Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ультыматум Мядзьведзева»: альтэрнатыўная гісторыя


Дзьмітры Мядзьведзеў і Сяргей Румас, Берасьце, 13 сьнежня 2018

Сьцісла:

  • Калі б расейскі прэм'ер-міністар у сьнежні 2018 году проста паведаміў, што Расея скароціць дапамогу Беларусі незалежна ад яе палітыкі, то вынік атрымаўся б такім жа, якім ён атрымаўся ў рэальнасьці
  • Калі б Беларусь адразу выбрала варыянт з захаваньнем існага ўзроўню інтэграцыі і пэрспэктывай скарачэньня расейскай дапамогі, то і тады ў лютым 2020 году бакі прыйшлі б да таго ж, да чаго яны прышлі ў выніку інтэграцыйнага дужаньня
  • Варыянты, калі Беларусь згаджаецца на паглыбленьне інтэграцыі, і калі Расея пагаджаецца без інтэграцыі захаваць узровень падтрымкі, былі абодва нерэалістычныя

Як бы разьвіваліся беларуска-расейскія адносіны, калі б «ультыматуму Мядзьведзева» наагул не было ці адказ на яго быў бы іншым?

Плённы спосаб аналізу зьяваў і працэсаў — параўнаньне з рэалістычнымі, праўдападобнымі, дасягальнымі альтэрнатывамі.

13 сьнежня 2018 году тагачасны прэм’ер РФ Дзьмітры Мядзьведзеў у Берасьці заявіў: альбо Беларусь і Расея рэалізуюць у поўным абʼёме дамову аб саюзнай дзяржаве і тады Беларусь атрымлівае ўсю жаданую ёю эканамічную дапамогу ад Расеі, альбо рэалізуецца «кансэрватыўны варыянт» — узровень інтэграцыі не мяняецца, але расейская дапамога альбо таксама застаецца на ранейшым узроўні, альбо скарачаецца.

Без узгадак пра саюзную дзяржаву

А што было б, калі б тады Мядзьведзеў не прапаноўваў выбар, наагул не прыгадваў бы саюзную дзяржаву 20-гадовай даўніны, а абмежаваўся простым паведамленьнем: Расея палічыла, што вы нам дорага абыходзіцеся? Як ён у свой час сказаў расейскім пэнсіянэрам: «Денег нет, но вы держитесь». Гэтак і беларусам сказаў бы: пра кампэнсацыю за падатковы манэўр — забудзьцеся, пра «перамытненьне» з 2020 году — забудзьцеся, пра хітрыя зьніжкі на нафту — забудзьцеся. Проста — цяпер будзем жыць па-новаму.

І чым сытуацыя праз 14 месяцаў пасьля абвяшчэньня гэтай новай палітыкі адрозьнівалася б ад той, якая паўстала ў лютым 2020 году ў рэальнасьці? А па вялікім рахунку нічым.

Праўда, было б менш падставаў гаварыць, што Расея хоча захапіць Беларусь. Але ўсе роўна былі б — маўляў, адбірае тое, што давала раней, «ставіць ракам». Значыць, хоча захапіць. Так што схема «яднаньня вакол сьцягу» і тады б спрацавала.

Ну можа Майк Пампэо не прыехаў бы — чаго ехаць, калі Расея нічога не патрабуе ад Беларусі (у нашай альтэрнатыўнай гісторыі не патрабавала б), а толькі забірае палёгкі і зьніжкі, ад чаго Беларусь абараняць? А мо і тады прыехаў бы: Расея зьмяншае дапамогу, што робіць Беларусь больш слабай і ўразьлівай, а гэта не ў інтарэсах ЗША. Вынік — у гэтай альтэрнатыўнай гісторыі ўсё было б дакладна гэтак жа, як яно здарылася ў рэальнасьці.

«Кансэрватыўны варыянт» адразу

Варта разгледзіць і яшчэ адну альтэрнатыву. Дапусьцім, што ўльтыматум Мядзьведзева быў бы, але Менск адказаў бы на яго ня так, як адказаў насамрэч. Сказаў бы: Дзякуй за шчодрую інтэграцыйную прапанову, але яна нам не падыходзіць, мы выбіраем «кансэрватыўны» варыянт — без паглыбленьня інтэграцыі, але са скарачэньнем расейскай дапамогі. Будзем трымацца, калі ў вас грошай няма.

Так, тады не было б доўгай цяганіны з шматлікімі інтэграцыйнымі мапамі, праклёнамі, папрокамі ў «барбарстве» і «дармаедзтве». Напэўна, не было б і шматлюдных пратэстаў супраць замаху на беларускі сувэрэнітэт, не задзьмуў бы «Сьвежы вецер». Калі ёсьць дылема — незалежнасьць альбо танная нафта, зразумелы матыў маніфэставаць за выбар на карысьць незалежнасьці. Але калі дылемы няма, а ёсьць толькі падаражэўшая нафта — супраць чаго пратэставаць? Супраць падаражэньня нафты?

Але калі браць чыста эканамічны аспэкт, то з чым Беларусь і Расея прыйшлі б тады да лютага 2020 году? Ёсьць падазрэньне, што ізноў жа — прышлі б прыкладна да таго ж, да чаго прыйшлі ў Сочы 7 лютага сёлета Лукашэнка і Пуцін: 127 даляраў за тысячу кубамэтраў газу, мінус «перамытненьне», 83% ад сусьветнай цаны на нафту, з марай пра кампэнсацыю падатковага манэўру — разьвіталіся.

Зьмястоўнымі, прынцыповымі альтэрнатывамі былі як прыняцьцё Менскам інтэграцыйнай прапановы, гэтак і гатоўнасьць Расеі без паглыбленьня інтэграцыі хаця б захаваць ранейшы ўзровень падтрымкі беларускай эканомікі. Але заднім лікам, з улікам гадавога досьведу гандлю і інтэграцыйнай гульні, выглядае, што абодва менавіта гэтых апошніх варыянтаў былі неверагоднымі, нерэалістычнымі.

А ўсе імаверныя (хаця б тэарэтычна рэальныя) вялі да аднаго і таго ж — да таго, што 7 лютага насамрэч і адбылося. Магчыма, з гэтага гледзішча зьдзелку 7 лютага і варта ацэньваць.

Так што атрымліваецца, што рэальных альтэрнатываў па сутнасьці не было. Незалежнасьцю беларусы ахвяраваць не зьбіраюцца. Але і расейцы аказваць дапамогу ў ранейшым абʼёме без беларускага ахвяраваньня незалежнасьцю таксама не зьбіраюцца.

Таму так ці інакш давядзецца жыць па сродках, якія робяцца больш сьціплымі. Наркотыкам была ранейшая расейская дапамога ці ўратаваньнем — пытаньне робіцца ня надта актуальным. Давядзецца адаптавацца да сытуацыі, калі яна будзе істотна меншай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG