Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды за пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй адклалі на студзень. Урбановіча і Хранкова будуць судзіць 31 сьнежня

абноўлена

Пратэст супраць інтэграцыі з Расеяй у Менску, 7 сьнежня
Пратэст супраць інтэграцыі з Расеяй у Менску, 7 сьнежня

У судах Менску 30 сьнежня судзяць удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту супраць «паглыбленьня інтэграцыі» з Расеяй. Усіх іх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія адбыліся 7 і 8 сьнежня. У некаторых судах абвясьцілі перапынкі на некалькі гадзінаў, некаторыя адклалі на 31 сьнежня, а некаторыя і на наступны год.

У Цэнтральным раёне адносна Максіма Ўрбановіча, які ўжо адбывае 15 сутак за пратэсты, мелі прайсьці яшчэ два працэсы: адзін перанесьлі на 9 студзеня, другі — на 12.20 31 сьнежня, піша «Вясна». Разгляд справаў старшыні АГП Мікалая Казлова, мовазнаўцы Пятра Садоўскага, актывістаў Алены Янушкоўскай, Ганны Шапуцькі, Андрэя Шарэнды і Юрыя Татура перанесьлі на 9 студзеня. Высьветлілася, што ў пратаколе супраць Садоўскага на далучаным фота зусім іншы чалавек, паседжаньне суду было спынена. Суды над Андрэем Хранковым адклалі на 31 сьнежня і 9 студзеня. Таксама ў Цэнтральным раёне мелі судзіць актывіста Аляксея Сюдака, вынік невядомы.

Суд Ленінскага раёну перанёс разгляд справаў Барыса Дуброўскага, Натальлі Ладуцькі, Ганны Шапуцькі, Барыса Анікеева і Віктара Кавалькова (айцец Вікенцій) на 9 студзеня, Уладзімера Някляева, Уладзімера Арлова і Зьмітра Казлова — на 10 студзеня. Прычыны пераносу — адсутнасьць падсудных ці сьведак. У Ленінскім раёне таксама мелі судзіць​ Андрэя Кудзіка, супраць яго склалі 2 пратаколы, вынік невядомы.

Уладзімер Някляеў у судзе
Уладзімер Някляеў у судзе

Праваабаронцы, якія сочаць за справамі супраць удзельнікаў акцый у падтрымку незалежнасьці, выказваюць думку, што ў Ленінскім судзе атрыманы загад зацягваць гэтыя працэсы.

У Заводзкім раёне мелі судзіць Валера Рабцава, вынік невядомы.

За што судзяць?

У сьнежні ў Менску прайшло некалькі акцый пратэсту супраць інтэграцыі. На іх асобных удзельнікаў завялі адміністрацыйныя справы за парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Агулам за 26 і 27 сьнежня ўдзельнікаў акцый аштрафавалі на 16 322 рублі. Асобных удзельнікаў акцыі аштрафавалі на 5–15 сутак. Некаторыя сустрэнуць Новы год «на сутках».​

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG