Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як улады Беларусі шукаюць грошы ў ідэйных праціўнікаў


Фота @Shutterstock

Вяртаньне да перамоваў з МВФ аб выдзяленьні крэдыту сьведчыць пра складаную фінансавую сытуацыю і праблемы з выплатай запазычанасьці.

Сьцісла

  • 75% ад доўгу, які неабходна вярнуць, улады будуць пазычаць на зьнешніх рынках.
  • Расея адмаўляе ў крэдыце, увязвае ўсе крыніцы дапамогі з гатоўнасьцю Беларусі да інтэграцыі.
  • Пытаньне, дзе ўзяць грошай, каб разьлічыцца з даўгамі, паўстае ў поўны рост.
  • Таму нічога іншага не застаецца, як зноў зьвярнуцца да МВФ. Але фонд выстаўляе ўмовы, якія дасюль былі непрымальныя для беларускіх уладаў.

Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, паведаміў важную інфармацыю пра стан фінансаў краіны. Страты эканомікі Беларусі ад расейскага «падатковага манэўру» ў 2019–2020 гадах складуць каля 800 млн даляраў. Таму Беларусь плянуе на наступным тыдні абмеркаваць зь Міжнародным валютным фондам (МВФ) магчымасьць новай праграмы, паведаміў міністар.

Сытуацыя з выплатай запазычанасьці складаецца даволі няпростая. Наступным годам за даўгі давядзецца заплаціць 3,5 млрд даляраў.

Цяпер ужо 6-7% валавога ўнутранага прадукту (ВУП) ідзе на пагашэньне і абслугоўваньне зьнешняга доўгу (без уліку ўнутранага валютнага доўгу). Але, каб разьлічыцца з пазыкамі, гэтага мала. Таму кожны год Беларусь звычайна выплачвае Расеі каля траціны ад неабходнай сумы доўгу, а потым просіць даць новы крэдыт для вяртаньня ранейшых — то ў ураду РФ, то ў Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, то яшчэ ў каго.

Вось і праект бюджэту на 2020 год прадугледжвае, што 75% ад доўгу, які неабходна вярнуць, будуць пазычаць на зьнешніх рынках.

Але сёлета ў адносінах з Расеяй ранейшы альгарытм паламаўся. Мала таго, што Беларусь нясе страты ад расейскага падатковага манэўру. Менск зьвярнуўся да Масквы з просьбай даць крэдыт на 600 млн даляраў дзеля рэфінансаваньня ранейшых пазык ад РФ. Аднак Крэмль адмовіў. Расея ўвязвае ўсе крыніцы дапамогі (па нафце, па газе, па крэдытах і інш.) з гатоўнасьцю Беларусі да інтэграцыі. І, гледзячы па ўсім, вузел у адносінах з РФ усё больш зацягваецца. Міністар замежных спраў Уладзімер Макей у інтэрвію расейскаму РБК прыгразіў, што калі ня будуць вернутыя расейскія датацыі, то Беларусь не падпіша інтэграцыйныя дакумэнты. А пакуль беларускія ўлады вымушаныя фармаваць бюджэт на наступны год без уліку расейскай дапамогі.

Між іншым, фінансавая сытуацыя складаецца няпростая. У верасьні золатавалютныя рэзэрвы Беларусі ўпершыню за шмат месяцаў зьнізіліся на 60 мільёнаў даляраў. Таксама ўпершыню за шмат гадоў на 2020 год заплянаваны дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту ў памеры 1% да ВУП.

І пытаньне, дзе ўзяць грошай, каб разьлічыцца з даўгамі, паўстае ў поўны рост. Можна разьмясьціць дзяржаблігацыі на міжнародных рынках. Летась такім чынам пазычалі ў эўрапейскіх інвэстараў, сёлета — на расейскім рынку. Але там вялікі працэнт. Плянавалі выкарыстаць для гэтай мэты і кітайскі рынак, але потым адмовіліся, ба там яшчэ даражэй.

Таму нічога іншага не застаецца, як зноў зьвярнуцца да МВФ. Не ад добрага жыцьця.

Перамовы з фондам у 2016–2017 гадах нічым ня скончыліся. Бо МВФ выставіў для крэдыту ўмову — рэформы дзяржаўнага сэктару эканомікі. А гэта ўжо пытаньне не эканамічнае, а палітычнае. Бо вялізны дзяржсэктар — гэта аснова беларускай сацыяльнай мадэлі, а яна аптымальная для ўтрыманьня ўлады Лукашэнкам. Таму замах на дзяржсэктар — гэта амаль што замах на ўладу.

Думаю, будзе выкарыстана такая тактыка: увяжамся ў перамовы, а там паглядзім. У любым выпадку гэтае пытаньне (рэформа дзяржсэктару) зьявіцца на парадку дня толькі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Магчыма, разьлік робіцца на тое, што праблема неяк сама рассмокчацца, дзяржпрадпрыемствы самі пачнуць адміраць натуральным чынам. Тэндэнцыя скарачэньня работнікаў на дзяржаўных прадпрыемствах даволі відавочная і заўважная.

У любым выпадку, фінансавага паратунку ўладам даводзіцца шукаць не ў сяброў-саюзьнікаў, а ў ідэйных і, магчыма, палітычных праціўнікаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG