Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэм’ер Круты патлумачыў, што такое «сусьветная цана» на расейскую нафту для Беларусі


Віцэ-прэмʼер ураду Беларусі Дзьмітры Круты

Сёньня віцэ-прэмʼер ураду Беларусі Дзьмітры Круты даў у разгорнутым інтэрвію БелТА тлумачэньне пра вынікі сочынскай сустрэчы на найвышэйшым узроўні адносна нафтавага пытаньня.

9 лютага Круты заявіў, што беларускія НПЗ будуць купляць нафту па дамоўленасьці з расейскімі кампаніямі па цэнах, якія ўсталёўваюцца на сусьветным рынку.

Сёньня ён патлумачыў, што меў на ўвазе. Прапануем вам галоўныя моманты зь інтэрвію.

«Усясьветная цана» для Беларусі

—​ Што ўваходзіць у «сусьветную цану»?

— Два складнікі: гэта цана паміж кампаніямі — чыстая, бяз прэміі, і тое мыта, якое ёсьць ва ўмовах расейскага падатковага манэўру на сёньняшні дзень. Сумарна — гэта мінус 17% да той каціроўкі, якую мы бачым на нафце Brent.

—​ Гэта значыць, мы будзем купляць па 83% ад усясьветнай цаны?

— Так. Дадаючы прэмію, расейцы хочуць гэтую цану павялічыць.

—​ А яны будуць дадаваць?

— Цяпер вось Гуцэрыеў (група кампаній «Сафмар» расейскага прадпрымальніка Міхаіла Гуцэрыева, адзіная, якая рабіла пастаўкі нафты ў Беларусь у студзені — РС) не дадае, пастаўляе без прэміі.

Цяпер цана для нас на 17% ніжэйшая за сусьветную, гэта толькі на памер мыта. А калі мы мыта прыбярэм і возьмем чыстую цану паміж кампаніямі, то яна, па сутнасьці, сусьветная. А расейскія кампаніі кажуць: вы нам яшчэ прэміі заплаціце. Гэта значыць, яны хочуць яшчэ на нашым рынку зарабіць.

На заходнім і нашым напрамках для расейскіх здабывальных кампаній мы хочам мець аднолькавае цэнаўтварэньне. Тое, што яны пастаўляюць праз парты па трубе на Захад, і тое, што яны пастаўляюць у Беларусь, — адна нафта Urals той жа якасьці. І цэнаўтварэньне павіннае быць аднолькавае.

Адкуль узялася прэмія?

—​ Дык а што за пытаньне з прэміяй?

—​ Прэмія з 2012 па 2015 год існавала юрыдычна ў пагадненьні паміж «Белнафтахімам», двума нашымі НПЗ і расейскімі кампаніямі зь ліку «вялікай пяцёркі». Калі мы плацілі ўсяго толькі палову сусьветнай цаны, прэмія мела нейкі эканамічны сэнс. Цяпер, калі для нас сусьветная цана ўжо сьціснулася, плаціць гэтую прэмію — варʼяцтва.

—​ Атрымліваецца, мы будзем купляць нафту на аснове дамоўленасьцяў з расейскімі кампаніямі па сусьветных каціроўках без уліку экспартнага мыта. Гэта значыць набываем па 83% ад сусьветнай цаны. Пры гэтым наконт прэміяў нам не гарантавалі, што гэтых прэміяў ня будзе, гэта пытаньне перамоваў паміж нашымі НПЗ і расейскімі пастаўшчыкамі.

—​ Так, гэта цяпер пытаньне перамоваў. І мы кажам, што цэнаўтварэньне павіннае быць аднолькавым у параўнаньні з заходнімі краінамі.

—​ Як вы думаеце, ці пойдуць яны ўсё ж такі на тое, каб пастаўляць без прэміі?

—​ Гуцэрыеў жа пастаўляе.

—​ Так, але гэта кропля ў моры ў параўнаньні з тым, што нам неабходна.

—​ Дык калі гэтых «кропель» будзе шмат. Гэта і буйным кампаніям можа быць выгадна. Зразумела, што, можа, ня тыя абʼёмы ўжо будуць, як раней, але гэта абʼёмы, якія забясьпечаць унутраны рынак, нейкія мінімальныя экспартныя кантракты.

«Сусьветная цана» для Беларусі ў 2020 годзе

—​ У 2020 годзе таксама застаецца лічба 83% ад сусьветнай цаны?

—​ Там яна плавае, мыта само скача... Блізка — 83-85%.

—​ Адпаведна, калі падатковы манэўр у Расеі завершыцца, гэта ўжо будзе 100% ад сусьветнай цаны.

—​ Так, 100%.

—​ Пасьля гэтых дамоўленасьцяў з Расеяй на найбліжэйшую пэрспэктыву, па меншай меры да канца падатковага манэўру, наколькі актуальнай застаецца тэма дывэрсыфікацыі паставак нафты, яе закупкі ў іншых краінах? Ці будзе працягвацца гэтая праца?

—​ Вядома, прэзыдэнт дакладна паставіў задачу, каб урад абсалютна ўсе напрамкі адпрацоўваў і ня зьніжаў градус гэтых кансультацый. Мы гэта ўсё працягваем, у тым ліку і з Казахстанам. Па транспарціроўцы ўжо пытаньне вырашанае. У іх былі складзены ўсе экспартныя кантракты — у канцы сьнежня пачалася ўся гэтая эпапэя. Гэта значыць, каб зараз нешта вылучаць для нас, ім трэба пераглядаць экспартны партфэль. Але яны гэтым займаюцца і абяцаюць, што нейкі абʼём для Беларусі яны зьбяруць.

Камэнтар аналітыка Юрыя Дракахруста:

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Віцэ-прэмʼер Дзьмітры Круты канстатаваў у сёньняшнім інтэрвію, што яго заява пра ўсясьветную цану для Беларусі была да пэўнай ступені палітыка-эканамічнай мэтафарай. БелТА ў камэнтары да сёньняшняга інтэрвію адзначыла, што яго неабходнасьць выкліканая рэакцыяй экспэртаў і СМІ на словы віцэ-прэмʼера пра «сусьветныя цэны».

Пасьля сёньняшніх тлумачэньняў стала зразумела, што віцэ-прэмʼер меў на ўвазе сусьветную цану мінус экспартнае мыта, якое з Беларусі, як з чальца мытнага саюзу, расейскія кампаніі не спаганяюць.

У Расеі адбываецца падатковы манэўр, памер экспартнага мыта зьніжаецца, але яно застаецца даволі значным. Паводле Крутога ў выніку цана нафты для Беларусі і летась складала і сёлета будзе складаць 83-85% ад усясьветнай. А зусім не супадаць зь ёй, як можна было падумаць на падставе яго заявы 9 лютага, пасьля перамоваў у Сочы.

Адзіны спрэчны момант у нафтавай праблеме — гэта прэмія расейскім нафтавым кампаніям. Менск лічыць, што яна эканамічна неабгрунтаваная. Памер яе складае 10 даляраў за тону. У студзені сусьветная цана расейскай нафты складала 449 даляраў за тону. 10 даляраў на тоне — гэта 2.2% ад сусьветнай цаны.

Заява Крутога, што цана сёлета складзе 83-85% як раз і азначае «вілку» на памер прэміі: калі атрымаецца дамовіцца на пастаўкі без прэміі, цана складзе 83% ад сусьветнай, калі прэмію давядзецца ўсё ж плаціць, то 85%, на 2 адсоткавых пункты, г. з. на тыя самыя 10 даляраў на тоне, вышэй.

Пры пакупцы 24 мільёнаў тонаў у год (што прадугледжана папярэднімі плянамі) ў выпадку выплаты прэміі дадатковыя выдаткі Беларусі складуць 240 мільёнаў даляраў.

Віцэ-прэмʼер Круты ў інтэрвію БЕЛТА даў зразумець, што магчыма Беларусь купіць сёлета істотна менш нафты, чым летась. У 2019 годзе яна купіла 18 мільёнаў тонаў, пры гэтым на ўнутранае спажываньне пайшло каля 6 мільёнаў тонаў. Астатнія 12 мільёнаў тонаў былі перапрацаваныя, нафтапрадукты — экспартаваныя.

Сёлета, паводле Крутога, Беларусь купіць нафты толькі на ўнутраныя патрэбы і на выкананьне «мінімальных экспартных кантрактаў».

Мы таксама папрасілі эканамічную экспэртку Тацьцяну Манёнак патлумачыць сытуацыю, якая склалася з 6 мільёнамі тонаў нафты, мыта за экспарт якой Расея ў 2017-2019 гадах пераводзіла ў бюджэт Беларусі.

— Летась нафта на «перамытненьне» для Беларусі складала 6 мільёнаў тонаў. А сёлета колькі складзе?

Тацьцяна Манёнак
Тацьцяна Манёнак

— Сёлета яе няма. Ужо падлічаныя страты ў бюджэце ад скасаваньня «перамытненьня». Гэта 426 мільёнаў даляраў выпадзеньня даходаў бюджэту. Таму ў нас сёлета ўпершыню за 7 гадоў дэфіцытны бюджэт.

— Летась расейцы паставілі Беларусі 24 мільёны тонаў нафты. Зь іх 18 мільёнаў рэальна, фактычна пайшлі ў Беларусь — яна іх спажывала і перапрацоўвала. І яшчэ 6 мільёнаў былі на «перамытненьне». Яны можа фізычна і не траплялі ў Беларусь. Беларусь атрымлівала экспартнае мыта на гэты абʼём нафты.

— Так, гэтыя 6 мільёнаў тонаў і не траплялі ў Беларусь. Яны прадаваліся ў трэція краіны, Беларусь атрымлівала з бюджэту РФ суму мыта на гэты абʼем.

— Напрыканцы 2019 году быў складзены індыкатыўны балянс гандлю нафтай паміж Беларусьсю і РФ. Гэта папярэдні разьлік патрэбаў Беларусі і магчымасьцяў расейскіх нафтавых кампаніяў. Ён складае на 2020 год 24 мільёны тонаў. Дык гэтыя 24 мільёны тонаў Беларусь жыўцоў, рэальна атрымае?

— Ня факт. Колькі захоча, столькі і атрымае. На колькі дамовіцца, столькі і атрымае. 24 мільёны — гэта максымум.

— Пытаньне пра гэтае выпадзеньне даходаў. Калі 6 мільёнаў ішлі на «перамытненьне», Беларусь атрымлівала з бюджэту РФ экспартнае мыта на гэты абʼём. Зараз Беларусь гэтыя 6 мільёнаў тонаў атрымае рэальна, за іх заплаціць, іх перапрацуе і прадасьць бэнзін, скажам, у Ратэрдам. Яна ж таксама атрымае ад гэтага даход.

— Зразумела, атрымае. Але ёсьць розьніца паміж мытам на нафту і на нафтапрадукты. Мыта на сырую нафту вышэйшае. Так што бюджэт ад страты «перамытненьня» атрымае менш.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG