Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь шукае крэдытаў у Расеі і Кітаі, каб рэфінансаваць ранейшыя пазыкі


Вонкавы дзяржаўны доўг Беларусі складае 16,6 мільярда даляраў.

Намесьнік міністра фінансаў Беларусі Андрэй Белкавец расказаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, што ўрад Беларусі чакае крэдыту з Расеі. Ён не сумняваецца, што грошы з Масквы будуць пераведзеныя.

«Мы ведаем, што ў дзяржаўны бюджэт Расеі на 2019 год 600 мільёнаў даляраў для нас закладзеныя. Расейскі бок не адмаўляецца ад раней дасягнутых дамоўленасьцяў. Але паколькі гэта расейскія грошы, то мы вымушаныя чакаць. Гэта болей пытаньне да расейскага боку», — заявіў Андрэй Белкавец.

Паводле яго, гэтыя грошы пойдуць на рэфінансаваньне ранейшых крэдытаў, выплату працэнтаў.

Намесьнік міністра дадаў, што, апрача таго, беларускія ўлады не адмаўляюцца ад пошуку альтэрнатыўных пазык, у тым ліку так званых «незьвязаных крэдытаў», якія не выдаюцца пад канкрэтныя інвэстыцыйныя праекты. Цяпер пра гэта Менскам вядуцца перамовы з Банкам разьвіцьця Кітаю. Памер чаканай пазыкі з Кітаю прыкладна такі ж, як і расейскі,— каля 600 мільёнаў даляраў.

«Гэта альтэрнатыва, якую бакі цяпер абмяркоўваюць. У выпадку дасягненьня дамоўленасьці Беларусь можа накіраваць кітайскі крэдыт на рэфінансаваньне замежных даўгоў», — патлумачыў намесьнік міністра фінансаў.

Тайм-аўт для эўрабондаў

Разам з тым Міністэрства фінансаў сёлета не прагназуе выхаду з сувэрэннымі дзяржаўнымі аблігацыямі на эўрапейскі рынак, заявіў Андрэй Белкавец. Паводле яго, у Менску пакуль ня бачаць у гэтым неабходнасьці:

«І гэта пытаньне ня ў нейкім допуску на рынак. Проста патрэбы такой няма, бо гэта вельмі дарагая крыніца».

Ён адзначыў, што трэба будзе старацца прыцягнуць больш танныя сродкі.

Раней міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч заяўляў, што краіна плянуе прыцягнуць сумарна да 2 мільярдаў даляраў за кошт разьмяшчэньня аблігацый на рынках Кітаю і Расеі і некаторых лякальных рынках. Але міністар таксама зьвяртаў увагу, што гэта пляны не на 2019 год, а на больш позьні час.

Як паведамляе Мінфін, па стане на 1 красавіка 2019 году замежны дзяржаўны доўг Беларусі складае 16,6 мільярда даляраў.

За год на ягонае абслугоўваньне патрэбна 2-3 мільярды даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG