Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь сталі інвэставаць яшчэ менш. Мінус 7,7% за 2019 год


© Shutterstock

Аб’ём замежных інвэстыцый у рэальны сэктар эканомікі Беларусі (без уліку банкаў) склаў у 2019 годзе 10,007 млрд даляраў, паведамляе Белстат. Гэта на 835 млн даляраў менш, чым было годам раней.

Па 3 зь лішнім мільярды ўклалі ў прамысловасьць і сфэру гандлю, каля 2 млрд — у транспарт і склады. З гэтага наўпроставыя інвэстыцыі склалі 72,3%. Астатнія інвэстыцыі былі ўскосныя, калі інвэстар укладае сродкі праз пасярэдніка або ў актывы прадпрыемства бяз права кіраваньня імі.

Найбольш замежных інвэстыцый у беларускую эканоміку было ў 2011 годзе. Тады аб’ёмы падскочылі ўдвая да таго, што было годам раней — аж 18,9 млрд даляраў. Але пасьля аб’ёмы ўпалі да 14–15 млрд у 2012–15 гадах, дасягнулі 8,6 млрд у 2016-м. Затым быў невялікі рост — 9,7 млрд у 2017-м і 10,8 млрд у 2018-м.

Такім чынам, цяпер замежныя інвэстыцыі амаль вярнуліся на ўзровень 10-гадовай даўнасьці.

Цяпер найбольш у Беларусь інвэстуюць з наступных краінаў:

  • Расея — 45,1% усіх замежных інвэстыцый (без уліку інвэстыцый у банкі);
  • Вялікая Брытанія — 18%;
  • Кіпр — 7,6%.

Годам раней доля Расеі складала 38,3%, Брытаніі — 25,7%.

Зь Беларусі за мяжу за 2019 год інвэставалі 5,8 млрд даляраў (у 2018-м — 6,065 млрд), найбольш — у Расею (61,9%), Украіну (15,5%) і Вялікую Брытанію (9,8%).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG