Крыніцы РБК: Масква і Менск адклалі рашэньне пра наднацыянальныя органы

Акцыя ў Менску супраць інтэграцыіі з Расяй 21 сьнежня 2019.
Акцыя ў Менску супраць інтэграцыіі з Расяй 21 сьнежня 2019.

Узгадненьне 31-й «дарожнай мапы» па інтэграцыі Расеі і Беларусі, якая прапануе стварэньне наднацыянальных органаў, адкладзена на наступны этап абмеркаваньня, піша РБК са спасылкай на свае крыніцы. Іншыя мапы ўзгодненыя.

Падпісаньне 31-й «дарожнай мапы» па інтэграцыі адкладзена на наступны этап абмеркаваньня, распавялі РБК дзьве крыніцы, знаёмыя з хадой перамоваў. Адказваючы на пытаньне РБК, прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў пацьвердзіў, што ўзгоднены ўсе карты, акрамя адной, але і без яе ўзгадненьня можна пачынаць працу па іншых пытаньнях. «Безумоўна, можна (пачаць рэалізацыю ўзгодненых дарожных мапаў. — РБК), і відавочна, што праца ўжо будзе весьціся», — сказаў Пяскоў.

23 сьнежня на сустрэчы з журналістамі прэм’ер Дзьмітрый Мядзьведзеў абвясьціў аб тым, што Масква і Менск узгаднілі праграму паглыбленай эканамічнай інтэграцыі, прапісанай у адпаведных мапах. Да гэтага было вядома, што ўсяго іх 31. Аднак перайсьці да выкананьня апошняй мапы, па словах Мядзьведзева, можна будзе пасьля выкананьня ўсіх папярэдніх. Яна прадугледжвае стварэньне наднацыянальных органаў, адзінага эмісійнага цэнтра і ўвядзеньне адзінай валюты, паведаміў прэмʼер.

Гэта не супадае з публічнай пазыцыяй Менску, які катэгарычна адмаўляўся абмяркоўваць стварэньне наднацыянальных структур, хоць яны і прадугледжаны дамовай аб стварэньні саюзнай дзяржавы ад 1999 году, якая ляжыць у аснове цяперашніх перамоваў аб паглыбленай інтэграцыі, адзначае РБК.

​
XS
SM
MD
LG