Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч выступіў супраць вайсковай базы ЗША ў Польшчы, бо яна створыць пагрозу Беларусі


Мікола Статкевіч, архіўнае фота

«Форт Трамп» можа выклікаць адмоўную рэакцыю Расеі — і яна можа разьмясьціць вайсковыя кантынгенты ў Беларусі, адзначае Статкевіч.

Адзін зь лідэраў «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» падпалкоўнік запасу Мікола Статкевіч у артыкуле, апублікаваным на ягонай старонцы на Facebook, абвінаваціў Польшчу ў «дзяржаўным эгаізме» ў сувязі з плянамі разьмясьціць там вайскову базу ЗША.

На першы погляд, піша Статкевіч, гэта натуральны клопат пра бясьпеку свайго народу ў сувязі з пагрозай расейскай агрэсіі.

Але пры гэтым ён адзначае: калі база зьявіцца, NATO парушыць дамову з Расеяй аб неразьмяшчэньні ва ўсходніх краінах альянсу пастаянных кантынгентаў ягоных заходніх чальцоў, а парушэньне дамовы выкліча ў Расеі адмоўную рэакцыю. У выніку, піша Статкевіч, Расея можа разьмясьціць значныя вайсковыя кантынгенты ў Беларусі.

Мікола Статкевіч на мітынгу супраць стварэньня ў Беларусі новай расейскай вайсковай базы, 2015 год
Мікола Статкевіч на мітынгу супраць стварэньня ў Беларусі новай расейскай вайсковай базы, 2015 год

А расейскі вайсковы кантынгент у Беларусі, у сваю чаргу, «зробіць ліквідацыю незалежнасьці Беларусі пытаньнем часу», дадае палітык. Ён бачыць у камандаваньні беларускай арміі «поўную адсутнасьць патрыётаў», таму мяркуе, што перашкодаў гэтаму практычна ня будзе — «патрыётам застанецца толькі няроўная партызанская барацьба». Тады «Расея за 180 км ад Варшавы можа застацца назаўсёды».

«Калі амэрыканскія і расейскія войскі будуць разьдзеленыя толькі беларускай мяжой, то рэзка ўзрастае імавернасьць выпадковых збройных сутыкненьняў з наступнай эскаляцыяй у паўнавартасны ваенны канфлікт з усімі яго наступствамі для беларускага і польскага народаў, — піша Статкевіч. — Залежная ад Масквы Беларусь — кепскі буфэр. Але лепш такі, чым ніякага».

Ён сьцьвярджае, што найлепшым адказам з боку Польшчы на расейскую пагрозу будзе не амэрыканская вайсковая база, а ўмацаваньне абароназдольнасьці ўласнага войска: маўляў, на тыя 2 млрд даляраў, што зьбіраюцца выдаткаваць на разьмяшчэньне амэрыканскай дывізіі, можна сфармаваць уласную. Таксама ён рэкамэндуе Польшчы ўмацоўваць саюз з Украінай і краінамі Балтыі.

А «Форт Трамп», мяркуе ён, будзе апраўданы хіба што тады, калі Расея першай разьмесьціць свае вайсковыя кантынгенты ў Беларусі. Або ўжо анэксуе Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG