Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CIT: на Данбасе ў 2014 годзе загінулі каля 200 расейскіх вайскоўцаў


Незалежная дасьледчая група Conflict Intelligence Team (CIT) прааналізавала тэндэр Міністэрства абароны Расеі на страхаваньне жыцьця вайскоўцаў і прыйшла да высновы, што ў 2014 годзе загінулі каля 200 расейскіх вайскоўцаў.

На думку CIT, тлумачэньнем гэтай «анамальна» вялікай колькасьці загінулых можа быць удзел вайскоўцаў з Расеі ў баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны.

Аб тэндэры Міністэрства абароны 4 сьнежня паведаміла газэта «Ведомости». На думку выданьня, такім чынам ведамства рассакрэціла лік чалавечых стратаў у расейскай арміі ад 2012 году да 2016. Міністэрства абароны ад 2010 году не публікуе інфармацыі аб колькасьці загінулых вайскоўцаў. Экспэрты CIT адзначаюць, што дакумэнт дазваляе вызначыць фактычную частату страхавых падзей, у тым ліку адносную сьмяротнасьць вайскоўцаў. Правёўшы разьлікі, дасьледнікі CIT прыйшлі да высновы, што ў 2014 годзе суадносіны сьмерцяў і калецтваў былі вышэйшыя, чым у папярэдні і наступныя гады. Загінулі каля 200 чалавек, атрымалі калецтва — ад 500 да 800. Экспэрты групы мяркуюць, што гэтыя страты тлумачацца баявымі дзеяньнямі.

Іншая міжнародная дасьледчая група — Bellingcat — сьцьвярджае, што ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне прынялі ўдзел каля 10 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Яна таксама апублікавала расьсьледаваньне аб удзеле ў баях ў 2014 годзе расейскіх танкаў Т-90.

Кіеў і краіны Захаду абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы прарасейскіх сэпаратыстаў. Крэмль, нягледзячы на затрыманьні расейскіх вайскоўцаў на ўсходзе Украіны і зьнішчэньне тэхнікі расейскай арміі на падкантрольных сэпаратыстам тэрыторыях, абвяргае гэтыя абвінавачваньні. Усяго, паводле зьвестак Кіеву, на Данбасе на баку самаабвешчаных «народных рэспублік» ваююць каля 5 тысяч кадравых расейскіх вайскоўцаў. Масква называе тых грамадзян Расеі, якія ваююць на ўсходзе Ўкраіны, «добраахвотнікамі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG