Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спаліць, атруціць, скарміць сабакам. Выдуманыя і рэальныя пакараньні ў КНДР


Паўночнакарэйскі дыктатар Кім Чэн Ын

Пасьля правалу лютаўскай сустрэчы паўночнакарэйскага дыктатара Кім Чэн Ына з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам у КНДР нібыта прайшла чарада пакараньняў сьмерцю высокіх чыноўнікаў, якіх Кім абвінаваціў у здрадзе і выстаўленьні яго на пасьмешышча.

Чаму сьвет верыць жахлівым навінам з Паўночнай Карэі, якія нярэдка аказваюцца выдумкай? Таму што часьцей яны аказваюцца праўдай, піша аглядальнік Радыё Свабода Аляксандар Госьцеў.

Улады Паўднёвай Карэі заяўляюць, што ў іх няма ніякіх пэўных пацьверджаньняў інфармацыі аб нядаўніх пакараньнях. Аднак, як сьцьвярджае крыніца паўднёвакарэйскай газэты «Часон ільбо», якая першай апублікавала гэтую навіну, на загад Кім Чэн Ына ў сакавіку 2019 году на вайсковым аэрадроме Мірым на ўскраіне Пхэньяну былі пакараныя сьмерцю спэцпрадстаўнік Дзяржаўнай рады КНДР па палітыцы ў адносінах да ЗША Кім Хёк Чхоль і яшчэ чатыры супрацоўнікі міністэрства замежных спраў Паўночнай Карэі. Іх абвінавацілі ў шпіянажы на карысьць ЗША.

Адначасова, паводле інфармацыі выданьня, кіраўніка аддзелу ЦК Працоўнай партыі Карэі па пытаньнях ўзьяднаньня з Поўднем Кім Ён Чхоля выслалi на цяжкiя работы ў канцлягер для палітвязьняў у паўночнай правінцыі Чагандо, з мэтай «перавыхаваньня».

Аўтары расьсьледаваньня ў газэце «Часон ільбо» адзначаюць, што сёлета ўвесну паўночнакарэйскія СМІ сталі вельмі часта ўжываць такія выразы, як «антырэвалюцыйная дзейнасьць», «здрада» і «народнае асуджэньне», якія заўсёды зьяўляюцца падчас кампаній па «чыстцы шэрагаў». Напрыклад, менавіта такімі словазлучэньнямі поўнілася прэса КНДР падчас пачатку хвалі рэпрэсіяў 2013 году, калі Кім Чэн Ын аддаў загад пакараць сьмерцю свайго дзядзьку Чан Сон Тхэка, які доўгі час лічыўся другім чалавекам у партыі пры яшчэ маладым дыктатары.

Чан Сон Тхэк на судзе ў Пхэньняне ў сьнежні 2013 году
Чан Сон Тхэк на судзе ў Пхэньняне ў сьнежні 2013 году

У «Часон ільбо» ёсьць зьвесткі, што ў няміласьць цяпер патрапіла нават усёмагутная малодшая сястра паўночнакарэйскага дыктатара Кім Ё Чжон — дырэктарка аддзелу прапаганды і агітацыі Цэнтральнага камітэту Працоўнай партыі Карэі. Яна лічыцца «правай рукой» і «шэрым кардыналам» Кім Чэн Ына, асабліва ў зьнешнепалітычных пытаньнях. Кім Ё Чжон заўсёды знаходзілася побач са старэйшым братам падчас усіх яго апошніх сустрэч і перамоваў зь лідэрамі іншых дзяржаў — а сёньня яна нібыта зьмешчаная пад хатні арышт.

Кім Ё Чжон на афіцыйнай сустрэчы
Кім Ё Чжон на афіцыйнай сустрэчы

Як паведамляе «Часон ільбо», у канцлягер таксама адпраўлена Шын Хе Ён, даўняя асабістая перакладчыца Кім Чэн Ына. Яе нібыта абвінавацілі ў тым, што яна «запляміла рэпутацыю лідэра КНДР», дапусьціўшы няслушныя трактоўкі і памылкі ў перакладзе заяў Дональда Трампа і адказаў Кім Чэн Ына. Як піша выданьне, спасылаючыся на ананімныя «дыпляматычныя крыніцы», Шын Хе Ён, напрыклад, чамусьці не пераклала новую прапанову Кім Чэн Ына ў той момант, калі Трамп рэзка вырашыў перапыніць размову, заявіўшы «зьдзелка ня складзеная», і сыходзіў з залі перамоваў.

Як адзначае найбуйнейшае інфармацыйнае агенцтва Паўднёвай Карэі «Ёнхап», немагчыма праверыць сапраўднасьць такой інфармацыі, якая прыходзіць з КНДР звычайна альбо праз паўднёвакарэйскія спэцслужбы, альбо праз паўднёвакарэйскіх, кітайскіх і японскіх журналістаў. Паўночная Карэя застаецца самай закрытай дзяржавай у сьвеце, дзе крок кожнага чалавека ахутаны заслонай змрочнай сакрэтнасьці.

Адны паведамленьні пра зьверскія пакараньні сьмерцю чыноўнікаў і сваякоў кіруючай сям’і Кімаў, пра расправы над цэлымі сямейнымі кланамі і масавыя рэпрэсіі ў Працоўнай партыі Карэі аказваюцца абсалютнай выдумкай, але многія пасьля пацьвярджаюцца. «Калі гаворка заходзіць пра Паўночную Карэю, мы занадта ахвотна паддаемся самым жахлівым і змрочным сэнсацыям, нават калі і самі ў іх па-сапраўднаму ня верым», — пішуць на гэтую ж тэму аўтары артыкулаў Бі-бі-сі і Washington Post.

Паводле падлікаў агенцтва «Ёнхап», з 29 сьнежня 2011 году, калі Кім Чэн Ын стаў найвышэйшым кіраўніком КНДР, а потым пасьлядоўна старшынём Працоўнай партыі Карэі (у якасьці першага сакратара ў пэрыяд паміж 2012 і 2016 гадамі), старшынём Цэнтральнай вайсковай камісіі і вярхоўным галоўнакамандуючым карэйскай народнай арміі, паводле ягоных загадаў былі пакараныя сьмерцю ня менш за 100 самых высокапастаўленых вайсковых і цывільных чыноўнікаў. Ужо ў 2012 годзе паўднёвакарэйскія журналісты заявілі, што Кім, па прыкладзе свайго бацькі, каб замацавацца ва ўладзе, пачаў кіраваньне з масавых чыстак сярод генэралітэту, аднак гэтая інфармацыя так і не пацьвердзілася.

Потым, у жніўні 2013 году, паўднёвакарэйскія, японскія, кітайскія і заходнія СМІ доўга па чарзе перадрукоўвалі навіну пра пакараньне былой каханкі дыктатара Хён Сон Воль, у той час салісткі звышпапулярнага дзявочага паўночнакарэйскага поп-гурту «Маранбон». У гэтым калектыве, падобным да вялікага вакальна-інструмэнтальнага ансамблю савецкіх часоў, граюць на музычных інструмэнтах, сьпяваюць і танчаць прыгожыя дзяўчаты аднаго росту, з аднолькавымі фігурамі і пяшчотнымі яркімі галасамі. Паведамлялася, што дзяўчат у гурт адбіраў асабіста Кім Чэн Ын.

Хён Сон Воль быццам бы расстралялі, разам з часткай сябровак, «за непрыстойныя паводзіны», а менавіта — за распаўсюд парнаграфіі і чытаньне забароненай у Паўночнай Карэі Бібліі (як бы дзіўна ні гучала такое спалучэньне). Калі дыктатар вырашыў ажаніцца са сваёй цяперашняй жонкай Лі Соль Чжу, ён, як сьцьвярджалі паўднёвакарэйскія журналісты, такім чынам «адсек канцы». Але Хён Сон Воль потым знайшлася жывой і здаровай, яна і сёньня выступае з канцэртамі, у тым ліку і за мяжой, і на шматлікіх афіцыйных ўрачыстых мерапрыемствах у самой КНДР.

13 траўня 2015 году паўднёвакарэйская выведка паведаміла, што некалькімі днямі раней у Пхэньяне на вайсковым палігоне, у прысутнасьці сотняў гледачоў, з савецкай буйнакалібэрнай зэнітнай ўстаноўкі ЗПУ-4 быў расстраляны Хён Ён Чхоль, міністар Народных Узброеных Сіл, былы начальнік Генэральнага штабу Карэйскай народнай арміі. Пазьней СМІ Паўднёвай Карэі паведамлялі пра іншыя даты і абставіны яго пакараньня сьмерцю, абапіраючыся на інфармацыю з неназваных крыніц. Прычым у некаторых выданьнях зьявіліся падрабязнасьці, згодна зь якімі Хён быў прысуджаны да такой сьмерці проста за тое, што заснуў падчас пасяджэньня з удзелам Кім Чэн Ына. У наступныя гады дзяржаўнае тэлебачаньне КНДР паказвала запісы выступленьняў нібыта пакаранага міністра пасьля меркаванай даты сьмерці. Жывы ён ці мёртвы — так дагэтуль і ня высьветлілася.

Пра якія пакараньні сьмерцю ў КНДР за час кіраваньня Кім Чэн Ына вядома больш-менш пэўна?

  • Ужо згаданы дзядзька дыктатара Чан Сон Тхэк ў 2013 годзе быў абвінавачаны ў карупцыі і разгульным ладзе жыцьця. Паводле афіцыйнай вэрсіі, прадстаўленай Пхеньянам, ён жадаў захапіць найвышэйшую ўладу ў дзяржаве, для гэтага «стварыўшы падпольную групу рэакцыйных элемэнтаў з мэтай ліквідацыі сацыялістычнай сыстэмы».

Шэраг СМІ неадкладна напісалі, што Чан Сон Тхэка і яшчэ пяць чалавек зь ягонага атачэньня Кім Чэн Ын нібыта загадаў, разьдзеўшы дагала, кінуць у клетку да 120 галодных байцовых сабак. Аднак потым, у студзені 2014 году, ад паўночнакарэйскага дыплямата-ўцекача стала вядома, што свайго дзядзьку Кім Чэн Ын загадаў расстраляць «звычайным чынам». Зрэшты, многія паўднёвакарэйскія выданьня потым, спасылаючыся на «розныя ананімныя крыніцы ў Паўночнай Карэі», працягвалі публікаваць жахлівыя падрабязнасьці расправы над усёй сям’ёй Чан Сон Тхэка — усе яго сваякі, у тым ліку малыя дзеці, нібыта былі расстраляныя перад сваімі дамамі на вачах у суседзяў.

  • У красавіку 2014 году быў пакараны сьмерцю міністар грамадзкай бясьпекі Аб Сон Хон, якога Кім Чэн Ын абвінаваціў у здрадзе і шпіянажы на карысьць ЗША. Паўднёвакарэйскія газэты пісалі, што паўночнакарэйскі дыктатар назваў Аб Сон Хона сваім асабістым ворагам і загадаў спаліць яго жыўцом, на вачах у сьведак, з цяжкага танкавага агнямёту.
  • У пачатку траўня 2014 году, таксама паводле інфармацыі ад перабежчыкаў з КНДР, у Пхэньяне была атручаная Кім Гён Хі — жонка Чан Сон Тхэка, малодшая дачка колішняга дыктатара Кім Ір Сэна і родная цётка Кім Чэн Ына, генэрал арміі і чалец Палітбюро ЦК Працоўнай партыі, якая мела сьмеласьць крытыкаваць дыктатара ў сваім блізкім атачэньні.

Як піша расейскі карэезнаўца Андрэй Ланько, калі Кім Чэн Ын толькі вучыўся кіраваць дзяржавай, рэальная ўлада ў Паўночнай Карэі доўга належала неафіцыйнай «рэгенцкай радзе», якую ўзначальвалі менавіта Чан Сон Тхэк і ягоная жонка. Цікава, што калі ў 2010 годзе ў Пхэньяне адкрылі першы рэстаран хуткага харчаваньня, ён належаў асабіста цётцы дыктатара. Паколькі гамбургеры лічацца ў КНДР «шкоднай ежай амэрыканскіх імпэрыялістаў», дык у гэтым рэстаране іх называлі нібыта старадаўняй карэйскай стравай «фарш і хлеб». У паўночнакарэйскай прапагандзе Кім Гён Хі сёння не згадваецца наогул, а рэстаран зачынены.

  • Гэта нельга назваць афіцыйным пакараньнем сьмерцю, і адбылося гэта не ў КНДР, а ў сталіцы Малайзіі, Куала-Лумпуры, але 13 лютага 2017 году тут у міжнародным аэрапорце быў на вачах сотняў сьведак атручаны баявым атрутным рэчывам, відавочна VX, 46-гадовы Кім Чэн Нам, старэйшы адзінакроўны брат Кім Чэн Ына. Гэтая гісторыя поўная дзіўных падрабязнасьцяў — але сутнасьць яе адназначная: на загад Кім Чэн Ына паўночнакарэйскія спэцслужбы зрабілі паказальнае забойства, з помсты, рэўнасьці і для застрашваньня ўсіх падданых «бліскучага таварыша» і «генія сярод геніяў», які стаяў на чале КНДР. А таксама — у якасьці «падарунка» дыктатару да дня нараджэньня Кім Чэн Іра — бацькі як цяперашняга ўладара КНДР, так і яго забітага брата. У Паўночнай Карэі гэты дзень заўсёды пампэзна адзначаецца 16 лютага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG