Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясьніковіч расказаў, што будзе ў стратэгіі інтэграцыі, якую Лукашэнка хоча падпісаць у траўні


Міхаіл Мясьніковіч, архіўнае фота
Міхаіл Мясьніковіч, архіўнае фота

«Не дапусьціць нават элемэнтаў, накіраваных на дэзынтэграцыю».

Аляксандар Лукашэнка 27 лютага сустрэўся з экс-прэм’ерам Беларусі, а цяпер старшынём калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі Міхаілам Мясьніковічам.

Лукашэнка анансаваў падпісаньне ў траўні бягучага году інтэграцыйнага дакумэнту аб ЭАЭС (Эўразійскі эканамічны саюз, у які ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Расея) — стратэгіі інтэграцыі да 2025 году. Пры тым ён жорстка раскрытыкаваў ЭАЭС, у якім «учынілі нейкую валакіту і важданіну, якая даходзіць да мардабойства», а саюз будаваць не пачалі.

«Калі не, ня трэба пудрыць адзін аднаму мазгі, — прапанаваў Лукашэнка. — Кожны будзе шукаць свой кірунак разьвіцьця і думаць, дзе яму быць».

Мясьніковіч, як піша БелТА, сказаў, што Лукашэнка сам зьвярнуў увагу на тое, што «мы ня мусім дапусьціць нават элемэнтаў, накіраваных на дэзынтэграцыю». Маўляў, ЭАЭС трэба «на ўсіх узроўнях умацоўваць».

Як умацаваць ЭАЭС. Вэрсія Мясьніковіча

Стратэгія, якую плянуюць прыняць у траўні, адзначыў Мясьніковіч, адрозьніваецца ад папярэдніх дакумэнтаў, бо зьмяшчае «вельмі вялікі блёк канкрэтных пытаньняў».

«Стратэгія прадугледжвае ліквідацыю бар’ераў і перашкод ва ўнутраным гандлі, — перадае БелТА словы Мясніковіча. — Прэзыдэнт падтрымаў маю прапанову, каб, можа быць, за адзін раз прыняць рашэньне аб тым, што ўсе краіны скасоўваюць бар'еры і абмежаваньні і даюць устаноўкі ўрадам ня спараджаць новых. Але гэта можа быць рашэньне толькі кіраўнікоў дзяржаваў».

Ён дадаў, што цяпер у ЭАЭС «практычна адсутнічае» агульны фінансавы рынак, у гандлі «маса бар’ераў і канфіскацыяў», «узьнікаюць рознага кшталту рэгулятары» — «і фармуецца нэгатыўная сацыяльная думка, што саюз нічога ня робіць».

Сярод праблемаў ЭАЭС Мясьніковіч згадаў:

  • гандаль алькаголем і тытунем;
  • пытаньні транзыту людзей;
  • пытаньні трубаправодаў, паветранага і аўтамабільнага транспарту;
  • розныя тарыфы на прапампоўку газу;
  • «надуманая» неабходнасьць маркіроўкі тавараў;
  • праз маркіроўку — зьяўленьне пасярэднікаў, «якія спараджаюць новыя бар’еры»;
  • невыкананьне рашэньняў палітыкаў «на экспэртным узроўні».

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG