Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выхад з саюзу з Расеяй — гэта амаль гарантаваная вайна», — палітоляг


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас таварыскага хакейнага матча ў Сочы, 7 лютага 2020
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас таварыскага хакейнага матча ў Сочы, 7 лютага 2020

Галоўная рэдактарка інтэрнэт-выданьня «Наше мнение» Валерыя Касьцюгова распавядае, чаму, на яе думку, апазыцыйныя партыі маюць абавязак браць удзел у выбарах, і тлумачыць, якая ідэя (антырасейская) можа ў гэтую выбарчую кампанію стаць галоўнай тэмай і для ўладаў, і для апазыцыі

Сьцісла:

  • Няма лепшай працэдуры для праймэрыз, чым тая, якую прапанавалі.
  • Апазыцыя абавязаная выстаўляць кандыдатаў, якія будуць прадстаўляць тую частку грамадзтва, якую ўлада ня хоча чуць.
  • І Лукашэнка, і правацэнтрысцкая кааліцыя асноўную лінію кампаніі бачаць як антырасейскую.

— З улікам цяперашніх палітычных абставін як вы ацэньваеце ідэю апазыцыі распачаць працэдуру «праймэрыз» для вызначэньня адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах?

— Мне здаецца, яна цалкам адпавядае перадвыбарнай сытуацыі ў Беларусі і стану апазыцыі і грамадзтва. У тым сэнсе, што наўрад ці гэтыя выбары будуць «лёсавызначальнымі», бо апазыцыя ў такіх рэжымах, як беларускі, ня можа перамагчы на выбарах. Прынамсі, пакуль не стварыліся ўмовы для таго, каб незадавальненьне ўладамі і падтрымка апазыцыі пачалі насіць масавы характар.

Валерыя Касьцюгова
Валерыя Касьцюгова

У такой сытуацыі, я б сказала, апазыцыя абавязаная выстаўляць кандыдатаў, якія будуць прадстаўляць тую частку грамадзтва, якую ўлада ня хоча чуць і ня хоча зь ёй лічыцца. Палітычныя сілы абавязаныя данесьці думку гэтых людзей і прадставіць іх.

— Як можна ацаніць больш канкрэтна менавіта той мэханізм «праймэрыз», які быў абраны стваральнікамі гэтай працэдуры? А менавіта — тыя працэнты, якія аддадзеныя інтэрнэт-галасаваньню, сустрэчам у рэгіёнах і кангрэсу дэмакратычных сілаў. Ужо выказваліся меркаваньні, што партыйным актывістам у гэтай схеме аддадзены надта вялікі «кантрольны пакет».

— Я ведаю гэту крытыку. Але не магу сказаць, што разумею, як можна было зрабіць гэтую працэдуру лепшай. Я бачу, што так ці іначай гэта працуе, прэса цікавіцца ўдзельнікамі праймэрыз. Звычайна нават незалежная прэса даволі мала піша пра дзеяньні апазыцыі, але цяпер мы бачым, што працэдура праймэрыз прыцягвае большую ўвагу прэсы.

— Крытыка працэдуры гучыць у такім аспэкце, што калі б было проста галасаваньне ў інтэрнэце — гэта было б больш дэмакратычна і справядліва.

— Трэба разумець, што арганізатары праймэрыз фармуюць каманду будучага кандыдата, якая будзе займацца ўласна самой прэзыдэнцкай кампаніяй, а тая кампанія запатрабуе даволі шмат асабістых намаганьняў. Яны гатовыя за гэтую кандыдатуру зьбіраць подпісы, стаяць у пікетах, нават рызыкаваць сваёй свабодай. Зразумела, што вага іхніх галасоў павінна быць некалькі большая, чым у публікі, якая толькі прагаласуе за нейкую кандыдатуру і нават ня факт, што потым паставіць за яе подпіс.

— Падаецца, што ў гэтым выбарчым цыклі як ніколі раней гучна чуваць галасы тых, хто выступае за ігнараваньне выбараў (ня будзем казаць байкот). Ці гэта толькі ўражаньне ад палітызаваных сацыяльных сетак, ці сапраўды гэтым разам прыхільнікаў няўдзелу больш, чым звычайна? Калі няма дакладных сацыялягічных дадзеных, мы можам абапірацца толькі на ўскосныя адчуваньні.

— Мы можам яшчэ абапірацца на факты. Я нязгодная, што цяпер прыхільнікаў няўдзелу больш, чым раней. Бо раней былі кампаніі, калі з заклікам да няўдзелу выступалі самі палітыкі. На гэтых выбарах мы такіх заклікаў ня чуем ні ад кога, акрамя КХП-БНФ. То бок усе арганізаваныя палітычныя сілы, якія маюць актывістаў, усе ўдзельнічаюць і не выказваюцца за ігнараваньне выбараў.

Што тычыцца асабістых уражаньняў ад колькасьці галасоў за няўдзел у сацсетках — цяжка сказаць. Гэта залежыць ад настройкі стужкі. У мяне няма такога ўражаньня, што іх стала больш.

— Як бы вы адказалі на пытаньне, чаму апазыцыйныя палітыкі павінны браць удзел у гэтай выбарчай кампаніі?

— Я ўжо казала, што фактычна гэта іхні абавязак. Яны прадстаўляюць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў, тых, хто падзяляе іхнія каштоўнасьці. І гэтыя людзі нідзе ня ўлічваюцца, ніяк не прадстаўленыя ні на якім узроўні ўлады. Для сымпатызантаў тых партый, якія вылучаюць адзінага, гэтае пытаньне «прадстаўленасьці» на агульнанацыянальным узроўні вельмі важнае.

Але відавочна, што ёсьць людзі, якія расчараваныя мінулымі паразамі і не хацелі б зноў абнадзеіцца і зноў расчаравацца. Новыя надзеі ўзьнікаюць кожную кампанію фактычна самі па сабе. Такія людзі хацелі б пазьбегнуць новага расчараваньня і таму выступаюць супраць удзелу ў выбарах.

— Як бы вы ацанілі пазыцыі іншых удзельнікаў апазыцыйнага поля — найперш, «Гавары праўду» і «Справядлівы сьвет»? Яны не бяруць удзелу ў агульных праймэрыз, але ці могуць яны самастойна сабраць подпісы?

— Электарат у гэтых палітычных сілаў — вельмі розныя людзі. Правацэнтрысцкая кааліцыя арыентаваная на цьвёрды прадэмакратычны электарат, які настроены дастаткова рашуча і хацеў бы, каб ягоныя сьветапоглядныя каштоўнасьці былі дамінуючымі ў краіне.

Тут ёсьць умова выхаду з усіх саюзаў з Расеяй. Яна вельмі рызыкоўная. Усе лічбы дасьледаваньняў наконт грамадзкіх настрояў кажуць, што ў Беларусі няма масавага жаданьня выходзіць з саюзаў з Расеяй. Гісторыя паказвае, што выхад з саюзу з Расеяй — гэта фактычна гарантаваная вайна. Дзьве краіны паспрабавалі гэта зрабіць і атрымалі гэта.

Ёсьць людзі (і іх шмат у краіне), якія хацелі б зусім іншай палітычнай плятформы. Калі я правільна разумею плятформу «Справядлівага сьвету», то яны арыентуюцца на электарат, які лічыць, што ў нас дзяржаўны капіталізм і нам трэба больш сацыялізму. То бок больш сацыяльнай абароны, менш арыентацыі на даходы і прыбытак. І гэтыя людзі таксама хацелі б быць прадстаўленыя на агульнанацыянальным узроўні.

У «Гавары праўду» электарат, мяркую, іншы. Думаю, там размова ідзе аб лібэралізацыі эканамічнай палітыкі, дэмакратызацыі, зьмякчэньні нораваў. Але яны не гатовыя да разрыву адносін з Расеяй і не гатовыя да таго, каб процістаяць уладам на Плошчы. Бо, будзем шчырымі, кандыдат, які вылучаецца ад правацэнтрысцкай кааліцыі, фактычна, падаецца, будзе абавязаны заклікаць на Плошчу.

— Прэзыдэнцкая кампанія заўсёды мела нейкую скразную ідэю. Дэвізы і лёзунгі, зь якімі апазыцыя ішла ў кампаніі, потым так ці іначай неяк уплывалі на палітыку ўладаў. Якую ідэю вы б палічылі самым патрэбным, папулярным дэвізам гэтай кампаніі?

— Я ўвесь час нашага інтэрвію кажу аб прадстаўленасьці інтарэсаў самых розных людзей, ня ўлічаных дзяржавай. Шмат сацыяльных групаў, чые інтарэсы зусім не прадстаўленыя. Я думаю, гэта магла б быць галоўная тэма кампаніі.

Але не. Выглядае, што пакуль і Лукашэнка, і правацэнтрысцкая кааліцыя асноўную лінію кампаніі бачаць як антырасейскую. Здаецца, менавіта гэта і стане загалоўкам кампаніі, і, вядома, паўплывае на разьвіцьцё краіны пасьля выбараў.

Я маю на ўвазе, што інтэграцыйныя адносіны з Расеяй і так разьвіваюцца ў сэнсе «рэгрэсіўнай інтэграцыі». У сэнсе — мы ўсё больш самастойная краіна, і Расея ўсё больш самастойная краіна. І калі гэты трэнд будзе падтрыманы падчас выбарчай кампаніі, то, відавочна, на наступныя 5 гадоў ён атрымае дадатковы імпульс.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG