Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёмага траншу эўразійскага крэдыту Беларусь не атрымае, мінулі ўсе тэрміны


Грошы, ілюстрацыйнае фота

Беларусь ня зможа атрымаць сёмы транш крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, паколькі мінулі тэрміны яго даступнасьці, расказаў агенцтву БелаПАН суразмоўца зь фінансавых колаў.

Перамоваў аб новым крэдыце Беларусі з фондам, галоўным донарам якога выступае Расея, не вядзецца. Праграма закрытая, сёмага траншу не будзе, кажа крыніца агенцтва.

«Цяпер ідзе праца над праграмай паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй. Толькі пасьля яе падпісаньня расейскі бок гатовы перайсьці да абмеркаваньня іншых пытаньняў, якія ў тым ліку датычацца фінансаваньня Беларусі», — кажа экспэрт.

Беларускія ўлады раней разьлічвалі атрымаць ад Расеі міждзяржаўны крэдыт на 600 млн даляраў, а таксама сёмы транш крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця на 200 млн даляраў. Меркавалася, што гэтыя сродкі паступяць у Беларусь у 2019 годзе.

Крэдытную праграму Беларусь заключыла ў 2016 годзе на 2 млрд даляраў. За 2016–2018 гады было атрымана шэсьць зь сямі траншаў на 1,8 млрд даляраў. Перамовы аб атрыманьні сёмага вяліся ў першай палове 2019-га.

На думку фінансавых аналітыкаў, Беларусь не змагла атрымаць сёмы транш крэдыту з палітычных прычынаў. Старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб мяркуе, што калі ў краіны, якая просіць грошы, узьнікае канфлікт з галоўным акцыянэрам фонду (Расеяй), то фінансавыя пытаньні апынаюцца ў падвешаным стане.

Беларусь і Расея больш за год ня могуць дамовіцца ў ключавых нафтагазавых пытаньнях. Менск настойвае на кампэнсацыі нэгатыўных наступстваў ад падатковага манэўру ў нафтавай галіне Расеі. Масква ўвязвае ўрэгуляваньне спрэчных момантаў з рэалізацыяй праграмы паглыбленьня інтэграцыі дзьвюх краін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG