Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго хваліць і каму зайздросьціць Лукашэнка?


Аляксандр Лукашэнка на адкрыцьці сярэдняй школы №93, 2 верасьня 2019

Прынцып функцыянаваньня беларускай сыстэмы Лукашэнка сфармуляваў вельмі дакладна — палітык у Беларусі толькі адзін. А каго хваліць і каму зайздросьціць Лукашэнка? Дыскутуюць аналітыкі Свабоды Юры Дракахруст і Віталь Цыганкоў.

Сьцісла:

  • Прынцып функцыянаваньня сыстэмы Лукашэнка сфармуляваў вельмі дакладна — палітык у Беларусі толькі адзін
  • Чыноўнікі разумеюць — як толькі ты пачынаеш вытыркацца, як толькі робісься занадта яскравай фігурай, гэта вялікая небясьпека
  • Чым ніжэй пасада, якую займае чалавек, тым больш шанцаў, што яго пахваляць
  • Як толькі з гэтай масы зьявіцца нейкая яскравая асоба, народ жа можа падумаць — дык можа і Румас зможа нас абараніць?
  • Крытыка з боку часткі расейскіх СМІ і пэўных Тэлеграм-каналаў на адрас Макея, гэта для Лукашэнкі — аргумэнт на карысьць Макея

Гутарка Юрыя Дракахруста і Віталя Цыганкова

«Палітык у краіне толькі адзін»

Дракахруст: Днямі палітычны аналітык Арцём Шрайбман прывёў у сваім тэлеграм-канале крыху камічны, але вельмі павучальны факт. 30 жніўня прэм’ер Сяргей Румас адкрыў новую школу. Але афіцыйныя СМІ паведамілі пра гэта толькі праз тры дні, 2 верасьня. Чаму? А таму, што менавіта 2 верасьня Аляксандар Лукашэнка наведаў лінейку ў новай менскай школе.

СМІ паведамілі пра гэта адразу ж, а ўжо пасьля — пра візыт Румаса ў Берасьце трохдзённай даўніны.

У якой ступені гэты эпізод вызначае стаўленьне дзяржаўных СМІ і самога кіраўніка дзяржавы да яго падначаленых, да «ножак трону», да бліжэйшага атачэньня?

Сяргей Румас
Сяргей Румас

Цыганкоў: Гэта не вынік стаўленьня да канкрэтнага цяперашняга прэмʼера Румаса. Прыблізна тое самае было заўсёды і раней. Калі адбываліся публічныя мерапрыемствы, дзе прысутнічаў толькі прэмʼер, то пра гэта гаварылася альбо вельмі сьціпла альбо, калі прыкладна ў той жа час падобнае мерапрыемства праводзіў Лукашэнка, спачатку паведамлялася пра мерапрыемства з кіраўніком дзяржавы.

Паводле вядомай прыказкі наконт таго, што ня варта лезьці ў пекла паперад бацькі. І афіцыйныя СМІ так і дзейнічалі.

Іншая справа, што да розных прэмʼераў было рознае стаўленьне. Паводле маіх назіраньняў найбольшую рэўнасьць Лукашэнка меў да Ўладзімера Ярмошына і Сяргея Сідорскага. Гэта былі больш моцныя прэмʼеры.

Адносна больш слабых прэмʼераў — Сяргея Лінга, Андрэя Кабякова — і стаўленьне афіцыёзу было менш напружанае.

Паводле чутак, кіраўнікі апазыцыі, калі прывялі людзей на Плошчу Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году, ішлі на перамовы з Сідорскім. Ці былі такія пляны, ці гатовы ён быў зь імі сустракацца — невядома.

Але ў цэлым да прэмʼераў у Лукашэнкі было стаўленьне досыць насьцярожанае.

Для гэтага ёсьць юрыдычныя падставы. Паводле Канстытуцыі менавіта прэмʼер пераймае функцыі кіраўніка дзяржавы, калі дзейны кіраўнік па тых ці іншых прычынах больш ня можа іх выконваць.

Не хваліце нас, калі ласка

Дракахруст: Я ад журналістаў дзяржаўных СМІ чуў пару разоў расповеды пра тое, як высокія чыноўнікі казалі ім: не пішыце пра мяне надта шмат, не захвальвайце мяне. Маўляў, вы ж разумееце — раз трапіць на вочы Лукашэнку, два, тры, а потым ён задасьць пытаньне: а што гэта ў нас за такі новы герой зьявіўся? І чыноўнік зьляціць з пасады.

А вы такія гісторыі чулі?

Цыганкоў: Я таксама чуў такія гісторыі. Гэта неадʼемны элемэнт гэтай сыстэмы ўлады.

І прынцып яе функцыянаваньня Лукашэнка сфармуляваў вельмі дакладна — палітык у Беларусі толькі адзін.

Ён ня можа забараніць быць палітыкамі апазыцыйным лідэрам, хаця робіць усё, каб яны рэальна ні на што не ўплывалі. Але ён можа забараніць быць палітыкамі любым прадстаўнікам намэнклятуры — чыноўнікам і дэпутатам. І яны разумеюць — як толькі ты пачынаеш вытыркацца, як толькі робісься занадта яскравай фігурай, гэта вялікая небясьпека.

Лукашэнка прытрымліваецца гэтага прынцыпу з 90-х гадоў. Да перавароту 1996 году ў яго ўрадзе былі даволі яскравыя постаці. Яны дазвалялі сабе не пагаджацца з Лукашэнкам. А ў момант палітычнага выбару прэмʼер Міхаіл Чыгір і міністар Аляксандар Сасноў выступілі супраць рэфэрэндуму, які прапанаваў Лукашэнка.

З тае пары кіраўнік дзяржавы прадухіляў нават тэарэтычную магчымасьць такіх учынкаў.

Ён потым ня раз казаў пра розных вядомых людзей — мы ж усё пра яго ведаем, ведаем, што ён нават у размовах з жонкай на кухні прэзыдэнта не крытыкуе.

Намякаючы на тое, што ўсе падслухоўваюцца і кантралююцца. І гэта таксама ўплывае на тое, каб намэнклятура паводзіла сябе ціха і нават на кухні не крытыкавала прэзыдэнта.

Каго хваліць Лукашэнка?

Дракахруст: Каго хваліў і хваліць Лукашэнка? Безумоўна, хваліў сацыяльна-эканамічную мадэль, маўляў, беларусы вельмі задаволеныя і ўвесь сьвет зайздросьціць.

Але ня памятаю, каб ён хваліў людзей. Ну добра, вось гэтая карова абасраная, але ж іншая можа і нічога — чыстая і дагледжаная. Калі мадэль такая цудоўная, то ня можа ж быць паўсюль правал. А калі ёсьць і посьпехі, дык іх жа дасягнулі нейкія людзі.

А вось гэты дырэктар заводу Х дасягнуў выдатных вынікаў, а там цудоўны кіраўнік вобласьці У, а ў гэтым клясна спрацаваў міністар Z — такое гаворыцца? А асабліва ці гаворыцца такое пра ўрад, пра ўрадоўцаў? Так выглядае, што пра ўрад Лукашэнка ці маўчыць ці лае. І гэта тычылася ўсіх — і ўраду Мясьніковіча, і ўраду Кабякова. Румас за год прэмʼерства ўжо некалькі разоў у косьці атрымаў, маўляў, трэба гной на палі вывозіць, а не ў стратэгію лезьці.

А некага ён хваліць?

Цыганкоў: Тут такая заканамернасьць — чым ніжэй пасада, якую займае чалавек, тым больш шанцаў, што ён трапіць у вельмі кароткі сьпіс, каго могуць пахваліць. Гэта можа быць старшыня калгасу ці навуковец, чалавек, далёкі ад рэальнай улады і ад высокай пасады.

Лукашэнка сьвядома вядзе такую палітыку. Ён застаецца закладнікам свайго іміджу. Ён перамог у 1994 годзе ў ролі гаспадара, які чыхвосьціць чыноўнікаў, якія ня дбаюць пра народ.

Гэты імідж ён працягваў насіць усе гэтыя гады. Асабліва выразным ён робіцца ў перадвыбарчыя пэрыяды.

Лукашэнка дае зразумець намэнклятуры, што ўсё ў нас з вамі ёсьць — і заробкі, і Дразды. Але ў выбарчую пару ён ізноў дастае тую самую схему — пра чыноўнікаў, якія недастаткова дбаюць пра народ.

І толькі ён адзін можа абараніць народ ад гэтай шэрай, безасабовай чынавенскай масы.

Бо як толькі з гэтай масы зьявіцца нейкая яскравая асоба, народ жа можа падумаць — дык можа і Румас зможа нас абараніць, можа і Румас можа быць някепскім прэзыдэнтам.

Ну а зараз усё так зроблена, што выйдзі на вуліцу, спытай у людзей — хто зараз прэмʼер у Беларусі, думаю, што ня больш за 10-15% адкажуць на гэтае пытаньне.

Што дазволена Макею?

Дракахруст: Варта пагаварыць пра адно відавочнае выключэньне — гэта міністар замежных справаў Уладзімер Макей. Раз пораз у сацсетках, а тое і ў недзяржаўных СМІ, зьяўляюцца роздумы — а можа гэта наш будучы лідэр, а якім бы прэзыдэнтам быў Макей?

Зь іншага боку, мы бачым абсалютна шалёную кампанію ў расейскіх шавіністычных, а часам і ў мэйнстрымных, СМІ, а асабліва ў Тэлеграм-каналах: Макей паўсюль, Макей ужо амаль прэзыдэнт, ён усім кіруе, Лукашэнка там недзе ў куточку сьціпленька сядзіць, Макей — пераемнік.

Макей у інфармацыйнай прасторы напэўна на другім месцы пасьля Лукашэнкі.

Ён дае вялікія інтэрвію, вось, напрыклад, пасьля сустрэчы Лукашэнкі з Болтанам менавіта Макей тлумачыць, што гэта сустрэча азначае і як яе разумець. А чаму яму дазваляецца?

Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Цыганкоў: Што тычыцца крытыкі з боку часткі расейскіх СМІ і пэўных Тэлеграм-каналаў, то гэта як раз для Лукашэнкі — аргумэнт на карысьць Макея. Для яго было б значна больш небясьпечна, калі б гэтыя расейскія рэсурсы яго хвалілі. Гэта Лукашэнку насьцярожыла б.

Ну і ёсьць фармальны момант, пра які я казаў. Калі што з Лукашэнкам здарыцца, то канстытуцыйны пераемнік — прэмʼер. Потым на чарзе — старшыня парлямэнту. Кіраўнік МЗС — далёка ня першы ў гэтым шэрагу. Могуць быць і іншыя тлумачэньні. Ці Лукашэнка настолькі давярае Макею ці ён яму такі патрэбны ў зьнешнепалітычных мэтах.

Што дазволена жанчыне?

Дракахруст: Можна прыгадаць яшчэ пару фігураў ва ўладнай сыстэме, якія, як вы сказалі, вытыркаюцца з агульнай безаблічнай масы. Гэта старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына і кіраўніца адміністрацыі Натальля Качанава. Ярмошына на сваёй пасадзе ўжо больш за 20 гадоў. І ў публічных выступах яна дэманструе, што яна асоба. Я не пра знак гэтай асобы, я пра маштаб. Пра яе ня скажаш, што яна ніякая.
Ну і Качанава — вось перад цыганамі выбачаецца, таксама неяк прысутнічае ў інфармацыйнай прасторы.

Яны абедзьве — жанчыны. Тое, што ім дазваляецца паказаць сябе крыху больш, чым іх калегам-мужчынам — ці ня ёсьць гэта такой парадаксальнай праявай патэрналізму Лукашэнкі: жанчына мне не канкурэнт па вызначэньні?

Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Цыганкоў: Можа быць. Зь іншага боку, я не сказаў бы, што Ярмошына і Качанава так ужо шмат сабе дазваляюць. Яны абедзьве абавязаныя Лукашэнку ўсім. Той жа Румас кімсьці быў і да прызначэньня прэмʼерам. І так было з кожным прэмʼерам, яны прайшлі доўгі шлях па службовай лесьвіцы. А Ярмошыну ўзялі з райцэнтру. І Качанава трапіла на цяперашнюю пасаду з даволі нізкай. Таму Лукашэнка абсалютна ўпэўнены ў іх ляяльнасьці.

Ярмошына ў апошнім інтэрвію была такой шчырай таму, што відаць ужо сапраўды рыхтуецца да пэнсіі і адчувае сябе крыху вальней. Ну і гэтая яе вольнасьць ніяк не замахваецца на сыстэму, гэта проста асабістая большая шчырасьць, душэўнасьць, чым дазваляюць сабе іншыя чыноўнікі.

Важак прайду

Дракахруст: У рэчышчы нашай гутаркі варта закрануць яшчэ адно важнае пытаньне — транзыт улады. Пра гэта не гавораць наўпрост, але пра гэта шмат хто думае. Думае пра гэта і Лукашэнка, калі зыходзіць зь яго плянаў памяняць Канстытуцыю. Для чаго мяняць, калі не дзеля таго, каб стварыць мэханізм плаўнага транзыту?

Калі Лукашэнка будзе думаць пра перадачу ўлады рэальна, ці зьявіцца нейкі больш заўважальны пэрсанаж у інфармацыйнай прасторы, якому будзе больш дазволена публічна дэманстраваць сваё аблічча?

Ці пераважа інстынкт улады, як у самца ў ільвіным прайдзе, які зьнішчае ці выганяе маладзейшых самцоў? У прайдзе можа быць толькі адзін самец (палітык у сэнсе)

Мікалай Лукашэнка
Мікалай Лукашэнка

Цыганкоў: Думаю, што пераважыць інстынкт улады, нораў самца ў прайдзе. І мы ня будзем нічога ведаць пра сапраўдныя намеры, пра сапраўдныя крокі, якія рыхтуюцца.

Калі пераемнік і будзе публічна абвешчаны, то ў самы апошні момант. Многія палітолягі схіляюцца да думкі, што Аляксандар Лукашэнка нават і падчас наступнага тэрміну ня будзе задумвацца пра транзыт. Але нават мадэлі паступовай перадачы ўлады, як гэта было зь Ельцыным і Пуціным, у Беларусі, мне здаецца, ня будзе.

Да апошняга моманту ўсё будзе трымацца ў сакрэце, а потым, бац — абвяшчаецца, што альбо сын, альбо ўнук, альбо проста добры чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG