Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто сустрэне Новы год за кратамі, бо пратэставаў супраць паглыбленьня інтэграцыі


Пратэст супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй у Менску, 20 сьнежня 2019 году. На фота: Павал Севярынец, які сустрэне Новы год за кратамі, і чалавек у строі Дзеда Мароза
Пратэст супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй у Менску, 20 сьнежня 2019 году. На фота: Павал Севярынец, які сустрэне Новы год за кратамі, і чалавек у строі Дзеда Мароза

За акцыі ў абарону незалежнасьці Беларусі за апошнія дні прысудзілі звыш 16 тысячаў рублёў штрафаў. Прынамсі 11 чалавек асуджаныя на адміністрацыйны арышт.

Новы год за кратамі сустрэнуць:

  • Яўген Афнагель (актывіст «Эўрапейскай Беларусі») — выйдзе на волю 2 студзеня — 15 дзён арышту, судзьдзя невядомы.​
  • Максім Вінярскі (актывіст «Эўрапейскай Беларусі») — выйдзе на волю 2 студзеня — 15 дзён арышту, судзьдзя невядомы.
  • Леанід Кулакоў (актывіст «Эўрапейскай Беларусі») — выйдзе на волю 6 студзеня — 10 дзён арышту і штрафы на 2550 рублёў, судзьдзя Анастасія Ляйкоўская.
  • Павал Севярынец (сустаршыня аргкамітэту партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя) — выйдзе на волю 10 студзеня — 15 дзён арышту, судзьдзя Сяргей Шаціла.
  • Дзяніс Урбановіч (кіраўнік «Маладога фронту») — выйдзе на волю 2 студзеня — 15 дзён арышту, судзьдзя на гэты момант невядомы.
  • Максім Урбановіч (актывіст «Маладога фронту») — выйдзе на волю 11 студзеня (чакаюцца яшчэ два суды) — 15 дзён арышту, судзьдзя невядомы.
  • Сяргей Ціханоўскі (блогер, Youtube-канал «Страна для жизни») — выйдзе на волю 11 студзеня — 15 дзён арышту, судзьдзя Алена Шайн.
  • Алесь Чахольскі (адказны сакратар управы КХП-БНФ) — выйдзе на волю 10 студзеня — 15 дзён арышту, судзьдзя невядомы.
  • Стась Шашок (актывіст Legalize Belarus) — выйдзе на волю 10 студзеня — 15 дзён арышту, судзьдзя Тацяна Мотыль.

Усе, акрамя Ціханоўскага, адбываюць кару ў менскім цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (можна пісаць на адрас 1-ы завулак Акрэсьціна, д. 36, 220089, г. Менск). Ціханоўскі — у гомельскім ізалятары часовага ўтрыманьня (Міжгародняя вул., д. 26, 246027, г. Гомель).

Можа сустрэць Новы год за кратамі

  • Зьміцер Казлоў (блогер, Youtube-канал «Серый кот») — асуджаны на невядомы тэрмін, знаходзіцца ў ізалятары ў Воршы, чакаецца яшчэ адзін суд.


Выйдзе на волю 31 сьнежня

  • Алена Талстая (сустаршыня Руху салідарнасьці «Разам») — асуджаная на 5 дзён арышту і 1275 рублёў штрафу, судзьдзя Тацяна Мотыль.

Акрамя таго, некалькі судоў за акцыі пратэсту адкладзеныя на студзень — судзіць маюць у тым ліку пісьменьнікаў Уладзімера Арлова і Ўладзімера Някляева, мовазнаўцу і дыплямата Пётру Садоўскага, старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова ды іншых.

31 сьнежня адбудуцца суды над Максімам Урбановічам і Андрэем Хранковым.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG