Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Беларусі ў Расеі: «Тэма расейскай вайсковай базы сышла»


Расейскія цацкі «Вежливые люди» ў продажы ў менскім ЦУМе, 2017

Пра гэта заявіў пасол Беларусі ў Расеі Ігар Пятрышчанка ў інтэрвію расейскаму інфармацыйнаму агенцтву РИА-Новости.

Яму было зададзенае пытаньне:

- Як Беларусь ставіцца да ідэі Польшчы разьмясьціць на сваёй тэрыторыі бранятанкавую дывізію ЗША, стварыць сталую амэрыканскую вайсковую прысутнасьць у краіне? Ці будзе Менск у гэтым выпадку распрацоўваць нейкія захады ў адказ разам з Масквой? Якімі яны маглі б быць? Акрамя таго, часта ўзьнікаюць размовы аб стварэньні расейскай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі.

Беларускі дыплямат адказаў:

Ігар Пятрышчанка
Ігар Пятрышчанка

- Тэма расейскай базы сышла, і яна не актуалізавалася. Што да таго, што вы кажаце наконт дывізіі ЗША, гэта права сувэрэннай дзяржавы. Калі Польшча бачыць, што яе бясьпека за кошт гэтага ўзрасьце, то яна павінна дзейнічаць з улікам сваіх нацыянальных інтарэсаў, але ў той жа час і з улікам прынятых міжнародных прававых абавязаньняў.

Аднак калі ўлады нашай заходняй суседкі лічаць, што войска ЗША істотна дапаможа ёй у гэтым пытаньні, то яны самастойна нясуць і адказнасьць за гэтае рашэньне і перад сваімі грамадзянамі, і перад сусьветнай супольнасьцю.

Гэтая мера не нясе непасрэднай пагрозы для Беларусі, але як усякая вайсковая актыўнасьць ля нашых межаў і павелічэньне колькасьці вайсковых кантынгентаў, павышае ўзровень ваеннай небясьпекі.

Безумоўна, мы ўлічваем гэты фактар і ў нацыянальным вайсковым будаўніцтве, і ў вайсковым супрацоўніцтве ў фарматах Саюзнай дзяржавы і АДКБ. Пры гэтым крокі, якія мы робім, ня носяць надзвычайнага характару. Яны маюць плянавы фармат, ажыцьцяўляюцца ў адпаведнасьці з Канцэпцыяй нацыянальнай бясьпекі і Вайсковай дактрынай краіны і, вядома ж, дамоўна-праўнай базай супрацоўніцтва з Масквой у вайсковай сфэры, якая мае выключна абарончую накіраванасьць.

Беларусь старанна аналізуе сытуацыю, і я думаю, тыя адэкватныя захады, якія неабходна прымаць, будуць прымацца спэцыялістамі.

Аляксандар Сурыкаў
Аляксандар Сурыкаў

Месяц таму, 8 чэрвеня, і пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што «ніякія перамовы ні пра якую базу не вядуцца».

А міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей напачатку чэрвеня, падчас візыту ў Брусэль, адказваючы на пытаньне аб тым, ці можа прапанова Польшчы аб разьмяшчэньні амэрыканскай базы прымусіць Беларусь перагледзець сваё рашэньне аб расейскай вайсковай прысутнасьці, сказаў: «Я думаю, будзе нейкая рэакцыя на гэты намер разьмясьціць новую вайсковую авіябазу».

Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

«На гэты момант мы не плянуем разьмяшчаць на тэрыторыі Беларусі новыя замежныя вайсковыя базы, — працягнуў міністар. — Але, гледзячы ў будучыню, трэба ўлічваць крокі, якія будуць рабіць нашы суседзі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG