Кампанія #BY_help абвясьціла збор сродкаў на дапамогу аштрафаваным і арыштаваным удзельнікам акцыяў супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі.
У Беларусі грошы можна ахвяраваць праз сайт MolaMola.by, з-за мяжы — на PayPal-рахунак alaksiej.lavoncyk@tol.org. Пра іншыя спосабы пераводу грошай могуць расказаць праз пошту alaksiej.lavoncyk@tol.org або праз паведамленьні на старонцы ў Facebook.
Кампанія абяцае, як і раней, даваць дэталёвыя справаздачы пра тое, куды пайшлі грошы.
Грошы патрэбны ня толькі на аплату штрафаў (іх сума ўжо перавысіла 50 тысяч рублёў), але і на аплату за арышты. У кампаніі мяркуюць, што сума штрафаў можа дасягнуць і 80 тысяч рублёў.
Кампанія паўстала ў 2017 годзе пасьля затрыманьняў удзельнікаў «Маршаў недармаедаў». Тады на штрафы і кампэнсацыі арыштаў ім і ўдзельнікам маршу на Дзень Волі сабралі 55 тысяч даляраў. Збор сродкаў зноў пачалі ў 2018 годзе ў сувязі са «справай БелТА» — тады сабралі яшчэ 5500 даляраў.