Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэформа дзяржпрадпрыемстваў, адмова ад дырэктыўных крэдытаў… У чым не пагаджаюцца Сусьветны банк і Беларусь


Менскі станкабудаўнічы завод імя Кірава
Менскі станкабудаўнічы завод імя Кірава

Урад Беларусі нацэлены на павышэньне эфэктыўнасьці нацыянальнай эканомікі, заявіў першы намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандар Турчын на сустрэчы з прадстаўнікамі Сусьветнага банку на чале з рэгіянальным дырэктарам па Беларусі, Малдове і Ўкраіне Сату Кяхкянэн.

«Мы разумеем тыя праблемы, якія ў нас ёсьць, і настроены на іх вырашэньне, пачынаючы з наступнага году, — цытуе Аляксандра Турчына БелТА. — Цяпер неабходна распрацаваць два вялікія праграмныя дакумэнты — праграму на наступную пяцігодку і нацыянальную стратэгію ўстойлівага разьвіцьця да 2035 году. Упэўнены, што многія рэчы, якія ёсьць у нашай дарожнай мапе, знойдуць адлюстраваньне ў гэтых дакумэнтах».

Прадстаўніца Сусьветнага банку Сату Кяхкянэн адзначыла, што ў часе сустрэчы з чальцамі рабочай групы ў справе падрыхтоўкі дарожнай мапы атрымалася дамовіцца наконт сфэры сацыяльнай абароны. Але шэраг пытаньняў яна назвала «праблемнымі».

«Мы прайшліся па ключавых пунктах, у якіх ёсьць некаторыя рознагалосьсі. Па шэрагу кірункаў адзначаюцца праблемныя моманты, патрабуюцца дадатковыя абмеркаваньні. Пакуль застаюцца розныя погляды на тарыфы ў цеплазабесьпячэньні, рэформу дзяржаўных прадпрыемстваў, субсыдыі, дырэктыўнае крэдытаваньне».

Турчын на гэта сказаў, што беларускі бок зацікаўлены ў больш хуткім вырашэньні праблемных момантаў, але ўрад «досыць рэальна ацэньвае існыя магчымасьці».

«У нас няма жаданьня нешта напісаць на паперы, максімальна зрушыўшы тэрміны ў няпэўнасьць, каб потым гэтым не займацца. Калі мы падыдзем да таго, што ўсе пункты будуць узгодненыя, мы настроеныя іх выконваць», — заявіў ён.

Турчын зьвярнуў увагу, што толькі адзін захад прапануецца рэалізаваць не адразу, а паступова, цягам 5-6 гадоў — гаворка пра поўную аплату насельніцтвам паслуг цеплазабесьпячэньня. Маўляў, гэтае пытаньне патрабуе ўзгадненьня на самым высокім узроўні. У астатніх выпадках такіх працяглых тэрмінаў не патрабуецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG