Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даляр па 2,25? Чаго ўлады чакаюць у 2020 годзе і што думаюць эканамісты


Сярэднегадавы курс беларускага рубля да даляра ў 2020 годзе ўлады плянуюць на 10% вышэйшым за цяперашні — ён мае скласьці 2,2447 рубля. Гэта значыць, што на канец году даляр можа быць даражэйшы за раней плянаваныя 2,38 рубля.

У дзяржаўным часопісе «Фінансы. Улік. Аўдыт» начальніца галоўнага ўпраўленьня бюджэтнай палітыкі Міністэрства фінансаў Алена Печань расказала, што ў дзяржаўным бюджэце на 2020 год мяркуецца закласьці сярэднегадавы курс да даляра ў памеры 2,2447 рубля.

Цяперашні афіцыйны курс — 2,0544 рубля за даляр. Адпаведна, ва ўрадзе чакаюць аслабленьня беларускай валюты на 9,26%.

У такім выпадку даляр паб’е і рэкорд студзеня гэтага году (2,18 рубля), і рэкорд за ўсе часы — 2,2069 рубля (з улікам дэнамінацыі), які быў у лютым 2016 году.

Адкуль пэсымізм уладаў

У аснову праекту бюджэту на 2020 год, як тлумачыла Алена Печань, пакладзены «базавы сцэнар эканамічнага разьвіцьця». У гэтым сцэнары ўлічваюцца прыблізна цяперашняя цана на нафту (каля 60 даляраў за барэль Urals), расейскі падатковы манэўр і адсутнасьць яго кампэнсацыі.

Таксама ў сцэнары — зьніжэньне з 2,5 да 2 разоў максымальнага каэфіцыенту да стаўкі маёмасных падаткаў і скасаваньне абмежаваньня па вынятку ўваходнага падатку на дададзеную вартасьць пры імпарце спажывецкіх тавараў, зьмяншэньне кадастравага кошту земляў грамадзкай, бізнэсовай і вытворчай зонаў.

Іосуб: будзе 2,20

Старшы аналітык «Альпары», эканаміст Вадзім Іосуб лічыць, што прагноз уладаў празьмерна пэсымістычны. У камэнтары Reform.by ён заявіў, што з улікам цяперашняй сытуацыі заплянаваны рост курсу даляра занадта высокі.

Вадзім Іосуб, архіўнае фота
Вадзім Іосуб, архіўнае фота

Гэта, адзначыў ён, можа мець нэгатыўныя наступствы: улады ж плянуюць ня толькі курс, а і валютныя даходы, якія пры ніжэйшым фактычным курсе, адпаведна, акажуцца ніжэйшымі ў нацыянальнай валюце.

Як перадае БелаПАН, на прэс-брыфінгу 30 кастрычніка Іосуб выказаў меркаваньне, што да канца году курс можа вырасьці да 2,1 рубля, а да канца 2020-га — да 2,2 рубля. Курс эўра ён прагназуе роўным 2,32 рубля на канец бягучага і 2,44 рубля на канец наступнага году.

Гэтых прагнозаў, кажа Іосуб, удасца дасягнуць, калі ўлады будуць прытрымлівацца палітыкі фінансавай стабільнасьці і ня стануць штучна стымуляваць эканамічны рост за кошт дырэктыўных крэдытаў.

Заіка: Ня варта ставіцца да гэтых прагнозаў надта сур’ёзна

Эканаміст Леанід Заіка кажа Свабодзе, што ня ведае, які менавіта будзе курс, але дакладна ведае, што цяпер «ідзе працэс забойства беларускага рубля».

Леанід Заіка
Леанід Заіка

«Працэс забойства беларускага рубля ідзе плянамерным чынам, бо заробкі вырасьлі на 12%, калі ВУП вырас недзе на 1%, — тлумачыць ён. — І за кошт дэфармацыі ў сфэрах даходаў і грашовай палітыкі (а грашовыя масы сталі расьці аж да 20%) усё ідзе да дэвальвацыі».

Заіка лічыць, што гэтыя фактары прывядуць да дэвальвацыі на 8–12% (каб проста расплаціцца з даўгамі, патрэбная дэвальвацыя мінімум на 5%, мяркуе ён). І калі ў Беларусі не адбудзецца абмежаваньня даходаў і зьніжэньня ўзроўню жыцьця, або калі ня будуць знойдзеныя новыя экспартныя напрамкі, можа пачацца «працэс некіраванай дэвальвацыі і інфляцыі», пры якім «курс ня будзе мець значэньня».

Але да ўсіх прагнозаў па курсе рубля і бюджэце ён заклікае ня ставіцца занадта сур’ёзна.

Бюджэт, верагодна, будзе прымаць ужо новае скліканьне Нацыянальнага сходу з новымі дэпутатамі, можа зьмяніцца і прэм’ер-міністар, адзначае Заіка. Яны могуць быць не такімі дасьведчанымі, а што-небудзь падпішуць. Да таго ж, дзяржаўны бюджэт могуць карэктаваць і пасьля прыняцьця.

У цяперашніх глябальных працэсах, калі могуць зламацца і грашовая палітыка, і курсы валютаў, Заіка раіць думаць «ня колькі трэба сыпаць солі, а што мы наогул будзем варыць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG