Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму нафтаперапрацоўка, якая раней напаўняла дзяржаўную скарбонку валютай, ператвараецца ў стратную галіну


Чаму перажывае крызыс беларуская нафтаперапрацоўка? Ці азначае гэта заход рэнтнай эканомікі? Ці можна выратаваць галіну з дапамогай мадэрнізацыі НПЗ?

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.

Глод: Да 1 чэрвеня 2017 году, здаецца, усе ў Беларусі ведалі: ёсьць дзьве галіны гаспадаркі, якія з году ў год прыносяць бюджэту найбольшую колькасьць валюты. Гэта нафтаперапрацоўка і калійныя ўгнаеньні. І раптам на ўчорашняй нарадзе Аляксандар Лукашэнка заявіў: нафтаперапрацоўка з флягмана эканомікі ператвараецца ў стратную галіну. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў хутчэй пераадолець спад. Ён нагадаў, што справы з нафтай для яго параўнальныя зь незалежнасьцю Беларусі.

Так атрымалася, што ў спадчыну ад Савецкага Саюзу Рэспубліцы Беларусь дасталіся два на той час самыя лепшыя ва ўсім СССР нафтаперапрацоўчыя заводы: у Наваполацку і Мазыры. Там з расейскай нафты выраблялі бэнзін, мазут ды іншыя віды паліва. І ўсё гэта пасьпяхова прадавалі за мяжу. Былі часы, калі экспарт нафтапрадуктаў складаў траціну і болей усяго экспарту Беларусі.

нафтаперапрацоўчы крызіс выходзіць паводле свайго значэньня за межы адной галіны

Аднак, як высьветлілася на ўчорашняй нарадзе ў кіраўніка дзяржавы, унёсак нафтаперапрацоўкі ў беларускую эканоміку зьніжаецца. Цяпер «Нафтан» «ледзь зводзіць канцы з канцамі і пастаянна выпрошвае дапамогу ў дзяржавы». Дабаўленая вартасьць нафтаперапрацоўкі ў валавым унутраным прадукце летась склала ўсяго 0,5%. Два заводы-гіганты паводле свайго ўнёску супастаўныя, напрыклад, з такой кампаніяй, як «Белтэлекам», — сказаў Аляксандар Лукашэнка. Паводле ягоных слоў, у 2016 годзе зьявілася нэгатыўная тэндэнцыя ў зьнешнім гандлі нафтай і нафтапрадуктамі, а сёлета сальда пакуль наагул адмоўнае. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ва ўдасканаленьне і мадэрнізацыю НПЗ укладзеныя немалыя грошы, а належнай аддачы дагэтуль няма. На заплянаваную ў 2015 годзе глыбіню перапрацоўкі нафты больш за 90% на сёньняшні дзень так і не ўдалося выйсьці. Чым большая глыбіня, там вышэйшая якасьць прадукту і, зразумела, ягоная цана.

Прычынамі спаду Лукашэнка назваў нэгатыўны ўплыў усясьветнай каньюнктуры, значнае падзеньне цэнаў на нафту. Разам з тым маюць месца і пралікі ў вызначэньні стратэгіі разьвіцьця галіны. Лукашэнка казаў і пра адсутнасьць выразнай праграмы дзеяньняў ураду па гэтым пытаньні. Выклікае сумнеў, што ў дэкляраваным 2019 годзе канчаткова завершыцца мадэрнізацыя нафтаперапрацоўчых заводаў.

Мне падаецца, што нафтаперапрацоўчы крызіс выходзіць паводле свайго значэньня за межы адной галіны. Ён паказвае, сама меней, на дзьве рэчы.

Першая — надзвычай нізкая якасьць сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня. Другая — правал мадэрнізацыі беларускай эканомікі наагул.

Лукашэнка і ягонае атачэньне не змаглі дывэрсыфікаваць эканоміку Беларусі

Пра гэта, дарэчы, кажа кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук. Ён пагаджаецца з тэзай, што прадстаўнікі нафтавых прадпрыемстваў не адаптаваліся да падзеньня цэнаў на нафту. І робіць з гэтага наступныя высновы: альбо мэнэджмэнт на НПЗ вельмі нізкай якасьці, альбо яму проста не даюць працаваць так, як таго патрабуе эканамічная сытуацыя. Дый наагул, у Беларусі ўсе літаральна «зацыкліліся» на нафце. Штогод, як толькі пачынаецца абмеркаваньне праекту бюджэту, першая лічба, якая гучыць, — кошт нафты. А значыць, і сапраўды надышоў час мяняць стратэгію разьвіцьця і ў нафтаперапрацоўчай галіне, і ва ўсёй беларускай эканоміцы. Пакуль жа мы бачым тое, што адбываецца, калі Лукашэнка і ягонае атачэньне не змаглі дывэрсыфікаваць эканоміку Беларусі.

Карбалевіч: У лепшыя часы, калі сусьветныя цэны на нафту перавышалі 100 даляраў за барэль, доля нафты і нафтапрадуктаў у экспарце сягала за 40%. Цяпер толькі 17%. Падзеньне цэнаў на нафту азначае важны, можа, гістарычны паварот у жыцьці Беларусі. І гэты расьцягнуты ў часе паварот будзе трываць яшчэ нейкі час.

Вось цяпер у Расеі адбываецца падатковы манэўр, які вядзе да таго, што мыта на нафтапрадукты будзе падаць, а цана нафты, якая пастаўляецца ў Беларусь, будзе расьці. Што будзе весьці да скарачэньня маржы, якую атрымлівае Беларусь. Усё гэта азначае, што эпоха рэнтнай эканомікі, на якой у значнай ступені грунтавалася і беларуская сацыяльна-эканамічная мадэль, і, у пэўным сэнсе, залежнасьць Беларусі ад Расеі, падыходзіць да канца.

у новых умовах, пытаньне прыватызацыі НПЗ расейскімі кампаніямі стала менш актуальным

Тут варта адзначыць вось што. Лукашэнка кажа, што НПЗ становяцца стратнымі. Але беларускі бюджэт спраўна атрымлівае даходы ад мыта на нафтапрадукты і страціў менш. Каб павысіць рэнтабэльнасьць НПЗ, існуе просты шлях. Трэба падвысіць акцызы на паліва. Але гэта ўжо важная сацыяльная і палітычная праблема. Бо рост цэнаў на бэнзін моцна напружыць усіх аўтамабілістаў. А мы памятаем, як аўтамабілісты нават ладзілі акцыі пратэстаў.

Гэтая сытуацыя ставіць крыж на ўсіх экзатычных праектах паставак у Беларусь нафты з Вэнэсуэлы, Азэрбайджану ці Ірану. Ад самога пачатку было адчуваньне, што ўсе гэтыя праекты стратныя. Цяпер гэта фактычна пацьвердзіла і ўчорашняя нарада.

Каб часткова выправіць сытуацыю, патрабуецца мадэрнізацыя НПЗ. Патрэбныя 1,2 млрд даляраў. Устае лягічнае пытаньне: дзе іх узяць? Вось кітайцы нешта абяцаюць.

І яшчэ адна акалічнасьць. Цяпер, у новых умовах, пытаньне прыватызацыі НПЗ расейскімі кампаніямі стала менш актуальным. Бо каму патрэбныя стратныя прадпрыемствы?

Цыганкоў: Сапраўды, вынікі мінулага году ў нафтаперапрацоўчай галіне былі вельмі кепскія, калі не казаць — катастрафічныя. Расея зьнізіла пастаўкі нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. Але ўлада, калі цяпер разьбірае гэтае пытаньне, ня ўзгадвае, зь якой прычыны гэта адбылося. А гэта адбылося праз канфлікт вакол цэнаў на газ — у якасьці пакараньня Масква зьнізіла пастаўкі нафты. То бок можна сказаць, што беларускае кіраўніцтва само было вінаватае ў тым, што ў 2016 годзе нафты было пастаўлена менш на 6 мільёнаў тон.

Цяпер Расея аднавіла пастаўкі з разьліку 24 мільёны тон нафты на год, і таму ў 2017 годзе вынікі будуць трошкі лепшыя. Але ўвогуле варта зьвярнуць увагу, што нават пры ўмове пэўнай мадэрнізацыі, укладаньня грошай у нафтаперапрацоўчыя заводы сама гэтая галіна ня мае вялікай яркай пэрспэктывы. Паводле большасьці міжнародных экспэртаў, цэны на нафту ўжо ніколі ня вернуцца да таго ўзроўню, на якім яны стаялі яшчэ 2–3 гады таму — было 120 даляраў за барэль. Цяпер яны балянсуюць у раёне 45–55, і калі ня будзе нейкіх войнаў, наўрад ці цана зможа вярнуцца на ўзровень 100 даляраў. Адпаведна, ня будзе ніколі такой вялікай маржы паміж цаной і канцавым прадуктам нафтаперапрацоўкі. Гэта спрыяе зьніжэньню рэнтабэльнасьці працы беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.

Паводле большасьці міжнародных экспэртаў, цэны на нафту ўжо ніколі ня вернуцца да таго ўзроўню, на якім яны стаялі яшчэ 2–3 гады таму — было 120 даляраў за барэль

Па-другое, увогуле мяняецца сама эканоміка і само спажываньне нафтапрадуктаў. Літаральна днямі старшыня канцэрну «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка ў размове з журналістамі прызнаў, што ў аўтамабілебудаваньні «ўжо праз 4–5 гадоў стануць адчувальнымі працэсы зьніжэньня спажываньня нафтапрадуктаў». Усе мы ведаем, што зьяўляюцца новыя мадэлі гібрыдных аўтамабіляў, электрамабіляў, і таму краіны думаюць пра гэтую будучыню. Як выглядае, усе краіны, акрамя Беларусі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG