Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь адмовілася ад «палітычнага» крэдыту Масквы на 600 млн даляраў, хоча 500 млн ад Кітаю


Даляры ЗША і кітайскія юані, ілюстрацыйнае фота
Даляры ЗША і кітайскія юані, ілюстрацыйнае фота

Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч заявіў 25 кастрычніка аб адсутнасьці патрэбы ў «нейкіх палітычных крэдытах» ад Расеі. Затое, падобна, будзе крыху меншы крэдыт ад Кітаю.

«Мы не разглядаем у якасьці крыніцы фінансаваньня крэдыт ураду Расейскай Фэдэрацыі і не вядзём перамовы з нагоды гэтага крэдыту, — перадае «Інтэрфакс» заяву Максіма Ермаловіча. — Запытаў мы расейскаму боку не падавалі. На атрыманьне расейскага крэдыту мы не разьлічваем».

У Беларусі, заявіў ён, ёсьць «дакладнае разуменьне» крыніц фінансаваньня на 2020 год, таму «неабходнасьці ў нейкіх палітычных крэдытах абсалютна няма.

Што за непатрэбны «палітычны» расейскі крэдыт?

Ермаловіч, падобна, меў на ўвазе крэдыт на 600 млн даляраў, ухвалены расейскім урадам у красавіку. Той крэдыт прасілі беларускія ўлады, ён мусіў пайсьці на рэфінансаваньне ранейшых пазык у 2020 годзе.

Тыдзень таму міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў заявіў, што гэтага крэдыту «можа і ня быць», бо «ня вырашана пакуль». Расейскі міністар тады ўдакладніў, што пытаньне аб крэдыце не зьвязанае наўпрост з плянамі «паглыбленьня інтэграцыі» Беларусі і Расеі, але «залежыць ад прасоўваньня краінаў у пытаньні далейшай інтэграцыі».

У жніўні ягоны беларускі калега Максім Ермаловіч казаў, што Расея ўвязвае выдзяленьне Беларусі крэдыту на 630 мільёнаў даляраў менавіта з інтэграцыйнымі працэсамі. Ермаловіч тады адзначаў, што альтэрнатывай расейскаму крэдыту, перамовы аб якім зацягнуліся, можа быць кітайскі.

Што можа даць Кітай

Як перадае «Інтэрфакс» словы Ермаловіча, Беларусь разьлічвае атрымаць ад Банку разьвіцьця Кітаю крэдыт на 3,5 млрд юаняў (каля 500 млн даляраў). Міністар спадзяецца, што да канца году ня толькі завершыцца перамоўны працэс, але і будзе атрыманы сам крэдыт.

У Менск, дадаў міністар, ужо прыяжджала вялікая група «калегаў» з Банка разьвіцьця Кітаю, цяпер «усе асноўныя элемэнты крэдыту ўзгодненыя». У Беларусі чакаюць толькі рашэньня кітайскага банка, рыхтуюць дакумэнты для ўласных унутраных працэдураў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG