Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страты ад «падатковага манэўру» на 2020 год ацанілі ў 400 млн даляраў. Бюджэт плянуюць з дэфіцытам


Ілюстрацыйнае фота

Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту ў 2020 годзе можа скласьці каля 1 млрд беларускіх рублёў, паведаміў журналістам міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч, піша БелаПАН.

«Дзесьці ў раёне 1% да ВУП плянуецца дэфіцыт. Гэта да 1 млрд рублёў», — сказаў Ермаловіч 10 кастрычніка ў Палаце прадстаўнікоў.

Паводле міністра фінансаў, дэфіцыт бюджэту скарацілі з 1,3% да ВУП да 1%, «усталяваўшы больш напружанае патрабаваньне да пералічэньня часткі прыбытку дзяржаўных прадпрыемстваў у бюджэт».

Раней Лукашэнка адправіў увесь пакет прагнозных дакумэнтаў ураду на дапрацоўку, бо «палічыў пляны ўраду недастаткова напружанымі».

Праект бюджэту на 2020 год плянуюць накіраваць у Палату прадстаўнікоў да канца кастрычніка. У рамках бюджэту, паводле Ермаловіча, вызначаныя ўнутраныя і зьнешнія крыніцы пагашэньня зьнешняга доўгу, які складае 3,5 млрд даляраў. 75% гэтай сумы будуць запазычваць на зьнешніх рынках.

Як адзначыў Ермаловіч, істотны ўплыў на фармаваньне бюджэту аказвае падатковы манэўр у расейскай нафтавай галіне. Страты эканомікі Беларусі ад расейскага «падатковага манэўру» ў 2020 годзе складуць каля 400 млн даляраў.

«На наступны год страты будуць 800 млн даляраў з улікам назапашаных 400 млн у гэтым годзе, яшчэ 400 млн на наступны. 800 млн — гэта сумарна для эканомікі», — сказаў ён.

На пытаньне, ці ёсьць нейкія зрухі ў перамовах з Расеяй па кампэнсацыі стратаў, Ермаловіч сказаў: «Мы пакуль у працэсе».

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр — зьмена спагнаньня экспартнага мыта на падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Раней і да канца 2018 году ў Расеі экспарт сырой нафты абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны.
  • Мыта не спаганялася зь паставак у Беларусь на 18-20 мільёнаў тон у год.
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў, а за наступныя 4 гады недаатрымае 11 мільярдаў пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч казаў, што агульныя страты ад падатковага манэўру ацэньваюцца ў 8–12 млрд даляраў.
  • Віцэ-прэмʼер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што Беларусь разьлічвала на кампэнсацыю каля 310–315 мільёнаў даляраў.
  • У якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля 405 млн даляраў. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG