Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Судовы канвэер» працягнуўся: 60 сутак і звыш 14 000 рублёў за акцыі супраць інтэграцыі

абноўлена

Пратэст супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй у Менску, 29 сьнежня 2019 году, ілюстрацыйнае фота

У Менску 10 студзеня маюць працягнуцца суды над удзельнікамі акцый у падтрымку незалежнасьці Беларусі і супраць інтэграцыі з Расеяй, якія адбыліся 7, 8, 20 і 21 сьнежня 2019 году.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», на 10 студзеня заплянавана ня менш за 19 судоў за акцыі пратэсту, «Прававая ініцыятыва» называе яшчэ тры працэсы над удзельнікамі акцыяў. Павал Севярынец, які толькі раніцай выйшаў на волю пасьля 15 сутак арышту, апоўдні зноў мае пайсьці на суд.

Усіх іх судзяць паводле адміністрацыйнага артыкулу аб «парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў». Частка 1 таго артыкулу прадугледжвае папярэджаньне, штраф да 30 базавых велічыняў (810 рублёў) або адміністрацыйны арышт да 15 сутак. Частка 3 («паўторна цягам году») — штраф ад 20 да 50 базавых (540–1350 рублёў).

Вядома пра такія прысуды:

  • Павал Севярынец30 сутак арышту (два разы па 15 сутак), ч.3 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя Вера Галакова, сам Севярынец не прыйшоў на суд, быў вызвалены з-пад мінулага арышту за 5 гадзінаў да разгляду справы.
  • Зьміцер Казлоў (блогер, вядомы ад псэўданімам «Шэры кот») — 15 сутак арышту, ніякія дэталі суду невядомыя, сам Казлоў знаходзіўся пад арыштам. Яшчэ адзін суд над ім павінен быў прайсьці 10 студзеня ў Менску, працэс перанесены на 27 студзеня.
  • Сяргей Ціханоўскі (блогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни») — 15 сутак арышту, ч.1 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя Аляксандр Мохараў.
  • Ніна Багінская — 1350 рублёў, ч.3 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя Аляксандар Сяргей, сама Багінская не прыйшла на суд.
  • Сьвятлана Каваленка — 2700 рублёў, ч.3 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя Натальля Дзядкова.
  • Вольга Кавалькова — 1350 рублёў, ч.3 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя Вера Галаўкова.
  • Марына Адамовіч — 1350 рублёў, ч.3 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя Юлія Шут.
  • Юрась Губарэвіч — 810 рублёў, ч.1 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя Анастасія Лейкоўская.
  • Юрась Беленькі — 810 рублёў, ч.1 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя Сьвятлана Чараповіч.
  • Ігар Лялькоў — 810 рублёў, ч.1 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя Натальля Дзядкова.
  • Даніла Лаўрэцкі — 810 рублёў, ч.1 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя Юлія Шут.
  • Галіна Лагацкая — 810 рублёў, ч.1 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя Ганна Ігнацьева, сама Лагацкая не прыйшла на суд.
  • Андрэй Рогаў — 810 рублёў, ч.1 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя Максім Трусевіч.
  • Ірына Цап — 810 рублёў, ч.1 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя Юлія Шут.
  • Эдуард Пальчыс — 810 рублёў, ч.1 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя Аляксей Кісьляк.
  • Вольга Быкоўская — 675 рублёў, ч.1 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя Алена Жуковіч.
  • Натальля Стрэльчанка — 675 рублёў, ч.1 арт. 23.34 КаАП, суд Дубровенскага раёну.
  • Ганна Шапуцька — 540 рублёў, ч.1 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя Аляксандар Барысёнак.
  • Уладзімер Арлоў540 рублёў, ч.1 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя Аляксей Кісьляк.

Справу журналісткі Дзіяны Серадзюк адправілі на дапрацоўку: яна сьцьвярджала, што была ў гэты час у знаёмай у іншай частцы гораду, што пацьвердзіў яе муж і тая знаёмая, а супрацоўнік АМАП быў упэўнены, што пазнаў яе на Кастрычніцкай плошчы ў час акцыі. Суд над Вячаславам Сіўчыкам перанесены на нявызначаны тэрмін, бо падсудны знаходзіцца за мяжой.

Ніна Багінская ў судзе Першамайскага раёну Менску — кажа, прыйшла ненадоўга, на свой працэс заставацца ня будзе
Ніна Багінская ў судзе Першамайскага раёну Менску — кажа, прыйшла ненадоўга, на свой працэс заставацца ня будзе

«Фактычна мяне судзілі за карагод, — пракамэнтаваў вынік суду актывіст «Моладзевага блёку» Даніла Лаўрэцкі, які зьбіраецца абскардзіць пастанову. — За тое, што я браў удзел у карагодзе вакол ёлкі на Кастрычніцкай плошчы. Фота з гэтага карагоду было адзіным доказам супраць мяне, а маіх сьведак суд выслухаць не пажадаў. А мае словы, што ў мітынгу я ня браў удзел, суд не ўлічыў».

Суды пачаліся яшчэ ў канцы 2019 году — штрафаў прысудзілі на ня менш як 16 тысяч рублёў, 11 актывістаў сустрэлі Новы год за кратамі. Працэсы аднавіліся 8 студзеня, за дзень прысудзілі штрафаў ня менш як на 6885 рублёў, 9 студзеня — на больш як 33 тысячы рублёў.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG