Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Ўкраіна хочуць разам правесьці Алімпіяду. Колькі гэта каштуе


Зарослы алімпійскі валейбольны стадыён у Афінах, архіўнае фота
Зарослы алімпійскі валейбольны стадыён у Афінах, архіўнае фота

Прэм’ер-міністар Украіны Аляксей Ганчарук заявіў, што Беларусь і Ўкраіна зьбіраюцца падаць заяўку на правядзеньне летняй Алімпіяды. Свабода падлічыла, у колькі гэта можа абысьціся і што прынясе эканоміцы.

Раней пра летнюю Алімпіяду выказваўся і Аляксандар Лукашэнка. Па заканчэньні Эўрапейскіх гульняў ён заявіў, што гэта магчыма.

«Вядома, нам цяжка спаборнічаць з гігантамі, але, дапусьцім, з украінцамі або расейцамі мы можам Алімпіяду правесьці. Аб’екты пад Алімпійскія гульні ў нас гатовыя. Цяпер нацыянальны футбольны стадыён пабудуем, і для водных відаў спорту, застанецца футбол. У Расеі ўся інфраструктура створана пад футбол. Можам папросту зь імі прыняць Алімпіяду», — казаў Лукашэнка летась у верасьні.

Колькі каштуе Алімпіяда

Летняя Алімпіяда праводзіцца раз на чатыры гады. Апошняя летняя Алімпіяда праходзіла ў 2016 годзе ў Бразыліі. Гэтыя спаборніцтвы ў Рыё каштавалі Бразыліі 20 мільярдаў даляраў — амаль удвая больш, чым плянавалася адпачатку.

Алімпійскія гульні ў Лёндане ў 2012 годзе каштавалі бюджэту 37 мільярдаў даляраў. Пэкінскія гульні ў 2008 годзе абышліся кітайскаму бюджэту ў 44 мільярды даляраў.

Летнія алімпійскія гульні ў грэцкіх Атэнах каштавалі 11,2 мільярда даляраў, гэта адны з найменшых такога роду затратаў за апошнія гады. І нават калі падзяліць гэтую суму паміж Украінай і Беларусьсю, выйдзе па 5,6 мільярда, або 11-я частка ад ВУП Беларусі за мінулы год.

Гандаль сувэнірамі падчас сочынскай алімпіяды ў 2014 годзе
Гандаль сувэнірамі падчас сочынскай алімпіяды ў 2014 годзе

Ці можа Алімпіяда акупіцца

Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, апошняя Алімпіяда, якая акупілася, прайшла ў Лос-Анджэлесе ў 1984 годзе.

«Магчыма, было два-тры выпадкі, калі Алімпіяда была блізкая да прыбытковасьці. Трэба, каб краіна была інтэграваная ў буйныя спартовыя спаборніцтвы, мела свой моцны спартовы сэктар у сваёй краіне. У небагатай краіне ня можа быць прыбытковая інфраструктура спорту», — упэўнены Яраслаў Раманчук.

Праводзячы Алімпіяду, краіна можа зарабіць на:

  • продажы права на трансьляцыю,
  • спонсарскіх кантрактах,
  • ліцэнзійнай прадукцыі з Алімпіяды,
  • квітках на спаборніцтвы.

Пры падрыхтоўцы Алімпіяды грошы ідуць на падрыхтоўку інфраструктуры, будаўніцтва спартовых аб’ектаў.

Што адбываецца са спартовымі арэнамі пасьля Алімпіяды

Алімпійскі стадыён «Маракана», дзе адкрывалі і закрывалі гульні 2016 у Рыё, заняпаў ужо праз паўгода пасьля гульняў. Са стадыёна павыносілі частку крэслаў, там адключалі электрычнасьць за даўгі.

Цяпер стадыён функцыянуе, на ім праходзяць футбольныя матчы. Алімпійскую вёску ў Афінах меркавалі выкарыстоўваць як жыльлё для бяздомных, але гэты праект так і ня быў рэалізаваны.

Агулам, з 26 абʼектаў, збудаваных да Алімпіяды-2004 у Афінах, цяпер выкарыстоўваюцца толькі чатыры.

Адна з пляцовак Алімпіяды ў Пэкіне — нацыянальны стадыён — цяпер стаў канцэртнай пляцоўкай, час ад часу тут праходзяць і спартовыя спаборніцтвы.

Нацыянальны стадыён водных відаў спорту ў Пэкіне перабудавалі ў аквапарк. На большасьць алімпійскіх аб’ектаў у Кітаі водзяць турыстаў, але 97% наведнікаў — гэта ўнутраны турызм.

Якія спаборніцтвы праходзілі ў Беларусі і што гэта дало

Кіраўніцтва Беларусі любіць прымаць спартовыя спаборніцтвы. У Менску з апошніх буйных спаборніцтваў праходзіў чэмпіянат сьвету па хакеі — 2014 і Эўрапейскія гульні ў 2019 годзе. Тагачасны старшыня фэдэрацыі хакею Яўген Ворсін ацэньваў даходы ад правядзеньня ўсясьветнага хакейнага турніру ў 14,5 мільёна эўра. Аднак, з улікам будаўніцтва гатэляў, арэнаў ды іншай інфраструктуры, падрыхтоўку экспэрты ацэньвалі ў суму да 2 мільярдаў даляраў.

На Эўрагульні Беларусь патраціла 270 мільёнаў даляраў. Былі мадэрнізаваныя ці адрамантаваныя 12 арэн:

  • «Менск-Арэна»;
  • Стадыён «Дынама»;
  • Палац спорту «Ўручча»;
  • Falcon Club;
  • СК «Алімпійскі»;
  • «Чыжоўка-Арэна»;
  • Sporting Club;
  • Palova Arena;
  • Цэнтральны палац спорту;
  • Стралковы цір імя Цімашэнкі;
  • Цэнтар алімпійскай падрыхтоўкі ў тэнісе;
  • Цэнтар алімпійскай падрыхтоўкі вясьлярных відаў спорту

Канкрэтных лічбаў даходу ад Эўрагульняў чыноўнікі не называлі — казалі, што ацэньваць яго варта ў «павелічэньні інвэстыцыйнай прыцягальнасьці і павелічэньні экспарту». Па выніках 2019 году экспарт тавараў у натуральным вымярэньні зьменшыўся на 0,4% у параўнаньні з 2018 годам, калі гульняў не было. У грошах экспарт у параўнаньні з 2018 годам скараціўся на 2,9%.

Навошта Беларусі Алімпіяда

Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, з дапамогай спартовых спаборніцтваў «улада адцягвае ўвагу ад рэальных эканамічных праблем».

«Лукашэнка хоча, каб гаварылі не пра канкрэтныя праблемы, а пра шчасьлівую будучыню. Багатыя краіны ня могуць зрабіць так, каб Алімпіяды акупіліся. Таму ўсе гэтыя заявы пра Алімпіяды — гэта ўсё далёкія мары. Ва Ўкраіне — тое ж самае, замест эканамічнай палітыкі займаюцца іншым», — мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук.

Летняя Алімпіяда — 2020 пройдзе ў Токіё. Першапачаткова на яе плянавалася патраціць 12,6 мільярда даляраў, але гэтая сума можа яшчэ вырасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG