Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь заявіла аб стварэньні вытворчасьці стралковай зброі

абноўлена

Стралковая зброя на выставе MILEX-2019 у Менску
Стралковая зброя на выставе MILEX-2019 у Менску

Пісталет і снайпэрская вінтоўка ўжо распрацаваныя. Ці будзе ўласная штурмавая вінтоўка, яшчэ невядома.

Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась заявіў 15 траўня на выставе MILEX у Менску аб стварэньні ў Беларусі вытворчасьці стралковай зброі і боепрыпасаў як новай прамысловай галіны, піша БелТА.

Паралельна са стварэньнем галіны, дадаў ён, ідзе «фармаваньне нарматыўнай прававой базы», выхад на вытворчасьць канчатковых узораў узбраеньняў.

Якую менавіта зброю будуць вырабляць, не ўдакладняецца: паведамляецца толькі, што на MILEX прадстаўлены ўзоры, «пачынаючы ад стралковай зброі і сканчаючы ракетнымі комплексамі».

Якую беларускую зброю ўжо паказалі

Некаторую беларускую стралковую зброю паказвалі ўжо раней, у тым ліку на папярэдніх выставах MILEX. Праўда, зьвесткі пра яе блытаныя і неадназначныя.

Самазарадная вінтоўка «Тыгр». Паляўнічая вэрсія савецкай снайпэрскай вінтоўкі Драгунова (СВД), створаная канцэрнам «Калашнікаў» у 1969 годзе, вырабляецца і ў Беларусі (пераважна пад патрон 7,62х54R, распрацаваны яшчэ ў 1890 годзе ў Расейскай імпэрыі). Нягледзячы на паляўнічае прызначэньне, часам з такімі вінтоўкамі былі вайскоўцы на вучэньнях.

Беларускія снайпэрскія вінтоўкі і прыцэлы
Беларускія снайпэрскія вінтоўкі і прыцэлы

Снайпэрскія вінтоўкі СВН 01 і СВН 02. Пра іх вядома няшмат, але сьцьвярджаецца, што гэта «цалкам беларускія распрацоўкі». Гэтыя вінтоўкі ці то са сьлізгальным затворам (які трэба перасоўваць уручную пасьля кожнага стрэлу), ці то паўаўтаматычныя — у дзяржаўных СМІ згадваюцца абодва варыянты. Эфэктыўная далёкасьць стральбы 600–800 мэтраў, а прыцэльная — да 1 км (мяркуючы па ўсім, нязначна меншая за тую ж СВД, але сьцьвярджаецца, нібы «дакладнасьць удвая вышэйшая» за СВД). Зброя мае рэйку Пікатыні для ўсталяваньня сучасных прыцэлаў (ёсьць прыцэлы «Пума» беларускага вырабу). Падобна, нейкая з вэрсіяў вінтоўкі мае глушыльнік. Такую ж назву — СВН 01 — мае расейская пнэўматычна-гідраўлічная вінтоўка для падводнага паляваньня, якая вырабляецца і ў Беларусі, але гаворка, пэўна, не пра яе.

Пісталет ПСН-В. У 2017 годзе прадстаўляўся як «самы тонкі сэрыйны пісталет у сьвеце» — таўшчыня ўсяго 18 мм. Прызначаны для скрытнага нашэньня, прыцэльная далёкасьць страляньня — усяго 25 м, пачатковая хуткасьць кулі сярэдняя — 340–350 м/с. Распрацаваны пад патрон 9x19 мм Parabellum (магазін на 6 ці 8 патронаў), таксама анансавалася магчымасьць выпускаць пісталет пад амэрыканскія патроны. 380 ACP і.22 LR, савецкі 9x18 мм. Казалі і пра магчымасьць усталяваньня рэйкі Пікатыні, і пра магчымае ўсталяваньне глушыльніка. Канструктар пісталета Ігар Васільеў, як адзначалася, 25 гадоў праслужыў у спэцназе ў Расеі.

Беларускі пісталет ПСН-В
Беларускі пісталет ПСН-В

Пісталет ПВ-17. Той жа канструктар Васільеў у пачатку 2018 году заявіў пра распрацоўку пісталета для цывільнага рынку пад патрон 9x19. Тады быў прадстаўлены толькі макет, але разьлікі былі на зброю з магазінам на 17 патронаў і на прыцэльную далёкасьць страляньня да 50 м.

Гранатамёт Барышава. Экспэрымэнтальны аўтаматычны гранатамёт распрацоўваўся беларускім канструктарам, як сьцьвярджаецца, больш за 30 гадоў. Прызначаны для паражэньня цэляў аскепкавымі гранатамі на адлегласьці да 1000–1200 м. Выкарыстоўваюцца савецкія і расейскія гранаты калібру 30 мм. Можа страляць кароткімі чэргамі з магазіна на 6 стрэлаў або стужкай на 29 стрэлаў.

Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў дорыць Аляксандру Лукашэнку савецкі аўтамат Калашнікава, 19 лютага 2015 году
Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў дорыць Аляксандру Лукашэнку савецкі аўтамат Калашнікава, 19 лютага 2015 году

А штурмавая вінтоўка і пісталет-кулямёт? Асноўная зброя салдата пасьля Другой сусьветнай вайны — штурмавая вінтоўка (або проста аўтамат у савецкай тэрміналёгіі). Беларускія вайскоўцы цяпер карыстаюцца савецкімі і расейскімі аўтаматамі Калашнікава, а пра распрацоўку сваёй штурмавой вінтоўкі ці закупку ўкраінскіх або польскіх вінтовак не паведамлялася (хіба «Белспэцзьнештэхніка» аднойчы паказала прататып вінтоўкі на базе амэрыканскай AR-15 пад савецкі патрон 7,62×39 мм). Таксама не паведамлялася пра распрацоўку ўласнага пісталета-кулямёта (у англамоўнай тэрміналёгіі submachine gun) — такі тып зброі выкарыстоўваецца часьцей паліцыяй і спэцназам, ды ў Беларусі замест яго выкарыстоўваюць кампактную вэрсію «Калашнікава» АКС-74У. Але на вуліцах Менску часам бачылі праваахоўнікаў зь нямецкімі MP5.

А якія заводы? Пакуль не паведамлялася, якія вытворчыя магутнасьці плянуюцца ў «прамысловай галіне», але пакуль беларуская стралковая зброя выпускалася дробнымі партыямі (калі не адзінкавымі экзэмплярамі), якімі немагчыма забясьпечыць значную частку войска. Ды і пра пляны пераўзбраеньня войска ўласнай стралковай зброяй ніхто з чыноўнікаў не заяўляў — Беларусь зарабляе на дронах, рамонце і перапродажы савецкай тэхнікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG