Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Нікому база не патрэбная»


Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з расейскімі журналістамі 14 сьнежня заявіў, што расейская вайсковая база на тэрыторыі Беларусі не патрэбная.

Прэс-канфэрэнцыя была паказаная ўвечары па БТ-1.

«У нас вельмі глыбокая інтэграцыя, ажно да вайсковай. Спахабілі ўсё гэтай базай. Нікому база не патрэбная. Будаваць нейкую базу на старым аэрадроме?

З Пуціным мы абмяркоўвалі гэту праблему. Я пытаюся: «Уладзімеравіч, навошта? 3-4 хвіліны падлёт самалётаў з Расеі. Навошта на перадавую, калі вайна пачнецца, валачы аэрадром? Адна ракета і ўзьлётна-пасадачная паласа непрыдатная.

Гэта быў нейкі непрадуманы піяраўскі ход: вось мы тут базу разьмесьцім».

Паводле Лукашэнкі, Беларусь мае 3-4 базы ВПС.

«На любую базу саджайце заўтра 20-30 самалётаў, карыстайцеся. Але я папрасіў Пуціна, каб не было тут скандалаў, самалёт Су, МіГ — адзін чалавек сядзіць расеец, другі ззаду — беларус ці наадварот».

Лукашэнка адзначыў, што раней прасіў Пуціна даць з дзясятак самалётаў.

«Дорага. Я пытаюся: ты намякаеш, што я павінен купіць за такія грошы? У мяне такіх грошай няма, мне за газ трэба плаціць, крэдыты вяртаць. Шчыра кажучы, ты што, хочаш, каб я купіў аўтамат цябе абараняць? Яны ў цябе на складзе ляжаць, згніюць — да гэтага даходзіць».

Пры гэтым, паводле Лукашэнкі, Расея адмовілася заключыць з Беларусьсю пагадненьне аб ядзерным прыкрыцьці.

«Вось такі ў нас саюз і сяброўства», — сказаў Лукашэнка.

Таксама кіраўнік краіны сказаў, што ня будзе браць грошай за расейскія вайсковыя аб’екты, якія ўжо існуюць у Беларусі.

На тэрыторыі Беларусі сёньня месьцяцца два расейскія вайсковыя аб’екты: Асобны радыётэхнічны вузел у Ганцавічах і 43-і вузел сувязі ў Вілейцы. Згодна зь беларуска-расейскім міжурадавым пагадненьнем ад 6 студзеня 1995 году яны разам зь зямельнымі ўчасткамі перададзеныя Расеі ў карыстаньне да 2020 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG