Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як па-беларуску «смирно» і якая мова мусіць быць у беларускім войску?


Як па-беларуску «смирно» і якая мова мусіць быць у беларускім войску?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:08:27 0:00

У нашай мове ня можа быць прыслоўя „сьмірна“. Але беларускую каманду cпытаныя пра гэта менчукі назваць не змаглі. Як яна гучыць? Ці патрэбная беларуская мова беларускай арміі, каб лепш бараніць нашу незалежнасьць?

(арыгінал публікацыі 17.9.2017)

Журналісцкая каманда выходзіць на відэапаляваньне ў Ваньковічаў лес (цяпер парк Чалюскінцаў) у Менску.

— Як называецца каманда салдатам стаяць роўна і навыцяжку?
— Ха-ха! Смирно!
— Смирно.
— Смирно...
— Смирно.

І г. д. Усе мужчыны сярэдняга і многія маладога ўзросту адказваюць імгненна. Але па-расейску, хоць пытаньне па-беларуску. Журналістка ўдакладняе:

— Вы, можа быць, чулі, як па-беларуску гэта будзе?
— Нет.
— Не, не ўзгадаю.
— Не помню...
— Не знаю, наверное, и не знала даже. Хотя тоже была военная кафедра...

Не, вайсковая катэдра ўнівэрсытэту савецкіх часоў, якую і я зьведаў, тут дакладна дапамагчы не магла. Як і ўспамін пра ўласную вайсковую службу:

Я сам з гэтым сутыкаўся, а ў войску ў нас па-руску размаўляюць...

Некаторыя спрабавалі тут жа перакласьці з расейскай:

Ну раўняйсь, сьмірна... Ну і на беларускай, мабыць, таксама. Раўнаньне налева, направа...

Можа... можа... прама?

Слова смірна -- тыповы русізм. Яно фанэтычна чужое для беларускае мовы. Перад санорнымі (заўсёды звонкімі) гукамі ў нас толькі прыстаўка з-: мяняцьзьмяняць, ліць — зьліць (малако), таксама зьняць і г.д. Гэта істотнае адрозьненьне ад расейскае мовы, там с-: сменять, слить, снять.

Беларусы неціхмяныя і нерахманыя

Расейскаму прыметніку смирный у беларускай мове адпавядаюць словы спакойны, лагодны, ціхмяны, ціхамірны, рахманы. „Смирно“ літаральна 'стань рахманы й паслухмяны'. Але ў многіх мовах сьвету асноўная вайсковая каманда азначае не загад стаць рахманым, а заклік да ўвагі. Ангельскае Attention! ‘Увага!’, скарочанае ў бязьлітасным сяржанцкім ужываньні да „Шн!“, таму прыклад. Таксама патрабуюць увагі француская каманда Garde à vous!, італьянская Attenti!, польская Baczność!

У гэтым шэрагу і беларуская каманда Зважай! — пачаткова загадны лад ад дзеяслова зважаць 'зьвяртаць увагу'.

Легенды ўкладваюць гэтую каманду ў вусны далёкіх папярэднікаў. Сяржук Сокалаў-Воюш пачынае загалоўную песьню цыклю, прысьвечанага паўстанцам Каліноўскага, менавіта з камандаў:

Шыхт, зважай!
Крокам руш!
І у глыб бязь меры
Скалыхнулі пушчаў глуш
Песьні касінераў...

„Ніводнага слова ў камандзе ня будзе ў чужацкай мове“

Але пасьлядоўная моўная беларусізацыя ў нашым войску пачалася з БНР, з 1918 году. Беларусы скарыстоўваюць хутказьменную сытуацыю для тварэньня нацыянальнага войска.

У 1920 годзе Беларуская вайсковая камісія выдае зборнік „Падарунак беларускаму жаўнеру“. Асноватворны прынцып беларускай арміі:​

„Армія беларуская — і ніводнага слова ў камандзе зь першага мамэнту яе жыцьця ня будзе ў чужацкай мове“.

А першае зь „Дзесяці прыказаньняў беларускага жаўнера“ — маніфэст нацыянальнай ідэнтычнасьці вайскоўца:

Аўтар тэксту „Прыказаньняў“ — Зьмітрок Бядуля
Аўтар тэксту „Прыказаньняў“ — Зьмітрок Бядуля

То прынцыпы пабудовы беларускага войска, безь якіх нават найсучасьнейшая зброя мае мала сэнсу, сфармуляваныя даўно.

Ластоўскі зважаў першы

Здаецца, першы зафіксаваў у слоўніку каманду Зважай! мовазнаўца і незалежнік Вацлаў Ластоўскі. У свой знакаміты слоўнік ён уставіў разьдзел „Вайсковая каманда“ (хутчэй за ўсё, параіўшыся з афіцэрамі беларускіх нацыянальных аддзелаў літоўскай арміі). У тым ліку „Зва-жай!“

Вацлаў Ластоўскі. Расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Коўна, 1924
Вацлаў Ластоўскі. Расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Коўна, 1924

​Пачаткова гэта загадны лад ад дзеяслова зважаць — ‘зьвяртаць увагу’.

У БССР каманду Зважай! узаконіў „Практычны беларускі вайсковы слоўнік“, 1927 год, выдадзены Вайсковай камісіяй пры Інстытуце беларускае культуры.

Зважай, таварыш Жукаў

Слова замацавалася ў падсавецкай Беларусі. Зважай! як вайсковую каманду падае ў 1933 годзе, калі на свабодзе амаль не засталося мовазнаўцаў, „Ваенны руска-беларускі слоўнік“, а потым нават адыёзны „Руска-беларускі слоўнік“ 1937 году пад рэд. Андрэя Александровіча, зь якога пачалася агрэсіўная русіфікацыя беларускае лексыкаграфіі. Трэба нагадаць, што ў 1923–1938 г. у БССР былі так званыя тэрытарыяльныя часткі, яны мелі „пляны беларусізацыі”, на патрэбу якой і выдаваліся слоўнікі (скажам, 33-я „Беларуская” стралецкая дывізія мусіла перайсьці на беларускую мову да 1932 году).

Каманда Зважай! бытавала і ў беларускіх парамілітарных утварэньнях 40-х гадоў (напр., у Беларускай краёвай абароне). На гэта пасьля спасылаліся савецкія прапагандысты, каб ачарніць нэўтральны і апалітычны вайсковы тэрмін (хаця — прапагандыстам будзе кагнітыўны дысананс — яго ня мог ня ведаць, калі сам не выкарыстоўваў, той самы Георгій Жукаў, ікона савецкага патрыятычнага наратыву, які да вайны доўга служыў у БССР, а з 1926 па 1931 год адначасова выкладаў у БДУ).

Маршал Г. Жукаў пазуе скульптару. 1966
Маршал Г. Жукаў пазуе скульптару. 1966

Пазьней у арміі СССР, дзе служылі беларусы, беларускай мове не было месца. У пасьляваенных слоўніках савецкае пары ўсе прыклады на слова „cмірна“ толькі з савецкай арміі, з успамінаў пра яе аўтараў тэкстаў.

У кароткі пэрыяд новага Адраджэньня нешта зрушылася. У 1996 годзе выйшаў акадэмічны Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы пад рэдакцыяй М. Судніка і М. Крыўко. У гэтым салідным томе слова "смірна" няма зусім. Затое ёсьць Зважáй ‘каманда, якая азначае: стаяць навыцяжку, нерухома’.

Парá новай незалежнасьці адрадзіла беларускую тэрмінатворчасьць, што ішла не ад дзяржавы, а ад самых спэцыялістаў. У 1997 годзе падпалкоўнік Станіслаў Суднік і старэйшы лейтэнант Сяржук Чыслаў выдалі „Расейска-беларускі вайсковы слоўнік“ на 8000 тэрмінаў і камандаў, дзе абагульнілі досьвед папярэднікаў і дадалі плён свае працы:

Замест расейскіх плеанастычных (г. зн. залішне паўтораных) „так точно“ і „никак нет“ — нашыя кароткія Так і Не. І яшчэ некалькі прыкладаў частых камандаў:

Здравия желаю! — Вітаю спадарства!
Равняйсь! — Раўнуй!
Кру-ГОМ! — Тыл — ФРОНТ!
Идти в ногу! — Роўны крок!
Идти не в ногу! — Вольны крок!
Принять влево! — Лева збоч!
Вольно! — Спачні!
Отставить! — Зварот!
Заправиться! Рыштунак да ладу!
Есть! — Рэй!

Падпалкоўнік Станіслаў Суднік цяпер галоўны рэдактар газэты ТБМ „Наша слова“
Падпалкоўнік Станіслаў Суднік цяпер галоўны рэдактар газэты ТБМ „Наша слова“

Станіслаў Суднік у 1992—1994 г. пасьпяхова выпрабаваў бальшыню камандаў і тэрмінаў у сваім зэнітна-ракетным дывізіёне. Гэта добры аргумэнт за іх агульнае ўкараненьне. Урэшце, будзе сапраўды беларускае войска — усё прыжывецца.

Ці ёсьць месца беларускай мове ў войску

Каманда Зважай! самабытная, яна адрозьнівае нашу мову ад усіх суседзкіх.

Нашыя суразмоўцы ахвотна пагаджаюцца зь беларускім тэрмінам:

Зважай — такое слова.
Хорошо.
Вельмі цікава, дзякуй.
Что-то с уважением связано?
Зважай. — Будем знать. Спасибо!

Прызнаюся: гэта ці ня першае вулічнае апытаньне ў нашай моўнай сэрыі, калі рэспандэнты не маглі самі падшукаць беларускага слова. Ня дзіва. Адрозна ад кулінарнай лексыкі або эмацыйных воклічаў, нацыянальная вайсковая тэрміналёгія — прыналежнасьць войска сапраўды незалежнай дзяржавы. А будаваць сапраўдную незалежнасьць мы мелі вельмі мала часу ў ХХ стагодзьдзі.

Ці павінна беларускае войска быць беларускім паводле мовы? На якой мове яно мае гаварыць? Часты адказ людзей сярэдняга пакаленьня — „каму як зручна“:

— Это в принципе непринципиально, то есть зависит от человека.
— То есть если офицер предпочитает беларусский, то соответственно на беларусском, ну и на русском тоже.
— На какой удобно.
— Какую эффективно использовать можно для работы, на той и разговаривать.

Але войска — ня фірма, а дзяржаватворчы інстытут. У царскай і савецкай арміі ролю мовы ў склейваньні імпэрыі добра ведалі. Гвалтам вучылі расейскай мове тых хлопцаў з Каўказу ці Цэнтральнай Азіі, хто яе да войска нават і ня чуў. А беларускія хлопцы, што траплялі ў тое войска са сваім дзеканьнем ды чэканьнем, пасьля высьмейваньня на ўсё жыцьцё выдатна запаміналі, што расейская мова афіцэраў, статутаў і камандаў — на парадак вышэйшая, больш прэстыжная за родную беларускую. Савецкая армія была магутным — часта мацнейшым за школу — мэханізмам русыфікацыі мужчынскага насельніцтва нерасейскіх рэгіёнаў СССР, які паўплываў і на беларусаў, толькі многія з нас гэтага не ўсьведамляюць.

Даўно няма СССР, а моўная сытуацыя ў цяперашняй арміі Рэспублікі Беларусі амаль не памянялася. Чаму?

Я особой разницы не вижу, как удобно большинству, получается, так пускай и говорит, особо непринципиальный вопрос, мне кажется.

А што такое „большинство“?

Беларуская як родная і як размоўная паводле перапісу 2009 г. і права на адукацыю па-беларуску
Беларуская як родная і як размоўная паводле перапісу 2009 г. і права на адукацыю па-беларуску

Большасьць беларусаў лічыць роднай беларускую мову, чвэрць прызнаецца, што яна для іх размоўная. Але максымум моўных правоў, даступных беларускамоўнаму ў войску, — гэта прыняць прысягу па-беларуску (на выбар, часта будучы „белай варонай“, да чаго ня кожны псыхалягічна гатовы).

Вось вы гаворыце па-беларуску, я гавару па-беларуску, а войска на рускай мове гаворыць.

Ну в городе я говорю по-русски...

Але ж спадар лёгка пераключаецца. Абсалютная бальшыня нашых суайчыньнікаў беларускую мову прынамсі разумее. Калі не гаварыць пра складаныя інструктажы — тэхнічныя і г.д. — для якіх трэба вярнуць тэрміналёгію, выдаць слоўнікі, то 20 камандаў вывучыць можна за два-тры дні.

Такіх, што катэгарычна падводзілі базу пад расейскамоўнасьць арміі, было няшмат:

Все мы говорим и мыслим по-русски, то тут даже не о чем вести речь. Хотя это, может быть, к сожалению, раз мы беларусы.

Іншыя казалі пра моўную свабоду:

У нас два государственных языка, поэтому кому как удобней.

Препятствий никто не чинит, всё добровольно.

Гэта, на жаль, няпраўда. Беларускамоўных салдатаў каралі менавіта за гэтую каманду — „Зважай“. Эпізод трапіў нават у мастацкі фільм, зьняты паводле рэальных падзеяў:

— Ну что?
— Зва-ЖАЙ!
— Боец, а почему ты не по-русски командуешь, как это положено по уставу?

(Фільм „Жыве Беларусь“. 2012. 0:49:50-0:50:08)

У выніку грамадзкага ціску Міністэрства абароны ў 2010 годзе выдала-такі „Агульнавоінскія статуты“ мізэрным накладам 350 асобнікаў.

Праўда, там не бракуе моўных абсурдаў і непасьлядоўнасьці. У тых Статутах і „воінскі“ замест вайсковы. І, вядома ж, праславутая каманда „Смірна!“.

Варта ў Статутах завецца „каравулам“, хаця нават на аўтобусах адзінай фармальна беларускамоўнай вайсковай часткі напісана, што гэта Рота ганаровай варты.

Зрэшты, акрамя згаданай роты, на моўную практыку войска гэта не паўплывала.

Дарэчы, пра мову рытуалаў у войску.

Чаму б не праводзіць хаця б публічныя сьвяточныя парады і прысягу для ўсіх менавіта па-беларуску? (Выключна сымбалічная, арнамэнтальная роля беларускае мовы дапускаецца ў іншых сфэрах дзяржаўнага жыцьця.) Тут ужо аргумэнтацыя „хай як зручней“ у нашых суразмоўцаў слабавата працуе:

Ха, цяжкае пытаньне.

Потому что это торжественный момент, это важный момент, это присяга Родине, за котороую ты несёшь честь и ответственность, поэтому если он мыслит по-русски — то пусть он читает её по-русски.

Але што незразумелага ў словах прысягі:

„...мужна і самааддана абараняць незалежнасьць, тэрытарыяльную цэласнасьць і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь“?

Спытайма пра гэта людзей.

— Адгаворка, што беларусы не разумеюць беларускую мову, — гэта няпраўда.

Неправда, я согласен, что это неправда. Я думаю, если бы сказали: присягу напечатай на беларусской мове, все бы читали.

Мова войска — пытаньне нацыянальнай бясьпекі

Маладыя суразмоўцы, хай самі расейскамоўныя, свабодныя ад савецкіх стэрэатыпаў:

Гэта было б вельмі патрыятычна, каб мовілі на беларускай у войску.

С точки зрения нации, наверное, важнее будет беларуская мова, таму што... это отличительный признак национальности и защита именно нашего населения.

А ці магла б быць прысяга для ўсіх па-беларуску?

Принадлежность подчёркивает к беларусской земле, поэтому да. Здесь 100%.

Дакладна. Мова войска — гэта пытаньне нацыянальнай бясьпекі. Гэта найлепшы індыкатар „свой-чужы“. Маладыя людзі маюць і сацыялінгвістычнае абгрунтаваньне сваёй пазыцыі:

Я знаю многіх маіх равесьнікаў, якія гавораць толькі на беларускай мове.

Друзья есть, которые только на беларусском разговаривают, ім зручней размаўляць.

Гарадзкая моладзь больш не цураецца беларушчыны. А вось армія, якая гаворыць не на нацыянальнай мове, аўтаматычна знаходзіцца ў чужой інфармацыйнай і каштоўнаснай прасторы.

Беларусь у крытычны момант уратуе армія, узгадаваная пад партрэтамі не Суворава, а Вітаўта, Каліноўскага і слуцкага капітана Сокал-Кутылоўскага. Армія, якая ведае каманду Зва-ЖАЙ!

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG