Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе ў Беларусі пасьля вучэньняў застануцца расейскія вайскоўцы


20 верасьня завяршыліся маштабныя беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2017», а сёньня Расея пачала вывад вайсковай тэхнікі зь Беларусі. Аляксандар Лукашэнка запэўніў, што праз тыдзень пытаньне прысутнасьці расейскіх войскаў «адпадзе само па сабе». Аднак расейскія вайскоўцы ў нашай краіне ўсё ж застануцца. Якія?

На тэрыторыі Беларусі сёньня месьцяцца два расейскія вайсковыя аб’екты. Згодна зь беларуска-расейскім міжурадавым пагадненьнем ад 6 студзеня 1995 году яны разам зь зямельнымі ўчасткамі перададзеныя Расеі ў карыстаньне да 2020 году.

Асобны радыётэхнічны вузел у Ганцавічах (Берасьцейская вобласьць)

Вузел уяўляе сабой стацыянарную лічбавую радыёлякацыйную станцыю тыпу «Волга», якая ўваходзіць у сыстэму папярэджаньня аб ракетным нападзе. Будаваць яго пачалі ў 1986 годзе. Станцыя прызначаная для прыкрыцьця разрываў у радыёлякацыйным полі РЛС тыпу «Дарʼял».

У задачы РЛС уваходзіць выяўленьне балістычных ракет і касьмічных абʼектаў на адлегласьці 4800 км. Станцыя адсочвае абʼекты ў Эўропе, Паўночнай Атлянтыцы і Нарвэскім моры.

Знаходжаньне вузла на тэрыторыі Беларусі аформлена міжурадавым пагадненьнем ад 6 студзеня 1995 году. Плата за «Волгу» не спаганяецца (у абмен пры падпісаньні пагадненьня дамовіліся аб частковым сьпісаньні беларускіх даўгоў РФ за энэрганосьбіты). Акрамя таго, у якасьці кампэнсацыі за арэнду вузла Расея дае Беларусі інфармацыю пра ракетна-касьмічнае становішча і палігоны для правядзеньня баявых стрэльбаў СПА. Тэрмін дзеяньня пагадненьня — 25 гадоў.

Станцыя заступіла на досьледна-баявое дзяжурства ў 2002 годзе, на баявое дзяжурства — у 2003 годзе.

Плошча тэрыторыі РЛС «Волга» — больш за 200 гектараў. Там прыкладна 2 тысячы расейскіх вайскоўцаў і мясцовы цывільны пэрсанал.

43-і вузел сувязі ў Вілейцы (Менская вобласьць)

Радыёстанцыя цэнтру далёкай сувязі ВМФ РФ дзейнічае з студзеня 1964 году. Яна адказвае за радыёсувязь з караблямі і падводнымі лодкамі, а таксама за радыётэхнічную выведку і радыёэлектронную барацьбу. На ёй стаіць перадатчык магутнасьцю 1000 кіляват.

Знаходжаньне станцыі на тэрыторыі Беларусі аформлена міжурадавым пагадненьнем ад 6 студзеня 1995 году (у ім агаворваецца, што вузел сувязі зьяўляецца «расейскай вайсковай установай» і ня мае статусу вайсковай базы). Грошай за яго выкарыстаньне Беларусь ад РФ не атрымлівае. Тэрмін дзеяньня пагадненьня — 25 гадоў.

Плошча тэрыторыі — 650 гектараў. Абʼект абслугоўваюць 350 афіцэраў і мічманаў ВМФ Расеі, а таксама вольнанаёмныя грамадзяне Беларусі, якія ажыцьцяўляюць ваенізаваную ахову.

Расейская авіябаза так і не паўстала

У верасьні 2015 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін даручыў Міністэрству абароны і МЗС Расеі правесьці зь Менскам перамовы і падпісаць пагадненьне аб разьмяшчэньні ў Беларусі авіябазы. Празь некалькі тыдняў Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гаворкі пра разьмяшчэньне расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі ніколі не вялося. «Нам ня трэба база сёньня, тым больш вайскова-паветраныя сілы. Нам патрэбны пэўныя ўзбраеньні. Пра што я публічна таксама казаў Пуціну і раней Мядзьведзеву», — сказаў Лукашэнка 6 кастрычніка таго ж году. Пазьней ён неаднойчы закранаў гэтую тэму, падкрэсьліваючы, што расейская авіябаза Беларусі не патрэбная.

Расейскія зьнішчальнікі дзяжурылі ў Баранавічах

Адным з этапаў стварэньня расейскай авіябазы ў Беларусі было дзяжурства зьвяна расейскіх зьнішчальнікаў СУ-27 у Баранавічах.

«Але беларускі бок запрацівіўся, і праект палку паступова быў згорнуты. А дзяжурства яшчэ некаторы час на ратацыйнай аснове працягвалася, — казаў Свабодзе экспэрт у вайсковых пытаньнях Аляксандар Алесін. — Два месяцы зьвяно расейскіх зьнішчальнікаў дзяжурыла, потым замянялася іншым зьвяном, каб не парушаць пагадненьня, якое забараняе разьмяшчэньне на сталай аснове кантынгенту Расеі на тэрыторыі Беларусі. Тым самым яны абыходзілі гэтую забарону. А потым, у сьнежні [2014-га], калі Лукашэнку спыталі пра гэтую забарону, ён заявіў, што ў Беларусі няма ніякіх расейскіх зьнішчальнікаў. З тых самых часоў гэтая тэма наагул зьнікла з СМІ, што можна было расцаніць як тое, што гэтага ратацыйнага дзяжурства больш няма».

У кастрычніку 2016 году незалежная сьледчая група Bellingcat паведаміла, што Расея адклікала свае зьнішчальнікі СУ-27 з 61-й авіяцыйнай базы ў Баранавічах.

У Беларусі на сталай аснове працуе група ФСБ Расеі — былы намесьнік старшыні СБУ

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG