Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што будуць гаварыць Лукашэнка і Пуцін у Сочы?


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Сьцісла:

  • Галоўныя тэмы перамоваў Лукашэнкі і Пуціна — нафта, газ, інтэграцыя
  • У студзені Беларусь атрымала ў 4 разы менш нафты з Расеі, чым плянавала
  • Кароткатэрміновы кантракт на пастаўкі газу дзейнічае толькі да канца лютага
  • Лукашэнку давядзецца рабіць выбар паміж ахвяраваньнем сувэрэнітэтам і больш высокімі цэнамі на энэрганосьбіты
  • Ён можа зацягваць перамовы, але эканамічныя рэаліі пакідаюць яму на гэта няшмат часу

Нафта, газ, інтэграцыя — выглядае, што менавіта гэтыя тэмы будуць асноўнымі на перамовах у Сочы 7 лютага кіраўнікоў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі.

Па ўсіх гэтых тэмах двухбаковыя адносіны дагэтуль ня вызначаныя.

З пачатку году нафту ў Беларусь пастаўляе толькі адна расейская кампанія «Сафмар», якая належыць Міхаілу Гуцэрыеву, аб’ём гэтых паставак складае чвэрць ад заплянаваных.

У лютым Гуцарыеў гатовы паставіць у Беларусь нафты ўдвая менш, чым у студзені. Іншыя нафтавыя кампаніі РФ не падалі заявак на продаж нафты ў Беларусь.

Па газе ёсьць пагадненьне аб пастаўках у ранейшых абʼемах і па ранейшай цане, але толькі на студзень і люты.

Праграма паглыбленьня інтэграцыі летась не была падпісаная, падпісаньне было заплянаванае на 8 сьнежня — у 20 гадавіну ўтварэньня саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.

Прадстаўнікі расейскай улады, у тым ліку і прэзыдэнт Пуцін, неаднойчы казалі на працягу мінулага году, што маштабная расейская падтрымка беларускай эканомікі магчымая толькі пры ўмове паглыбленьня інтэграцыі.

Цяперашні нафтавы крызіс у двухбаковых адносінах — самы працяглы ў найноўшай гісторыі.

Лукашэнка днямі заявіў, што яго сустрэча з Пуціным 7 лютага будзе «момантам ісьціны».

Кіраўнік Беларусі і сапраўды апынуўся перад дылемай. Спробы забясьпечыць альтэрнатыўныя пастаўкі нафты пакуль вялікага плёну не далі. Цяперашняе становішча з кароткатэрміновымі дамоўленасьцямі, у тым ліку і асабістымі, наўрад ці можа працягвацца. Звычайна формула цаны на газ і нафту вызначаецца на даволі працяглы тэрмін — год і даўжэй.

Не саступіць нічога — гэта атрымаць даволі высокія цэны і на нафту і на газ, фактычна зафіксаваць на працяглы час пагаршэньне ўмоваў імпарту ключавых для беларускай эканомікі тавараў. Выглядае, што калі цана на газ і нафту будуць 7 лютага вызначаныя і зафіксаваныя, для перагляду іх у будучыні на карысьць Беларусі спатрэбяцца значныя саступкі ў пытаньні інтэграцыі, саступкі часткі сувэрэнітэту на карысьць саюзу, а фактычна — Расеі.

Саступіць зараз пэўную долю сувэрэнітэту — гэта можа і дасьць больш менш прымальныя цэны на энэрганосьбіты. І расейцы ў далейшым наўрад ці будуць пераглядаць вызначаныя цяпер цэны. Але самая форма саступкі можа прывесьці да павялічэньня долі сувэрэнітэту, якім ахвяруюць. Напрыклад, пераход на расейскі падатковы кодэкс не азначае наўпроставай страты сувэрэнітэту, але можа весьці да яе.

Лукашэнку давядзецца рабіць выбар. Ці зацягваць канфлікт далей, атрымаўшы чарговы кароткатэрміновы кантракт і час на дасягненьне кампрамісу.

Магчыма, ён у кіраўніка Беларусі і ёсьць. Як мяркуюць некаторыя экспэрты, дэдлайн тут — прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, да іх Лукашэнка вымушаны будзе дасягнуць хоць якога пагадненьня з Расеяй.

Раней можа і ня вымушаны палітычнымі чыньнікамі. Але сытуацыя студзеня, калі нафтавыя пастаўкі пакрываюць толькі ўласныя патрэбы Беларусі, доўга працягвацца ня можа па вызначэньні.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Нагадаем факты, зьвязаныя з меркаванымі асноўнымі сюжэтамі будучых перамоваў кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў.

НАФТА

  • З 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, пастаўкі ажыцьцяўляла толькі кампанія «Сафмар» Міхаіла Гуцэрыева ў памеры 0.5 мільёны тон
  • Напрыканцы 2019 году быў прыняты толькі «індыкатыўны балянс», паводле якога Расея выказвала гатоўнасьць Расея паставіць у Беларусь 24 млн тонаў нафты
  • У студзені 2020 году Беларусь атрымала з Расеі ў 4 разы менш нафты, чым было прадугледжана індыкатыўным балянсам
  • Унутраныя патрэбы Беларусі ў нафце складаюць прыкладна 6–7 млн тонаў — у сярэднім па паўмільёна тонаў на месяц, менавіта столькі краіна і атрымала ў студзені
  • 9 сьнежня Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Расея хоча, каб мы набылі ў яе нафту па цэнах, вышэйшых за ўсясьветныя»
  • У студзені была ажыцьцёўленая пастаўка 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup праз літоўскі порт Клайпеда
  • Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на сталай аснове выказалі Латвія, Літва і Ўкраіна
  • Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году

ГАЗ

  • Старшыня праўленьня «Газпрому» Аляксей Мілер і пасол Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка ў апошнія гадзіны 2019 году падпісалі пратакол аб цэнах на газ для Беларусі на студзень і люты 2020 году
  • Цана газу для Беларусі на студзень-люты 2020 году застаецца на ўзроўні 2019 году, гэта значыць 127 даляраў за 1 тыс. кубічных мэтраў.
  • Таксама былі падпісаныя дадаткі да кантрактаў на транзыт і пастаўку газу з «Газпром трансгаз Беларусь», якія падаўжаюць іх да 2021 году.
  • Згодна з падпісаным дакумэнтам, кантрактныя аб’ёмы паставак і транзыту ў 2020 годзе захаваныя на ўзроўні 2019 году
  • З 1 студзеня 2020 была скасаваная схема так званага «перамытненьня». Беларусь купляла ў Расеі дадатковыя 6 млн тонаў нафты, прадавала яе ў трэція краіны і атрымлівала з бюджэту РФ кампэнсацыю экспартнага мыта. Гэтая схема кампэнсавала Беларусі адносна высокую цану на газ

ІНТЭГРАЦЫЯ

  • Пасьля таго, як летась праграма паглыбленьня інтэграцыі не была падпісаная, пра працяг перамоваў наконт інтэграцыі сёлета не паведамлялася
  • Падчас адстаўкі ўраду Расеі страціў сваю пасаду галоўны перамоўшчык з расейскага боку, міністар эканамічнага разьвіцьця Максім Арэшкін. Імя новага расейскага перамоўшчыка наконт інтэграцыі з Беларусьсю не было абвешчанае
  • Праект праграмы паглыбленьня інтэграцыі ўключае ў сябе 30 «дарожных мапаў» — праграмаў інтэграцыі ў розных сфэрах і галінах эканамічнага супрацоўніцтва
  • Паводле заяваў афіцыйных прадстаўнікоў пасьля апошняга раўнду перамоваў Лукашэнкі і Пуціна 20 сьнежня няўзгодненымі засталіся 8 «мапаў»
  • 20 сьнежня Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію галоўнаму рэдактару радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксею Венядзиктаву паведаміў пра наяўнасьць 31-й «дарожнай мапы», якая прадугледжвае інстытуцыйную інтэграцыю — стварэньне наддзяржаўных органаў улады і кіраваньня. Паводле Лукашэнкі перамовы наконт гэтай «мапы» пакуль не вяліся
  • 5 лютага пасол РФ у Беларусі Дзьмітры Мезенцаў заявіў, што новы ўрад РФ зацікаўлены ў працягу працы па паглыбленьні інтэграцыі з Беларусьсю на аснове падрыхтаваных летась 30 «дарожных мапаў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG