Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Нафтан» ледзь зводзіць канцы з канцамі


«Разьвіцьцё нафтаперапрацоўкі гэта проста праседжваньне штаноў», – эканаміст Заіка

Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў пераадолець спад у нафтаперапрацоўцы падчас нарады 1 чэрвеня наконт стратэгіі разьвіцьця гэтай галіны. Паводле Лукашэнкі, гэта пытаньне «незалежнасьці нашай дзяржавы». Паводле Лукашэнкі, «нафтаперапрацоўка з флягмана эканомікі ператвараецца ў стратную галіну»:

«Дабаўленая вартасьць нафтаперапрацоўкі ў ВУП у 2016 годзе склала ўсяго паўпрацэнта. Уклад (у беларускую эканоміку) двух нафтаперапрацоўчых заводаў супастаўны, напрыклад, з такой кампаніяй, як «Белтэлекам».

Таксама ён выказаў сумнеў, што ў 2019 годзе будзе канчаткова завершана мадэрнізацыя нафтаперапрацоўчых заводаў і заявіў, што гэтыя прадпрыемствы не гатовыя працаваць у новых умовах усясьветных цэнаў на нафту:

«А цяпер «Нафтан» ледзь зводзіць канцы з канцамі і пастаянна выпрошвае дапамогу ў дзяржавы».

Доля нафтаперапрацоўкі ў прамысловасьці Беларусі складае больш за 13%, а ў экспарце – каля 17%. У 2016 годзе зьявілася нэгатыўная тэндэнцыя ў замежным гандлі нафтай і нафтапрадуктамі, сальда па выніках бягучага году адмоўнае. Беларускія НПЗ дагэтуль не выйшлі на заплянаваную ў 2015 годзе глыбіню перапрацоўкі нафты больш за 90%.

«Разьвіцьцё нафтаперапрацоўкі гэта проста праседжваньне штаноў», Леанід Заіка

Ці ўдасца выправіць сытуацыю з мадэрнізацыяй прадпрыемстваў, у тым ліку ў нафтаперапрацоўцы? Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка ў камэнтары Свабодзе заявіў, што праблема палягае ў зьніжэньні інвэстыцый:

«У Беларусі ўпаў ВУП на 40 мільярдаў, то бок практычна на 43,7%. І сынхронна ўпалі інвэстыцыі недзе больш чым на 15%. Таму інвэстыцыйная плынь звузілася. Гэта чыста аб’ектыўная сытуацыя. Прадпрыемствы гэтыя увогуле захопленыя намэнклятурай. Яны называюць іх дзяржаўнымі, насамрэч яны намэнклятурна рэгуляваныя. Гэта такое фамільнае срэбра.

Ну калі б яны былі прыватныя, можна было казаць пра тое якія інвэстыцыі, колькі. А так яны, што пастаў туды доктара, што пастаў туды футбольнага трэнэра ці алімпійскага чэмпіёна, яны будуць працаваць так, як працуюць. Таму тут не трэба нейкіх цудаў чакаць. У нас наогул ідзе зьніжэньне інвэстыцыйнай актыўнасьці. Гэта нармальная зьява.

Дарэчы, грошы трэба ўкладаць не ў нафтаперапрацоўку, а ў чалавечы капітал. Гэта прынцыповая памылка. Справа ў тым, што ў разьвіцьцё адукацыі ў нас ідзе толькі 1% ад агульных аб’ёмаў інвэстыцый. А разьвіцьцё нафтаперапрацоўкі гэта проста праседжваньне штаноў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG