Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дроны, рамонт тэхнікі. Як і колькі Беларусь зарабляе на зброі


Архіўнае фота

Асноўны пакупнік беларускай вайсковай прадукцыі — Расея. Свабода паглядзела, якой зброяй і з кім гандлюе Беларусь.

15 траўня ў Менску адкрываецца 9-я міжнародная выстава вайсковай тэхнікі «MILEX — 2019», на якой Беларусь традыцыйна прадстаўляе сваю прадукцыю. Свабода паглядзела, як зьмяняўся экспарт вайсковай тэхнікі зь Беларусі ў іншыя краіны.

Колькі Беларусь зарабляе на зброі

1 мільярд 49 мільёнаў даляраў — столькі, па падліках Вайскова-прамысловага камітэту, Беларусь зарабіла на пастаўках вайсковай тэхнікі летась. Такую іфнармацыю Tut.by паведамляў прадстаўнік Дзяржкамваемпраму. За 4 гады экспарт вайсковай прадукцыі зь Беларусі вырас у 1,3 раза: з 827 мільёнаў даляраў да 1 мільярда 49 мільёнаў.

Пры гэтым, згодна(PDF) зь міжнародным рэйтынгам Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньня праблемаў сьвету (SIPRI), Беларусь, наадварот, скараціла пастаўкі. Але гэты рэйтынг ня ўлічвае разьлікі з Расеяй у расейскіх рублях. Адсюль такое разыходжаньне ў дадзеных, мяркуе вайсковы аналітык Аляксандар Алесін.

«Гэты рэйтынг няпоўны. Апроч гандлю з Расеяй, ён ня ўлічвае ўнутрыкаапэрацыйны гандаль. Бо такія зьдзелкі не рэгіструюцца на зьнешнім рынку. Да таго ж там ня ўлічваюцца ўсе віды тэхнікі. А гэта цэлы шэраг радыёэлектронных сродкаў», — тлумачыць Аляксандар Алесін.

Але нават па гэтым рэйтынгу Беларусь трапляе ў топ-20 найбуйнейшых пастаўшчыкоў зброі ў сьвеце.

Стаўка на дроны і барацьбу з дронамі

Летась Беларусь прадала 750 адзінак рознай вайсковай тэхнікі. Гэта бранятэхніка, дроны, сродкі індывідуальнай абароны вайскоўцаў. Да таго ж адзін з асноўных складнікаў беларускага экспарту — гэта паслугі.

«На першым месцы — мадэрнізацыя сродкаў паветранай абароны для іншых краін і мадэрнізацыя авіяцыі. Што нарастае і хутка будзе адным з асноўных — гэта сродкі радыёлякацыйнай барацьбы і радыёлякацыйнай выведкі, а таксама мадэрнізацыя бранятанкавай тэхнікі, оптыка для танкавай тэхнікі. Гэта і прыцэлы, і дальнамеры», — кажа Аляксандар Алесін.

У беларускім дзяржваенпраме, у сваю чаргу, кажуць, што ставяць на разьвіцьцё высокатэхналягічных сродкаў — гэта дроны і прыстасаваньні для барацьбы зь імі.

Асноўныя пакупнікі беларускай вайсковай тэхнікі — Расея, СНД, Віетнам

Летась Беларусь пастаўляла зброю і вайсковую тэхніку ў 76 краін. Абсалютны лідэр — Расея, на гэты рынак прыпадае 40% усяго экспарту. Таксама ў топе пакупнікоў — Азэрбайджан, Казахстан, Віетнам.

«У нас цесныя сувязі зь Віетнамам, якому патрэбная мадэрнізацыя сродкаў радыёлякацыі. Таксама мы зь імі працуем у галіне вытворчасьці дронаў. Сярод постсавецкіх краін — гэта Азэрбайджан, якому мы мадэрнізавалі сыстэму ПВА, у нас ёсьць сувязі з Казахстанам, якому мы мадэрнізавалі МІГ-27 і штурмавікі СУ-25. У асобную групу можна выдзеліць краіны Афрыкі, якім мы мадэрнізуем ПВА: Ангола, Судан», — кажа Аляксандар Алесін.

У бліжэйшай будучыні буйным пакупніком могуць стаць Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Яны замовілі ў Беларусі танкавозы, кожны зь якіх каштуе мільён даляраў, падлічвае Аляксандар Алесін.

У наступным годзе беларускі Дзяржваенпрам плянуе павялічыць пастаўкі вайсковай прадукцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG