Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка выказаўся пра меркаваную атаку дронаў на рэзыдэнцыю Пуціна, доказаў якой няма

абноўлена

Від на 150 гектараў зямлі, якія, як меркаваў Аляксей Навальны, належаць Уладзіміру Пуціну паблізу возера Валдай, здымак 2021 году. Ілюстрацыйнае фота
Від на 150 гектараў зямлі, якія, як меркаваў Аляксей Навальны, належаць Уладзіміру Пуціну паблізу возера Валдай, здымак 2021 году. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка лічыць «тэрарызмам на дзяржаўным узроўні» напад на рэзыдэнцыі кіраўнікоў дзяржаў.

«Гэта самы дзікі тэрарызм – на самым высокім дзяржаўным узроўні. Калі гэта так, як гэта цяпер падаецца», – працытавала Лукашэнку дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.

Такім чынам, паводле БелТА, Лукашэнка пракамэнтаваў «атаку ўкраінскіх дронаў на рэзыдэнцыю прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна», пра якую заявіла расейскае кіраўніцтва.

«Я якраз думаю пра тое, каму гэта трэба было, да чаго гэта магло прывесьці. Ну, каму трэба, — я падазраю, хто там стаіць за Ўладзімірам Аляксандравічам Зяленскім. Мяркую, што, калі ён да гэтага і датычны, то ён ня ведаў, што ён робіць», — сказаў Лукашэнка.

Ён дадаў, што Расея мае магчымасьці нанесьці ўдар па рэзыдэнцыі прэзыдэнта Ўкраіны. І ў гэтым кантэксьце ён нагадаў, як летась Пуціну раілі нанесьці ўдар «Арэшнікам» па цэнтрах ухваленьня рашэньняў ва Ўкраіне, а той нібыта адкінуў гэтую ідэю.

Лукашэнка дадаў, што дагэтуль ніводны бок не атакаваў кіраўніцтва краіны праціўніка. «Ня тое, што яны дамовіліся не страляць адзін у аднаго, а так склалася сытуацыя ў гэтай вайне, што ніхто не спрабаваў забіць з кіраўнікоў дзяржаў. Ніхто гэтага не рабіў. І тут — спроба нанесьці ўдар па адной з рэзыдэнцый прэзыдэнта», — адзначыў ён.

Аб нібыта ўкраінскай атацы стала вядома з заявы міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова. Паводле яго, атака на рэзыдэнцыю Ўладзіміра Пуціна ў Наўгародзкай вобласьці адбылася ў ноч з 28 на 29 сьнежня.

Гэтую тэму Пуцін таксама абмяркоўваў з прэзыдэнтам ЗША – Дональд Трамп перад сустрэчай з прэм’ер-міністрам Ізраілю Біньямінам Нэтаньягу ў Флорыдзе сказаў журналістам, што ён быў раззлаваны гэтым інцыдэнтам.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў гэтыя заявы Расеі «чарговай хлусьнёй».

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) таксама не знайшлі доказаў украінскай атакі на рэзыдэнцыю Пуціна на Валдаі. У справаздачы інстытуту за 30 сьнежня адзначаецца, што заявы расейскага боку не пацьвярджаюцца зьвесткамі з адкрытых крыніц: відэазапісаў зь геалякацыяй, кадрамі выбухаў або дыму паблізу аб’екту, а таксама камэнтарамі мясцовых уладаў, паведамленьнямі рэгіянальных СМІ аб пашкоджаньнях.

Апроч таго, аналітыкі зьвярнулі ўвагу на супярэчлівасьць нават у афіцыйных заявах МЗС і Міністэрства абароны Расеі.

Высновы ISW пацьвердзілі і мясцовыя жыхары. Як паведаміў Telegram-канал «Можем объяснить», жыхары Наўгародзкай вобласьці не атрымлівалі характэрных паведамленьняў аб пагрозе бесьпілётнікаў, а жыхары Валдаю ня чулі характэрных гукаў дронаў або выбухаў у выніку пацэльваньня бесьпілётнікаў.

Сёлета ў жніўні паведамлялася, што рэзыдэнцыю прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна на Валдаі, дзе часта гасьцюе зь ягонымі сынамі іх маці Аліна Кабаева, ахоўваюць 12 сыстэм супрацьпаветранай абароны, у тым ліку «Панцыр».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG