія супярэчаць украінскаму заканадаўству, а рашэньне Міжведамаснай камісіі прынятае на падставе закону «Аб абароне нацыянальнага вытворцы ад дэмпінгаванага імпарту».

У выніку суд адмовіў у задаволеньні заявы Беларускай цэмэнтнай кампаніі. У той жа час, згодна з украінскім заканадаўствам, беларускі бок можа аспрэчыць гэтае рашэньне ў апэляцыйным парадку.

Сёлета 21 траўня Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю прыняла рашэньне аб увядзеньні антыдэмпінгавага мыта на імпарт ва Ўкраіну цэмэнтных клінкераў і портлэндцэмэнту з Расеі, Беларусі і Малдовы.

Камісія выявіла наяўнасьць дэмпінгавага імпарту з гэтых краін на працягу 2015–2018 гадоў. У той жа час у дачыненьні да беларускага цэмэнту цяпер спаганяецца найменшае мыта (57,03%) у параўнаньні з такой жа прадукцыяй з Расеі і Малдовы (114,95% і 94,46% адпаведна). Такое мыта будзе спаганяцца на працягу пяці гадоў.

Да ўвядзеньня андытэмпінгавых абмежаваньняў беларускія эканамісты зьвярнулі ўвагу на пэўныя асаблівасьці, якія існуюць ва ўзаемным беларуска-ўкраінскім гандлі цэмэнтам.

Паводле Белстату, летась Беларусь экспартавала ва Ўкраіну 272 тысячы тон (у 2017 годзе — 363,8 тысячы тон) цэмэнту, а імпартавала з Украіны 132,1 тысячы тон (у 2017 годзе — 54,9 тысячы тон) цэмэнту.

Украінская статыстыка гандлю цэмэнтам крыху адрозьніваецца — у аб’ёмах яна меншая на некалькі тысяч: ва Ўкраіну летась завезьлі 270 тысяч тон беларускай прадукцыі і вывезьлі 132 тысячы тон украінскай.

Паводле Белстату, цана беларускага цэмэнту для Ўкраіны складала 43,4 даляры за тону летась (40,2 даляра ў 2017-м). У той жа час украінскі цэмэнт для Беларусі абыходзіўся ў 52 даляры за тону ў мінулым годзе (48,7 даляра ў 2017-м).

Па такіх цэнах Беларусь пастаўляе цэмэнт толькі ва Ўкраіну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG