Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства гандлю ЗША пачало працэдуру перагляду статусу беларускай эканомікі


Афіцыйны друкаваны орган ураду ЗША — Фэдэральны рэгістар — 6 лютага 2020 году апублікаваў паведамленьне міністэрства гандлю ЗША аб пачатку працэдуры аналізу, ці зьяўляецца Беларусь краінай з нярынкавай эканомікай.

Пра гэта паведамляе партал TUT.BY са спасылкай на міністэрства эканомікі Беларусі.

Паводле рашэньня міністэрства гандлю ЗША на працягу месяца зацікаўленыя ведамствы прадставяць свае камэнтары ў дачыненьні да Беларусі адносна такіх сфэраў, як валютныя апэрацыі, інвэстыцыйны рэжым, працоўныя адносіны, дзяржаўная ўласнасьць, прагрэс у перамовах па далучэньні да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі (СГА).

Пасьля разгляду ўсіх камэнтароў ведамстваў мінгандлю ЗША ацэніць мэтазгоднасьць правядзеньня публічных слуханьняў аб пераводзе Беларусі ў катэгорыю краін з рынкавай эканомікай. Канчатковыя вынікі могуць быць апублікаваныя ў лістападзе 2020 году.

Статус «краіны зь нярынкавай эканомікай» Беларусь атрымала аўтаматычна пасьля распаду СССР. Такі статус дазваляе ўраду ЗША для абароны амэрыканскіх прадпрыемстваў ужываць абмежавальныя мытна-тарыфныя меры да асобных відах беларускай прадукцыі, якія робяць яе экспарт эканамічна немэтазгодным.

У прыватнасьці, пры разьліку антыдэмпінгавага мыта для «краіны зь нярынкавай эканомікай» кошт на тавар вызначаецца зыходзячы не са звычайных умоваў гандлю гэтай краіны, а з умоваў адмыслова падабранай краіны-аналяга, што дазваляе ўсталёўваць завышаны памер мыта.

Раней пасьпяхова дамагліся перагляду статусу сваёй эканомікі Расея, Казахстан, Украіна, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Чэхія, Славаччына, Вугоршчына, Румынія.

У кастрычніку 2019 года міністэрства эканомікі Беларусі заключыла пагадненьне з кампаніяй Crowell & Moring наконт юрыдычнага суправаджэньня працэсу пераводу Беларусі ў статус краіны з рынкавай эканомікай.

Праз два месяцы ад імя ўраду Беларусі ў міністэрства гандлю ЗША была накіраваная першасная заяўка на ініцыяваньне працэдуры перагляду статусу беларускай эканомікі з паданьнем неабходных аргумэнтаў. У ЗША палічылі, што ўрад Беларусі падаў дастатковыя доказы для пачатку працэдуры перагляду статусу беларускай эканомікі.

Наданьне Беларусі статусу краіны з рынкавай эканомікай дазволіць ліквідаваць дыскрымінацыйныя мыты, пазьбегнуць іх неабгрунтаванага завышэньня ў адносінах да беларускай прадукцыі ў ЗША і будзе спрыяць нарошчваньню беларускага экспарту ў ЗША, лічаць у міністэрстве эканомікі Беларусі.

«Акрамя відавочных эканамічных выгадаў, у кантэксьце нармалізацыі беларуска-амэрыканскіх адносінаў станоўчае рашэньне дадзенага пытаньня будзе мець сур’ёзныя іміджавыя перавагі для нашай краіны ў сыстэме міжнароднага гандлю», — адзначана ў паведамленьні беларускага міністэрства.

Акрамя таго, атрыманьне статусу рынкавай эканомікі ў органах ЗША будзе спрыяць фармаваньню недыскрымінацыйных абавязаньняў Беларусі пры далучэньні да СГА.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG