Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея завязе на беларускія склады свае танкі з гарматамі? Экспэрт: «Гэта крок да будучай вайны»


Беларускі ўрад ухваліў праект праграмы Саюзнай дзяржавы аб удасканальваньні абʼектаў вайсковай інфраструктуры, якія прызначаныя для сумеснага выкарыстаньня.

6 сьнежня адпаведную пастанову падпісаў прэмʼер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў, яна ўжо зьявілася на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Паводле гэтага дакумэнту Мінабароны Беларусі даручана прапанаваць праект праграмы на разгляд Савету міністраў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.

Цалкам дакумэнт, падрыхтаваны вайскоўцамі, завецца праектам «Праграмы Саюзнай дзяржавы „Ўдасканаленьне абʼектаў вайсковай інфраструктуры, якія плянуюцца для сумеснага выкарыстаньня ў інтарэсах забесьпячэньня рэгіянальнай групоўкі войскаў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі“».

Але пра якую вайсковую інфраструктуру ідзе гаворка? Ці не пра расейскія базы ў Беларусі?

Мінабароны: «Ну якія базы?!»

Карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся ў Міністэрства абароны Беларусі па камэнтар да падрыхтаванага праекту праграмы і наўпрост запытаў: ці не вядзецца ў праекце пра стварэньне на тэрыторыі Беларусі расейскіх вайсковых базаў?

«Ну якія базы?!», — адказаў прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў, але разгорнутага камэнтару ня даў, спаслаўшыся на занятасьць. Спадар Макараў прапанаваў пазваніць яму пазьней, аднак цягам дня ягоны тэлефон так і не адказаў.

Экспэрт Алесін: «Гэта яшчэ адзін крок да будучай вайны»

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Свабода таксама зьвярнулася да незалежнага вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна.

«Канечне, гэта азначае, што Беларусь і Расея пачынаюць больш сурʼёзна рыхтавацца да будучай вайны з „нашымі заходнімі партнэрамі“», — сказаў спадар Алесін пра ўхваленыя ўрадам Беларусі пляны ўдасканаленьня абʼектаў вайсковай інфраструктуры, якія мае выкарыстоўваць абʼяднаная рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і Расеі.

Паводле Аляксандра Алесіна, гаворка ідзе пра разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі ў яе ангарах і складах расейскай вайсковай тэхнікі, якая належыць расейскім часткам абʼяднанай рэгіянальнай групоўкі.

«Папярэднія манэўры паказалі, што калі расейскія часткі з гэтай групоўкі разгортваюцца на тэрыторыі Расеі, гэта займае нават ня дні, а тыдні. Бо шмат часу ідзе на пагрузку-разгрузку. Таму будзе абраны іншы варыянт: тэхніку і боепрыпасы будуць захоўваць тут, а жывую сілу пры патрэбе хутка даставяць па паветры або цягніком».

Пагрузка расейскіх войскаў пасьля вучэньняў «Захад-2017»
Пагрузка расейскіх войскаў пасьля вучэньняў «Захад-2017»

Аляксандар Алесін мяркуе, што ў беларускіх ангарах, якія павызваляліся пасьля скарачэньня запасаў савецкай зброі, могуць такім парадкам разьмясьціць да 300–400 расейскіх танкаў, патрэбную колькасьць БТР, БМП і боепрыпасаў да іх, а таксама іншай штатнай вайсковай тэхнікі. На думку экспэрта, гэтыя сховішчы застануцца ў беларускай юрысдыкцыі, таму замежнымі вайсковымі базамі іх лічыць нельга.

«І плаціць за іх утрыманьне давядзецца з нашага бюджэту. А вось пераезд тэхнікі, арэнду чыгуначных вагонаў ды іншыя транспартныя страты прыйдзецца, відаць, пакрываць Расеі», — кажа Аляксандар Алесін.

Экспэрт спаслаўся на досьвед амэрыканскіх вайскоўцаў, якія гэтаксама захоўваюць вайсковую тэхніку ў краінах-сябрах НАТО ва Ўсходняй Эўропе.

«Тым часам асноўны людзкі кантынгент разьмешчаны ў Злучаных Штатах. На выпадак абвастрэньня сытуацыі прадугледжана, што будуць арандаваць цывільныя самалёты дзеля перакіданьня сілаў. Гэтая практыка цяпер пашыраецца», — кажа Аляксандар Алесін.

Наколькі гэта небясьпечна для Беларусі?

Экспэрт мяркуе, што паводле вайсковых плянаў, распрацаваных генштабамі дзьвюх краін, у выпадку вайсковага канфлікту з Захадам расейская частка сумеснай групоўкі павінна зьявіцца ў Беларусі тады, калі беларускае войска ўжо будзе змагацца з агрэсарам.

«Тады будзе дарагая кожная гадзіна. Думаю, гэтыя пляны дазволяць расейцам хутчэй нарасьціць тут сумесную групоўку», — лічыць Аляксандар Алесін.

Пры гэтым экспэрт зазначыў, што падрыхтаваны плян — «яшчэ адзін крок да магчымай вайны».

Падчас вучэньняў «Захад-2017»
Падчас вучэньняў «Захад-2017»

Выкарыстаньне беларускіх сховішчаў расейцамі — ці ня гандаль гэта сувэрэнітэтам?

«Шмат залежыць ад Беларусі, пакуль гэтыя пляны не парушаюць нашага сувэрэнітэту. Калі ўзяць вайскоўцаў, дык яны, пэўна, будуць задаволеныя, бо павялічваецца іхны рэсурс. Частка прывезенай сюды тэхнікі, паводле абяцаньняў, пойдзе на замену нашай ужо састарэлай вайсковай тэхнікі. Што да простых грамадзянаў? Бюджэтныя страты, пэўна, будуць ня надта заўважныя, а вось страты ў бясьпецы — яны навідавоку», — кажа экспэрт.

Паводле Аляксандра Алесіна, жыхары Барысава, Бабруйску, Баранавічаў — гарадоў, дзе разьмешчаныя асноўныя вайсковыя кантынгенты і базы вайсковай тэхнікі, — ужо цяпер павінны адчуваць сябе ў большай небясьпецы, чым жыхары тых паселішчаў, дзе вайскоўцаў побач няма. На думку экспэрта, з разьмяшчэньнем расейскай вайсковай тэхнікі на беларускіх сховішчах тыя мясцовасьці непазьбежна стануць абʼектамі імавернага нападу, а значыць, павялічыцца агульная небясьпека.

«Зь іншага боку, і польскія гарады, дзе разьмешчаныя войскі ЗША, таксама ў той жа небясьпецы. Справа палітыкаў — не дапусьціць, каб узьнікла сытуацыя, калі вайна стане рэальнасьцю. Пакуль Беларусь меней мілітарызаваная тэрыторыя, чым было на час распаду СССР», — кажа Аляксандар Алесін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG