Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці было б Беларусі бясьпечней у NATO? Адказы двух экспэртаў


Літоўскія вайскоўцы падчас вучэньняў «Жалезны меч 2016»
Літоўскія вайскоўцы падчас вучэньняў «Жалезны меч 2016»

Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Алег Краўчанка 31 студзеня наведаў зь візытам Злучаныя Штаты Амэрыкі. Сярод іншага ён, як піша Tut.by, «прапанаваў уявіць няўяўнае: калі бы Беларусь была ў NATO, а не ў альянсе з Расеяй».

Алег Краўчанка, архіўнае фота
Алег Краўчанка, архіўнае фота

«Ці была б мая краіна ў большай бясьпецы? — cпытаў Краўчанка аб пэрспэктыве далучэньня Беларусі да NATO. — Нашыя суседзі, якія знаходзяцца пад парасонам NATO, ці напраўду адчуваюць сябе ў бясьпецы?»

Паводле Краўчанкі, цяпер Беларусі навязваюць выбар між Захадам і Ўсходам. Ён расказаў, што часта бачыць у заходніх СМІ, аналітыцы і заявах палітыкаў тэзіс пра тое, што саюзьніцкія дачыненьні Беларусі і Расеі — гэта нешта кепскае, і не пагадзіўся. Намесьнік міністра дадаў, што Беларусь не зацікаўленая ў эскаляцыі сытуацыі ў рэгіёне і «зацікаўленая сябраваць з усімі», у 2015 годзе аднавіла вайсковую супрацу з ЗША, пазьней — зь Нямеччынай, Вялікай Брытаніяй, Польшчай, Літвой і Латвіяй. Гэтая супраца, адзначыў ён, не супярэчыць альянсу з Расеяй.

Свабода раней ня раз абмяркоўвала магчымасьць далучэньня Беларусі да NATO. Цяперашнія пытаньні Краўчанкі, на якія ён сам не адказаў наўпрост, Свабода перадала двум незалежным экспэртам.

Аляксандар Алесін: ня трэба ні ў NATO, ні ў АДКБ

Незалежны вайсковы экспэрт ​Аляксандар Алесін кажа Свабодзе: бацькі-заснавальнікі сучаснай Беларусі, якія пісалі першую Канстытуцыю, вельмі разумна паставілі за мэту нэўтральны статус краіны.

Сьцісла: Удзел Беларусі ў NATO толькі раззлаваў бы Расею, бо стаўленьне да яе зусім не такое, як да балтыйскіх краінаў.

Аляксандар Алесін, архіўнае фота
Аляксандар Алесін, архіўнае фота

«Знаходжаньне ў любым з вайсковых блёкаў, у NATO ці ў АДКБ, наўрад ці забясьпечыла б Беларусі большую бясьпеку, бо існуе супярэчнасьць між дзьвюма найбуйнейшымі вайсковымі дзяржавамі, Расеяй і ЗША, — разважае Алесін. — Улічваючы, што Беларусь знаходзіцца на заходніх подступах да Масквы, можна ўявіць, што агрэсіўныя дзеяньні Расеі да Беларусі былі б у шмат разоў большымі, чым у дачыненьні Ўкраіны.

Расея ўжыла б усе сілы, каб наўпрост ці ўскосна паставіць Беларусь пад свой кантроль. Усходняя мяжа Беларусі — гэта 400 км ад Масквы! Абараніць ад гіпатэтычнага нападу з паветра расейскую сталіцу і ўвесь цэнтральны прамысловы раён, не валодаючы Беларусьсю, немагчыма. Наўрад ці нашая бясьпека была б большай: Масква прыняла б усе меры, каб або акупаваць Беларусь, або паставіць пад жорсткі кантроль».

Алесін мяркуе, што варыянтаў у Беларусі няшмат з прычыны геаграфічнага знаходжаньня на палітычным разломе між Расеяй і Захадам. Але з геаграфічнага гледзішча тое можна сказаць і пра краіны Балтыі: Латвія і Эстонія таксама недалёка ад Масквы, а далучыліся да NATO.

«У Эстоніі крыху іншая сытуацыя: прыгадайце перабудову і першыя гады незалежнасьці, — адказвае Алесін. — Расея палічыла, што балтыйскія краіны — гэта адрэзаная луста, так бы мовіць, чужыя людзі. А Беларусь Расея лічыць нечым накшталт Разанскай ці Казанскай губэрні. Для Эстоніі статус краіны NATO апраўданы: у іх няма такога жыцьцёва важнага для Расеі стратэгічнага становішча.

Бо той, хто валодае тэрыторыяй Беларусі, той кантралюе сытуацыю ў нашым рэгіёне. Калі прыгадаем гісторыю, то і Іван Жахлівы, і наступныя расейскія цары і генэральныя сакратары намагаліся, каб гэтая тэрыторыя была пад іхным кантролем. Таму так, я лічу, што для краінаў Балтыі NATO гэта добра, а для Беларусі найлепей было б мець нэўтральны статус».

Зьміцер Міцкевіч: адказ відавочны, у NATO лепей

Аналітык Belarus Security Blog Зьміцер Міцкевіч лічыць пытаньне Краўчанкі ў цяперашняй сытуацыі недарэчным: безумоўна, Беларусь была б у большай бясьпецы.

Сьцісла: Стандарты і досьвед NATO вышэйшыя за расейскія, дзеяньні альянсу ў Балтыі разумныя.

Зьміцер МІцкевіч
Зьміцер МІцкевіч

«Гэтае пытаньне можа быць каменем у агарод цяперашняй турбулентнасьці і незразумеласьці ў рэгіёне, — разважае Міцкевіч. — Мы бачым, што балтыйскія краіны і Польшча перажываюць за статус NATO. Час ад часу ўзьнікаюць пытаньні, што самім трэба рыхтавацца да сваёй абароны, бо невядома, ці будзе нас нехта ў выпадку чаго абараняць.

Але мы бачым, што цяпер NATO вельмі адэкватна паставілася да гэтых пытаньняў. У Літве, Латвіі, Эстоніі і Польшчы разьмешчаныя кантынгенты NATO, якія маюць ня столькі баявую вартасьць, колькі сымбалічную: калі падчас нейкай агрэсіі загіне нейкі нямецкі ці амэрыканскі салдат, гэта ня зможа выключыць гэтыя краіны з удзелу ў гіпатэтычным канфлікце».

Міцкевіч адзначае, што NATO — гэта ня толькі зьвяз краінаў, але і набор пэўных стандартаў у падрыхтоўцы і ўзаемадзеяньні войскаў. Ён бачыць відавочным адказ на пытаньне аб тым, з кім лепей узаемадзейнічаць: «з амэрыканскім войскам, якое мае вялізны баявы досьвед, што немагчыма перадаць і апісаць; або з расейскім войскам, якое нават на вучэньнях „Захад-2017“ змагло перадаць беларускаму войску хіба адзіны досьвед — некантраляванага спажываньня гарэлкі».

«Я ня ведаю, дзе была лёгіка ставіць пытаньне такім чынам, — кажа ён. — Але гэта яшчэ адзін аргумэнт для так званай „сэкты сьведак сьвятога Макея“, якая любіць расказваць, што нашае Міністэрства замежных справаў — гэта такая цудоўная структура. Дык вось вам заява, якая сьведчыць, што МЗС — таксама дзяржаўны інстытут, які выконвае замову аднаго канкрэтнага чалавека. Гэта ня словы Краўчанкі, а словы аднаго канкрэтнага чалавека, які так бачыць сытуацыю».

P.S.

Ці трэба Беларусі далучацца ў будучыні да NATO? У 2017 годзе гэта абмяркоўвалі журналісты Свабоды Дзьмітры Гурневіч і Юры Дракахруст.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG