Севярынцу прысудзілі яшчэ 30 сутак пасьля 5 гадзін на волі

абноўлена
Павал Севярынец і жонка Вольга, сын Францішак, архіўнае фота
Павал Севярынец і жонка Вольга, сын Францішак, архіўнае фота

Сустаршыню Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі двойчы асудзілі 10 студзеня на 15 сутак арышту (сумарна — 30 сутак) за акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі. Гэта адбылося ў судзе Савецкага раёна Менску праз 5 гадзінаў пасьля таго, як ён выйшаў на волю пасьля мінулых 15 сутак арышту.

Павал Севярынец пасьпеў трапіць дамоў пасьля арышту. На суд ён не пайшоў. Ён расказваў, што ў ізалятары яго паднялі яшчэ ўначы і загадалі зьбіраць рэчы. Ён думаў, што так рыхтуюць да наступнага суду і новых «сутак». Але высьветлілася, што ў тэрмін зьняволеньня залічылі пяць гадзінаў затрыманьня 18 сьнежня, калі «здымалі на камэру папярэджаньні пра дзяцей і ялінку».

На суды 10 студзеня Павал Севярынец у суд не зьявіўся. На працэсе прысутнічала ягоная маці Тацяна Севярынец. Дзьве справы паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у мітынгах 20 і 21 сьнежня разглядала судзьдзя Вера Галаўкова.

Раней у раскладзе было пазначана, што адну са справаў будзе разглядаць судзьдзя Аляксандар Воўк. Аднак потым, фактычна перад пачаткам працэсу, расклад памянялі і абедзьве справы перадалі Галаўковай. Яны разглядаліся хутка, адна за адной.

У суд зьявіўся толькі адзін сьведка, міліцыянт Віталь Івашкоў. Другі міліцыянт не прыйшоў «праз занятасьць на службе».

Паводле сьведкі, Севярынец яму «вядомы як апазыцыйны лідэр». Івашкоў расказаў, што падсудны ўдзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі супраць інтэграцыі, выкрыкваў «Жыве Беларусь» і «Ганьба», «заклікаў грамадзянаў». На плошчы было каля 200 чалавек. Міліцыянт таксама спаслаўся на трансляцыю «Белсату».

Судзьдзя адзначыла, што Севярынец зрабіў правапарушэньні паўторна цягам году, і ў справе ёсьць дакумэнт, згодна зь якім дазвол на мерапрыемства не даваўся.

Маці Севярынца спытала судзьдзю:

«А ці трэба браць дазвол, каб бараніць краіну?»

Пастанова пра новыя суткі для Паўла Севярынца, паводле судзьдзі, «падлягае неадкладнаму выкананьню, але можа быць абскарджана ў Менскі гарадзкі суд ці суд Савецкага раёна цягам пяці сутак ад часу атрыманьня яе копіі».

10 сьнежня Паўла Севярынца судзілі ў дзьвюх адміністрацыйных справах за ўдзел у мітынгах супраць інтэграцыі з Расеяй. Акрамя арышту Севярынцу раней прысудзілі штрафы ў 1275 і 1350 рублёў (на другі суд яго не даставілі з арышту). Ён сустрэў за кратамі і дзень народзінаў (30 сьнежня палітыку споўнілася 43 гады), і Новы год, і Раство.

Цягам 10 студзеня маюць прайсьці яшчэ два дзясяткі судоў над удзельнікамі сьнежаньскіх пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй, якія адбыліся 7, 8, 20 і 21 сьнежня 2019 году.

Суды пачаліся яшчэ ў канцы 2019 году — штрафаў прысудзілі на ня менш як 16 тысяч рублёў, 11 актывістаў сустрэлі Новы год за кратамі. Працэсы аднавіліся 8 студзеня, за дзень прысудзілі штрафаў ня менш як на 6885 рублёў, 9 студзеня — на больш як 33 тысячы рублёў.

Севярынец не апошні з арыштаваных за пратэсты сьнежня-2019, хто выйшаў на волю: яшчэ чакаецца вызваленьне Стаса Шашка і Алеся Чахольскага (10 студзеня), Максіма Ўрбановіча (11 студзеня).

Акрамя таго, 9 студзеня меў выйсьці на волю пасьля 15 сутак арышту блогер Дзьмітры Казлоў (вядомы як «Шэры кот»), але яго ня выпусьцілі — прысудзілі яшчэ 15 сутак. Таксама за дзень да меркаванага вызваленьня адбыўся суд над блогерам Сяргеем Ціханоўскім (канал «Страна для жизни») — яму таксама прысудзілі яшчэ 15 сутак.

​
XS
SM
MD
LG