Затрымалі маці і дачку зь Менска, яшчэ дзьве дачкі адбылі тэрміны ў калёніі
Стала вядома, што ў Менску ранкам у межах крымінальнай справы затрымалі чальцоў сям’і Міронцавых. Зараз у СІЗА знаходзяцца маці — Лукер’я Міронцава і адна з дачок — Вераніка, паведамляе ініцыятыва dissidenyBY.
Вядома, што Вікторыя, Анастасія і Аляксандра Міронцавы ў жніўні 2020 года заступіліся за грамадзянаў, якіх зьбіваў АМАП. Аляксандра пасьпела зьехаць, а Вікторыю і Анастасію затрымалі ў кастрычніку 2020 года. У выніку Вікторыю асудзілі на 2,5 года зьняволеньня, за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня, а Анастасію — на 2 гады калёніі за ўдзел у той жа акцыі.
У 2022 годзе сёстры выйшлі на волю, цалкам адбыўшы тэрміны.
Але ў сьнежні 2025 года арыштавалі іх маці Лукер’ю Міронцаву і яшчэ адну сястру — Вераніку. Яны знаходзяцца ў СІЗА-1, паведаміў dissidenyBY.
Шасьцярых падлеткаў асудзілі на тэрміны ад 10 да 13 гадоў
Летась вясною на дзяржаўным тэлебачаньні выйшаў прапагандысцкі фільм «Дети на прицеле. Завербованные врагом», у якім паведамлялася пра затрыманьне семярых падлеткаў нібы за «супрацоўніцтва з украінскімі спэцслужбамі».
Як паведамлялася ў фільме, падлеткі нібыта аб’ядналіся ў «анархісцкую ячэйку „Чорныя салаўі“ пад кіраўніцтвам Нацыянальнай вызваленчай арміі Ўкраіны», каб ладзіць дывэрсіі ў Беларусі і Расеі.
Як піша «Вясна», Стваральніцай суполкі ўлады называлі 16-гадовую грамадзянку Ўкраіны Марыю Місюк. Таксама сярод затрыманых былі Трафім Барысаў, Сяргей Жыгалёў, Дзьмітрый Захарошка, Анастасія Кліменка і Аляксандра Пуліновіч. Усіх падлеткаў абвінавачвалі ў «акце тэрарызму». Таксама ў прапагандысцкім фільме паказалі 18-гадовага Даніілу Гарасіма.
Праваабаронцам стала вядомыя падрабязнасьці пра адну з затрыманых — Аляксандру Пуліновіч. На момант затрыманьня 16-гадовая дзяўчына вучылася ў апошнім клясе адной зь менскіх школаў. У СІЗА дзяўчыну на некалькі дзён саджалі ў карцэр. У няволі яна працягвала навучаньне і здавала цэнтралізаванае тэставаньне.
Паводле звестак праваабаронцаў, Аляксандры Пуліновіч прызначылі 10 гадоў і 3 месяцы, Марыі Місюк — 13 гадоў, Трафіму Барысаву, Сяргею Жыгалёву, Дзьмітрыю Захарошку — па 12 гадоў зьняволеньня. Даніілу Гарасіму прызначылі 10 гадоў калёніі, а таксама штраф памерам 600 базавых велічыняў.
Сёлета ў лістападзе Марыю Місюк вызвалілі падчас чарговай хвалі памілаваньня палітвязьняў.
Аліневіч трымаў галадоўку ў мазырскай калёніі
Па прыбыцьці ў мазырскую калёнію Ігар Аліневіч месяц трымаў галадоўку. Цяпер яго зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу, паведаміў тэлеграм-канал a_partisans.
Ігара Аліневіча ў сьнежні 2021 году асудзілі на 20 гадоў зьняволеньня, пакараньне ён пачаў адбываць у мазырскай калёніі, але неўзабаве суд прызначыў яму 3 гады турэмнага рэжыму. За гэты час Аліневіча шмат разоў каралі зьмяшчэньнем у ШЫЗА. Сёлета ў жніўні Аліневіча перавялі з жодзінскай турмы ў ПК-20 у Мазыры. І там адразу зьмяцілі ў штрафны ізалятар.
У сьпіс «экстрэмістаў» дадалі яшчэ 11 чалавек
- Васіль Верамейчык, 35 гадоў
- Сяргей Гарбачэўскі, 35 гадоў
- Васіль Грэчыха, 40 гадоў
- Уладзімір Захараў, 57 гадоў
- Алена Ізотава, 40 гадоў
- Дзьмітры Ільюхін, 35 гадоў
- Кірыл Краўчук, 19 гадоў
- Дзяніс Сарокін, 45 гадоў
- Андрэй Селязьнёў, 40 гадоў
- Марына Сьцібло, 42 гады
- Яўген Хілько, 40 гадоў.
Цяпер у сьпісе 6127 чалавек, паведаміла «Вясна».