Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка не пабачыў неабходнасьці ў стварэньні расейскіх вайсковых базаў у Беларусі


 Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Лукашэнка назваў праблему расейскай базы на тэрыторыі Беларусі «надуманай».

Аляксандар Лукашэнка ня бачыць неабходнасьці ў стварэньні вайсковых базаў іншых дзяржаў, у тым ліку Расеі, на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта ён заявіў сёньня на сустрэчы з групай амэрыканскіх аналітыкаў, перадае БЕЛТА.

Паводле Лукашэнкі, Беларусь знаходзіцца ў вайсковым саюзе з Расеяй, у якой стасункі з Захадам цяпер ня самыя лепшыя, «тым ня менш на тэрыторыі Беларусі дагэтуль няма ніякіх базаў іншых дзяржаў».

«Мы ў вайскова-палітычным саюзе з Расеяй. Будзе тут база вайсковая, ня будзе — розьніцы абсалютна ніякай няма, — сказаў Лукашэнка. — І мы гэтую базу не разьмяшчаем тут не таму, што мы хочам вам ці каму-небудзь паказаць, што мы сувэрэнныя і незалежныя. Мы яе не разьмяшчаем, таму што яна тут не патрэбна. Мы самі паводле нашай задумы, ваеннага абарончага пляну з Расеяй, забясьпечым тыя функцыі, якія на нас ускладзены».

Паводле Лукашэнкі, Узброеныя сілы Беларусі ўжо чатыры разы рэфармаваліся і ў стане захаваць бясьпеку краіны і выканаць свае функцыі лепш, чым любая іншая дзяржава, у тым ліку Расея.

«Таму нам не патрэбны ніякія базы. Калі яны патрэбны будуць, мы пра гэта скажам сумленна», — заключыў ён.

«Мы катэгарычна супраць разьмяшчэньня»

Кіраўнік краіны заявіў, калі NATO будзе працягваць «запалохваць», разьмяшчаючы базы ў Польшчы альбо яшчэ нейкім чынам, то Беларусі спатрэбіцца больш эфэктыўная зброя, перш за ўсё ракетная.

«Хоць апошнім часам (вы назіраеце, мы таксама ня ўтойваем) мы стварылі сваю ракетную прамысловасьць і зрабілі сваю высокадакладную ракетную зброю, — заявіў Лукашэнка. — Таму на сёньняшні дзень я нават ня бачу нейкай неабходнасьці ў прыцягненьні іншай дзяржавы на тэрыторыю Беларусі, у тым ліку Расеі, для выкананьня нашых функцый.

Вось чаму мы катэгарычна супраць разьмяшчэньня, тым больш базы вайскова-паветраных сілаў. Час падлёту любога самалёта з тэрыторыі Расеі, калі ў гэтым будзе неабходнасьць, 3-5 хвілін. Навошта тады тут база, навошта вылучаць і падстаўляцца пад удар магчымага агрэсара, выстаўляючы вайскова-паветраную базу на перадавую».

1 сьнежня 2017 году было апублікавана міжурадавае беларуска-расейскае пагадненьне аб сумесным тэхнічным забесьпячэньні рэгіянальнай групоўкі войскаў. Пазьней беларускі ўрад прыняў пастанову, у адпаведнасьці зь якой на тэрыторыі Беларусі адрамантуюць вайсковыя абʼекты, якія зьбіраюцца выкарыстоўваць вайскоўцы Расеі: аэрадромы, абʼекты радыёнавігацыі, інжынэрнай інфраструктуры, арсэналы, базы, склады, інфраструктура тылу.

«Гэта проста нейкі піяр непатрэбны»

Лукашэнка назваў размовы пра расейскую вайсковую базу «ня больш чым балбатнёй».

«Гэта проста нейкі піяр непатрэбны, — казаў ён. — З практычнага пункту гледжаньня ў гэтым няма ніякай неабходнасьці.Трэба будзе, мы пра гэта скажам голасна. Але мы ня хочам ініцыяваць ніякіх крокаў, каб вы падумалі, што беларусы нейкія ненармальныя: кажуць адно, робяць іншае і рыхтуюцца да вайны».

На тэрыторыі Беларусі сёньня месьцяцца два расейскія вайсковыя аб’екты: Асобны радыётэхнічны вузел у Ганцавічах і 43-і вузел сувязі ў Вілейцы. Згодна зь беларуска-расейскім міжурадавым пагадненьнем ад 6 студзеня 1995 году яны разам зь зямельнымі ўчасткамі перададзеныя Расеі ў карыстаньне да 2020 году.

«Ваявалі разам з вамі супраць фашызму»

«Але абараняцца, калі трэба, мы будзем ня так, як у былыя часы. Вы ведаеце, што мы страцілі ў апошняй вайне кожнага трэцяга. Дарэчы, ваявалі разам з вамі супраць фашызму», — сказаў Лукашэнка.

«Беларусь катэгарычна не зацікаўленая ў канфліктах»

Беларусь, знаходзячыся паміж двума найбуйнейшымі цэнтрамі сілы, катэгарычна не зацікаўленая ў канфліктах — ні ў гарачых, ні ў замарожаных, сказаў кіраўнік краіны.

«Вам як экспэртам ня толькі ў сфэры замежнай палітыкі, але і ў ваенна-палітычных пытаньнях ня трэба тлумачыць, чым можа пагражаць нам любая ваенная канфрантацыя паміж Захадам і Ўсходам, — разважаў Лукашэнка. — Наша краіна катэгарычна не зацікаўленая ў канфліктах: ні ў гарачых, ні ў замарожаных. ні ў суседзяў, ні тым больш на сваёй тэрыторыі».

Паводле Лукашэнкі, Беларусь — эўрапейская дзяржава, зацікаўленая ў моцнай і адзінай Эўропе, у моцным трансатлянтычным партнэрстве.

«Гэта асноўная апора нашай плянэты, і ня дай Бог яе разбурыць, — дадаў ён. — Мы ўпэўненыя, што ад згуртаванасьці краінаў у рэгіёне і захаваньня ваенна-палітычнай ролі ЗША ў эўрапейскіх справах залежыць бясьпека ўсяго кантынэнту».

Прадстаўнікі аналітычных цэнтраў ЗША наведваюць Беларусь 5-6 лістапада. У склад амэрыканскай дэлегацыі ўваходзяць экспэрт Цэнтра аналізу эўрапейскай палітыкі Бэн Годжэс, старшы дырэктар Цэнтра дыпляматыі і глябальных дачыненьняў імя Дж.Байдэна Майкл Карпэнтэр, экспэрт аналітычнага цэнтру «Карпарацыя РЭНД» Брус Маклінток, прэзыдэнт Джэймстаўнскага фонду Глен Говард і старшы навуковы супрацоўнік гэтага фонду Ўладзімер Сокар.

Напярэдадні амэрыканскія аналітыкі сустрэліся зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем. Таксама падчас візыту яны пабываюць у Міністэрстве абароны, Менскім сувораўскім вайсковым вучылішчы, Парку высокіх тэхналёгій, у музэі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG