У Менску асудзілі актывістку ўкраінскай дыяспары
У Менскім гарадзкім судзе вынесьлі вырак 76‑гадовай Валянціне Логвін, піша «Наша ніва». Актывістку ўкраінскай дыяспары ў Беларусі і спэцыялістку па спартыўнай фізіялёгіі асудзілі па трох палітычных артыкулах:
ч. 1 арт. 130 — распальваньне варожасьці
ч. 1 арт. 368 — абраза Лукашэнкі
ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 — садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці.
Валянціна Логвін атрымала хатнюю хімію. Дакладны тэрмін невядомы.
Валянціна Логвін нарадзілася ў 1949 годзе ў Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны. Скончыла Кіеўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1972) і асьпірантуру Інстытута фізіялёгіі Акадэміі навук Беларусі (1982). Кандыдат біялягічных навук (1986). З 1976 года працавала выкладчыцай Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта фізкультуры.
Валянціна ўзначальвала Цэнтар украінскай культуры «Січ» у Менску, ліквідаваны ў 2023 годзе.
Арганізацыю «Січ» зарэгістравалі ў Беларусі 26 сьнежня 1995 году. У сеціве захавалася копія ліста ад імя «Січ» у адрас галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Менгарвыканкама, зь якога вынікае, што на 1 студзеня 2023 году колькасьць яго сяброў складала 20 чалавек.
У гэтым жа дакумэнце цэнтар дэкляраваў намер прадоўжыць сваю дзейнасьць, а таксама даў справаздачу аб сямі імпрэзах, праведзеных у 2022 годзе. Сярод іх акцыі памяці клясыкаў украінскай літаратуры Тараса Шаўчэнкі і Лесі Ўкраінкі, памяці ахвяр Галадамору, сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці Ўкраіны.
«Экстрэмісцкімі» прызналі канал украінскага дэпутата і чат знаёмстваў сярод ЛГБТ
У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што ў сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў дадалі шэраг Telegram-каналаў, а таксама старонак у Instagram і TikTok.
У прыватнасьці, у сьпіс унесьле старонку выданьня «Мэдыязона» ў Threads.
«Экстрэмісцкім» прызналі YouTube-канал дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксея Ганчарэнкі. Сярод Telegram-каналаў і чатаў — яшчэ адзін ўкраінскі рэсурс «Чат Нацiональноï Громади».
Таксама ў сьпісе
- Алё Нка (Аднакласнікі)
- Базовый Чатик (Telegram)
- ΨΨ Белый Край ΨΨ (Telegram)
- Возраст / Age of History / Civilizations III Best (Telegram)
- Знакомства • ЛГБТ | ЧАТ (Telegram)
- Исповедь (Telegram)
- Концлагерь 19 (Telegram)
- Культура Движа (Telegram)
- Михаил Михайлов (Аднакласнікі)
- мусульманский чат (Telegram)
- Переходник (Telegram)
- РМО | chat (Telegram)
- семья ЗБС (Telegram)
- чат для нефоров (Telegram)
- чат Русские Скинхеды (Telegram)
- Bibliothek (Telegram)
- freeshop_fundacja_zyvi (Instagram)
- Information (TikTok)
- minskoblastnovosti55 (Instagram)
- nafis-_kashapov (Instagram)
- NS Bibliothek (Telegram)
У сьпіс «экстрэмістаў» унесьлі яшчэ 22 чалавек
Цяпер у ім цяпер у ім 6149 імёнаў, перадае «Вясна».
- Аляксей Аляксейчык, 40 гадоў
- Віктар Андрашчук, 50 гадоў
- Віктар Антушэвіч, 33 гады
- Ігар Астапук, 33 гады
- Ільля Барыскевіч, 38 гадоў
- Аляксандр Брылёў, 34 гады
- Аляксандр Войтка, 40 гадоў
- Віктар Гаўрылавец, 39 гадоў
- Юлія Глушань, 41 год
- Аляксандра Дзьмітрыева, 24 гады
- Раман Долбік, 34 гады
- Юры Канаплёў, 36 гадоў
- Валянціна Логвін, 76 гадоў
- Леанід Малахаў, 32 гады
- Ірына Мікалаева, 61 год
- Ксенія Несьцярук, 45 гадоў
- Павел Петражыцкі, 45 гадоў
- Уладзіслаў Пінчук, 30 гадоў
- Ільля Працэнка, 43 гады
- Анатоль Рыбак, 54 гады
- Арцём Сікорскі, 30 гадоў
- Вольга Сітнік, 42 гады
Колішняга міліцыянта з Рагачова зьняволілі, імаверна, у «справе «Гаюна»
Гомельскі абласны суд асудзіў 33-гадовага рагачоўца Віктара Антушэвіча за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК), паведаміла «Гомельская Вясна». Канкрэтны прысуд невядомы. Але праваабаронцы мяркуюць, што ён зьвязаны з пазбаўленьнем волі і вынесены ў справе «Беларускага Гаюна».
Віктар Антушэвіч служыў міліцыянтам-кіроўцам групы затрыманьня ў мясцовым аддзеле Дэпартамэнту аховы. Быў сябрам БРСМ. Затрымалі яго сёлета ў чэрвені.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум