Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спачатку інтэграцыя, потым грошы. Міністар фінансаў назваў прычыну затрымкі расейскага крэдыту


Расея ўвязвае выдзяленьне Беларусі крэдыту на 630 мільёнаў даляраў з інтэграцыйнымі працэсамі, заявіў міністар фінансаў Максім Ермаловіч.

Паводле Ермаловіча, расейскі міністар фінансаў Антон Сілуанаў «неаднакроць казаў, што калі мы выйдзем на якуюсьці агульную карціну па мэханізмах і інструмэнтах інтэграцыі, тады будзем вырашаць пытаньні крэдытнага ўзаемадзеяньня ў больш шырокім фармаце, але ня толькі ў рамках гэтага крэдыту, але і ў цэлым па ўсім графіку плацяжоў на карысьць ураду РФ», паведамляе Interfax.

Ермаловіч адзначыў, што ў Менску разумелі, што пытаньні крэдытнага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі павязаныя зь вялікім парадкам двухбаковых стасункаў.

Вылучэньне крэдыту ​расейскі ўрад узгадніў сёлета ў красавіку. Гэтыя грошы плянавалася выдаткаваць на рэфінансаваньне зьнешняй запазычанасьці Менску па ранейшых расейскіх крэдытах.

«Мы рыхтаваліся замясьціць гэты расейскі крэдыт іншымі крыніцамі, гэтая праца вялася ўжо зь мінулага году», — дадаў кіраўнік Мінфіну.

  • 13 сьнежня 2018 году расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што пажаданых Беларусьсю цэнаў на газ і нафту можна дасягнуць, калі «прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы». Прапанову аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты пазьней назавуць «ультыматумам Мядзьведзева». Лукашэнка на наступны дзень заявіў пра шантаж, намёкі на ўключэньне Беларусі ў склад Расеі і разбурэньне краіны — гэтага «ня будзе ніколі», запэўніў ён.
  • 15 сакавіка, вечар: Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч у парлямэнце заявіў, што любыя крокі ў інтэграцыйных аб’яднаньнях «павінны прадпрымацца пры захаваньні сувэрэнітэту, незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, Канстытуцыі і іншых атрыбутаў дзяржаўнасьці».

Замежны дзяржаўны доўг Беларусі на 1 траўня — 16,7 млрд даляраў, на выплаты яго ў студзені — красавіку Беларусь патраціла 588 млн даляраў. За гэты час урад Беларусі ўзяў новыя пазыкі на 299,6 млн даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG